«Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, — вось ілюстрацыя беларускага правасуддзя»

13 сакавіка 2023, 08:39
«Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, — вось ілюстрацыя беларускага правасуддзя»

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

3 сакавіка 2023 г.

Сёння суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд чацвярым праваабаронцам — сябрам Праваабарончага цэнтра "Вясна", прызнаўшы іх вінаватымі ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці і кантрабандзе — незаконным перасоўванні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў, здзейсненым арганізаванай групай, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе:

  • лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў пазбаўлення волі;

  • сябру Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў пазбаўлення волі;

  • юрысту і каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў пазбаўлення волі;

  • сябру "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў пазбаўлення волі (завочна),

а таксама штрафы ў памеры ад 3000 да 5000 базавых велічынь (111–185 тысяч беларускіх рублёў (37– 62 тысячы еўра)) кожнаму, спагнаўшы з іх дадаткова да гэтага яшчэ 752 тысячы беларускіх рублёў.

З гэтай нагоды мы заяўляем, што ПЦ "Вясна" ажыццяўляе выключна мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека. Мы катэгарычна не прымаем любога ціску і пераследу сябраў нашай арганізацыі і іншых праваабаронцаў за ажыццяўленне падобнай дзейнасці, расцэньваючы гэта як палітычна матываваны пераслед.

Мы падкрэсліваем, што беларускімі ўладамі створаныя непрымальныя ўмовы для дзейнасці праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый. На сённяшні дзень у краіне не засталося ніводнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" быў пазбаўлены рэгістрацыі раней, што ў сукупнасці з адмовай у паўторнай рэгістрацыі двойчы было расцэнена Камітэтам па правах чалавека ААН як парушэнне права на свабоду аб'яднанняў. Гэтая акалічнасць пазбаўляла праваабаронцаў любых магчымасцяў выконваць празмерныя патрабаванні недэмакратычных законаў, што рэгулююць дзейнасць НДА.

Мы ўпэўненыя, што сапраўдным матывам пераследу нашых калегаў і сяброў з'яўляецца іх дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабод, нашая агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі барацьба за перамогу дэмакратычных каштоўнасцяў і ідэй.

Судовы разгляд, праведзены з надзвычай грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага правасуддзя, яшчэ раз яскрава сведчыў пра палітычны характар пераследу праваабаронцаў. Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, якія атрымалі сусветнае прызнанне, — вось красамоўная ілюстрацыя характару беларускага правасуддзя, што адправіла за краты толькі на працягу апошніх двух гадоў больш за паўтары тысячы палітвязняў.

Мы нагадваем пра тое, што ў зняволенні таксама знаходзяцца каардынатарка Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфа Рабкова, юрыст гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк.

  • Мы, сябры ПЦ "Вясна", выказваем рашучы пратэст з нагоды працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці;

  • Мы патрабуем неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка, а таксама спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Час вызвалення — цяпер! Маніфест з нагоды Дня палітвязняў
21 мая 2025, 14:14
Час вызвалення — цяпер! Маніфест з нагоды Дня палітвязняў
Вызваленне палітычных зняволеных — гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і праяўленне чалавечнасці.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Сітнікаў і іншыя)
21 мая 2025, 14:03
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Сітнікаў і іншыя)
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Анатоль Змітровіч і іншыя)
20 мая 2025, 13:58
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Анатоль Змітровіч і іншыя)
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ала Пучынская і іншыя)
19 мая 2025, 13:55
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ала Пучынская і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Алу Пучынскую, Мікіту Лосіка, Аляксея Кайдаша, Алега Лойку, Аляксандра Гардзеенку, Ганну Багінскую, Вольгу Аляксееву.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці