Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі
Гэты дакумент уяўляе сабой звод прафесійных і этычных прынцыпаў, якія вызначаюць патрабаванні да праваабаронцы і яго прафесійнай дзейнасці. Ён заснаваны на маральных крытэрыях і традыцыях праваабарончай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама на міжнародных стандартах і правілах праваабарончай дзейнасці.
Мэтай гэтых прынцыпаў з'яўляецца стварэнне ў праваабарончай супольнасці адказнай карпаратыўнай культуры, што, з улікам сацыяльнай значнасці праваабарончай дзейнасці, будзе спрыяць павышэнню грамадскага даверу і павагі да праваабарончай супольнасці. Прытрымліванне дадзеных прынцыпаў з'яўляецца маральным абавязкам кожнага праваабаронцы.
У сваѐй праваабарончай дзейнасці мы грунтуемся на Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, Дэкларацыі ААН аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпах па абароне праваабаронцаў АБСЕ і іншых універсальных прынцыпах, нормах і стандартах.
Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў распаўсюджваюцца на ўзаемаадносіны праваабаронцаў паміж сабой, з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, з дзяржаўнымі органамі, з міжнароднымі арганізацыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, іншымі прафесійнымі супольнасцямі, сродкамі масавай інфармацыі.
Дакумент распаўсюджвае сваё дзеянне на беларускія праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў у індывідуальнай якасці і адкрыты для далучэння.
Праваабаронцамі з'яўляюцца тыя асобы, групы і органы грамадства, якія, дзейнічаючы мірнымі сродкамі індывідуальна і/ці сумесна з іншымі, ажыццяўляюць, заахвочваюць і/ці абараняюць правы чалавека і асноўныя свабоды на мясцовым, нацыянальным і/ці міжнародным узроўнях. Яны прызнаюць універсальнасць правоў чалавека для ўсіх без якога-небудзь адрознення.
У сваёй дзейнасці мы прытрымліваемся наступных прынцыпаў:
1. Прыхільнасць ідэі ўніверсальнасці правоў чалавека
Прызнанне, выкананне і абарона правоў чалавека і асноўных свабод вызначаюць асноўны сэнс і змест праваабарончай дзейнасці. Міжнароднапрызнаныя правы чалавека носяць ўсеагульны характар, а выкарыстанне асаблівасцяў нацыянальнай прававой сістэмы альбо сацыякультурных асаблівасцяў грамадства для абгрунтавання парушэння правоў чалавека недапушчальна.
Мы кіруемся ў сваёй дзейнасці тым, што ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды ўніверсальныя, непадзельныя, узаемазалежныя і ўзаемазвязаныя і павінны заахвочвацца і ажыццяўляцца на справядлівай і раўнапраўнай аснове без усялякай дыскрымінацыі і ўрону для ажыццяўлення кожнага з гэтых правоў і свабод.
2. Недыскрымінацыя
Праваабаронцы не прымаюць у сваѐй дзейнасці дыскрымінуючых падыходаў або выказванняў у дачыненні да ўсіх людзей або груп і імкнуцца да няўхільнага выкаранення ўсялякай дыскрымінацыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Усе ахвяры парушэння правоў чалавека павінны мець роўны доступ да дапамогі праваабаронцаў незалежна ад іх полу, узросту, расы, нацыянальнасці, рэлігійнай прыналежнасці, сэксуальнай арыентацыі, маѐмаснага становішча, пасады, роду і характару заняткаў, месца пражывання, мовы, палітычных і іншых перакананняў, iншых існуючых паміж імі адрозненняў. Праваабаронцы не аддаюць перавагі якім-небудзь прафесійным або сацыяльным групам альбо грамадскім арганізацыям.
3. Самастойнасць, незалежнасць і самакіравальнасць
Пры ажыццяўленні праваабарончай дзейнасці праваабаронцы самастойна вызначаюць дапушчальныя характар, формы і ступень узаемадзеяння з дзяржавай, яе службовымі асобамі, палітычнымі партыямі і іншымі суб'ектамі, прыватнымі кампаніямі і іншымі інстытутамі, у тым ліку міжнароднымі, замежнымі і нацыянальнымі арганізацыямі.
Праваабаронцы імкнуцца да ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага дыялога з названымі суб'ектамі, безумоўна, выключаючы падпарадкаванне мэты абароны правоў чалавека іншым інтарэсам і не дапускаючы ўмяшальніцтва звонку ў змест і скіраванасць праваабарончай дзейнасці.
Указанае палажэнне не выключае для праваабаронцаў магчымасці каардынацыі сваёй дзейнасці з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, праваабаронцамі і іншымі суб'ектамі.
Арганізацыя дзейнасці ў праваабарончых арганізацыях ажыццяўляецца на падставе дакументаў, якія рэгламентуюць іх дзейнасць, сыходзячы з добраахвотнасці, агульнасці інтарэсаў, мэтаў і задач арганізацыі, павагі да правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратычнага прыняцця рашэнняў.
4. Адкрытасць і празрыстасць
Мы імкнемся ў сваѐй дзейнасці да максімальнай адкрытасці і празрыстасці для грамадства і дзяржавы і выступаем за празрыстасць і адкрытасць сваіх праваабарончых задач, структуры і дзейнасці без парушэння бяспекі мэтавых груп.
Праваабаронцы рэгулярна публічна прадастаўляюць інфармацыю пра сваю праваабарончую дзейнасць для павышэння ўзроўню даверу з боку партнѐраў, грамадскасці і дзяржавы.
5. Сумленнасць, максімальная дакладнасць і аб'ектыўнасць
Праваабаронцы робяць усё магчымае, каб ажыццяўляць сваю дзейнасць бесстаронне i грунтаваць сваю пазіцыю на дакладных і аб'ектыўных дадзеных. Мы распаўсюджваем толькі правераную і праўдзівую інфармацыю.
У практычнай дзейнасці ўстрымліваемся ад паводзінаў, якія б маглі выклікаць сумневы ў аб'ектыўным выкананні сваіх прафесійных абавязкаў, а таксама пазбягаем канфліктных сітуацый, якія могуць нанесці шкоду рэпутацыі праваабаронцаў.
Праваабаронцы з павагай ставяцца да дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, а таксама аказваюць садзеянне ў атрыманні дакладнай інфармацыі і павышэнні дасведчанасці грамадства пра праваабарончую дзейнасць.
6. Негвалтоўнасць
Мы лічым гвалт недапушчальным для дасягнення нашых мэтаў. У сваёй дзейнасці праваабаронцы не звяртаюцца да гвалту і пагрозы гвалтам.
7. Дабрачыннасць дапамогі і некамерцыйны характар дзейнасці
Мэтай дзейнасці праваабаронцаў не з'яўляецца атрыманне прыбытку. Праваабарончая дапамога (прававая, кансультацыйная, інфармацыйная, медыцынская, псіхалагічная і іншая) прадастаўляецца ахвярам парушэнняў правоў чалавека на бясплатнай аснове. Праваабарончыя арганізацыі імкнуцца прыцягваць валанцёраў.
8. Добрасумленнасць і адказнасць
Праваабаронцы адказныя за вынікі сваёй дзейнасці і належнае выкананне сваіх прафесійных задач.
Праваабаронцы імкнуцца выключаць дзеянні, звязаныя з уплывам якіх-небудзь асабістых, маёмасных (фінансавых) і іншых інтарэсаў, якія перашкаджаюць добрасумленнаму выкананню праваабарончай дзейнасці, выконваць правілы дзелавых паводзінаў і зносін, выяўляць карэктнасць і ўважлівасць ў стасунках з калегамі, дзелавымі партнёрамі і ахвярамі парушэння правоў чалавека.
9. Салідарнасць і супрацоўніцтва праваабаронцаў
Праваабаронцы абменьваюцца інфармацыяй, супрацоўнічаюць адзін з адным і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для дасягнення агульных мэтаў на аснове прынцыпаў добрасумленнага партнёрства, узаемапавагі і ўзаемадапамогі.
У выпадку неправамернага пераследу праваабаронцы, групы праваабаронцаў альбо праваабарончай арганізацыі салідарная абарона і акцыі падтрымкі з'яўляюцца прыярытэтам дзейнасці іншых праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый.
10. Павага да прыватнага жыцця і годнасці
Праваабаронцы паважаюць чалавечую годнасць кожнага і выконваюць правы грамадзян, у тым ліку права на прыватнае жыццѐ. Праваабаронцам неабходна падтрымліваць з ахвярамі парушэння правоў чалавека сумленныя і даверлівыя адносіны, пры зносінах з імі выяўляць ветлівасць, тактоўнасць і добразычлівасць, не дапускаць дзеянняў, якія зневажаюць іх гонар і годнасць альбо дыскрымінуюць іх. Праваабаронцы ўстрымліваюцца ад дзеянняў, якія цягнуць за сабой пагаршэнне становішча ахвяры парушэння правоў чалавека і выкарыстоўваюць найбольш эфектыўныя і перспектыўныя сродкі прававой абароны для кожнага.
11. Канфідэнцыйнасць і абарона персанальных дадзеных
Праваабаронцы не разгалошваюць канфідэнцыйную інфармацыю, якую маюць ў сваім распараджэнні, і прымаюць меры па абароне персанальных дадзеных асоб, якія да іх звяртаюцца. Праваабаронцы не маюць права выкарыстоўваць у асабістых мэтах інфармацыю, атрыманую ў сувязі з ажыццяўленнем праваабарончай дзейнасці.
Да канфідэнцыйнай інфармацыі адносіцца:
- факт звароту, інфармацыя пра асоб, якія звярнуліся для кансультацый, прававой дапамогі або абароны, адпаведныя акалічнасці дадзенай справы і дакументы, якія тычацца гэтай справы, а таксама аб'ём і формы дапамогі, якая прадастаўляецца, калі такая асоба не дала згоды на раскрыццё гэтай інфармацыі;
- інфармацыя, якая можа нашкодзіць супрацоўнікам, валанцёрам, партнёрскім арганізацыям;
- іншая інфармацыя, якая прадстаўляецца на ўмовах неразгалошвання.
Канфідэнцыйная інфармацыя можа быць раскрытая толькі са згоды асобы, якая звярнулася па дапамогу.
Мы зыходзім з таго, што дзяржава не павінна ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць праваабаронцаў і абавязана выконваць канфідэнцыйнасць стасункаў іх з тымі, каму яны аказваюць прававую дапамогу.
12. Прафесіяналізм
Праваабаронцы імкнуцца ўдасканальваць свае прафесійныя веды і практычны вопыт, выконваць свае абавязкі на высокім прафесійным узроўні.
13. Спрыянне дзяржаве і іншым суб'ектам у абароне правоў чалавека
Праваабаронцы імкнуцца спрыяць дзяржаве і іншым суб'ектам у абароне і прасоўванні правоў чалавека і для гэтага ўзаемадзейнічаюць у сваѐй дзейнасці з імі. Узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі ажыццяўляецца на прынцыпах сацыяльнага партнѐрства, каштоўнасці раўнапраўнага дыялогу пры захаванні самастойнасці і свабоды дзеянняў пры адстойванні правоў і свабод чалавека.
14. Незалежнасць ад палітычных партыяў
Мы імкнемся да палітычнай нейтральнасці і прытрымліваемся бесстароннасці, якая выключае магчымасць уплыву на праваабарончую дзейнасць рашэнняў палітычных партый. Кіраўнікі праваабарончых арганізацый не могуць быць сябрамі кіруючых органаў палітычных партый.
15. Канфлікт інтарэсаў
Канфлікт інтарэсаў уяўляе сабой супярэчнасць паміж маёмаснымі і іншымі інтарэсамі праваабаронцы, у тым ліку якія вынікаюць з яго ўдзелу ў дзейнасці палітычных партыяў, якая можа пацягнуць адмоўныя наступствы для праваабарончай дзейнасці, праваабарончай арганізацыі, іншага праваабаронцы, ахвяры парушэння правоў чалавека.
Праваабаронцы не павінны дапускаць ўцягнутасці ў сітуацыю патэнцыйнага альбо рэальнага канфлікту інтарэсаў. У праваабарончых арганізацыях павінна быць прадугледжана публічная працэдура пераадолення канфлікту інтарэсаў. Пры вырашэнні канфлікту інтарэсаў у аднолькавай ступені паважаюцца і ўлічваюцца інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў.
Тлумачальная запіска
Мэта нацыянальнага праваабарончага руху (1) - усебакова спрыяць фармаванню ў Беларусі такой мадэлі стасункаў паміж дзяржаўнай уладай і індывідам, пры якой дасягаліся б найбольшая павага да чалавечай годнасці, выкананне правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з універсальнымі міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і прававой дзяржавы.
Гэта азначае, што, апроч пабудовы дэмакратычных інстытутаў у краіне, надзвычай важна забяспечыць, каб асобы, якія працуюць у праваабарончай сферы, прытрымліваліся пэўных прафесійных і этычных стандартаў. Неабходнасць стварэння схемы самарэгулявання ў праваабарончым сектары Беларусі зыходзіць як з унутраных патрэбаў арганізацый для павышэння эфектыўнасці працы, так і з усведамлення важнасці павышэння даверу і аўтарытэту праваабаронцаў у грамадстве.
У гэтай сувязі група праваабарончых арганізацый вырашыла распрацаваць стандарты этыкі і паводзінаў для праваабаронцаў - «Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі» - і стварыць эфектыўныя механізмы прадстаўлення грамадскасці дадзенага дакумента. Распрацоўваючы этычныя прынцыпы праваабаронцаў Беларусі, група распрацоўшчыкаў грунтавалася на міжнародным вопыце стварэння схем самарэгулявання ў грамадскіх арганізацыях, а таксама ўлічвала ўмовы, у якіх працуюць беларускія праваабаронцы.
Праект дакумента абмяркоўваўся на шасці фокус-групах з удзелам больш чым сямідзесяці беларускіх праваабаронцаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія прадстаўлялі больш за 20 арганізацый, ці ўдзельнічалі ў працэсе стварэння дакумента ў асабістай якасці.
Дакумент прызначаны для беларускіх праваабарончых арганізацый, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных, іншых грамадскіх аб'яднанняў, ініцыятыўных груп, структур грамадзянскай супольнасці і іх кааліцый, асобных грамадзян і іншых суб'ектаў, якія абараняюць і прасоўваюць агульнапрызнаныя правы чалавека.
1. Стратэгія беларускага праваабарончага руху. Прынята II Беларускім праваабарончым форумам. (25.09.2010, г. Вільнюс).