30 студзеня 2007 года ў Вільні адбыўся першы сход заснавальнікаў Дома - васьмі беларускіх праваабарончых арганізацый і Фонду Дамоў правоў чалавека. БДПЧ увайшоў у міжнародную Сетку Дамоў правоў чалавека.
Дата ўстаноўчага сходу стала афіцыйным адлікам пачатку дзейнасці Дома; а ідэя стварэння БДПЧ з'явілася яшчэ ў 2001 годзе — калі большасць недзяржаўных арганізацый Беларусі была знішчаная працэдурай "перарэгістрацыі". Тады не ацалела ніводная праваабарончая арганізацыя.
Беларускі дом правоў чалавека быў задуманы як выспа свабоды для беларускіх праваабаронцаў: месца для праваабарончых трэнінгаў, семінараў, імпрэзаў; і менавіта ў Вільні — бо ў Беларусі ладзіць такія сустрэчы было небяспечна і фактычна немагчыма.
З 2012 года Дом носіць імя Барыса Звозскава, беларускага праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння БДПЧ і які ўдзельнічаў у дзейнасці Дома з першых яго дзён і да свайго заўчаснага сыходу.
Канкрэтныя праекты і дзеянні БДПЧ, скіраваныя на ажыццяўленне місіі, рэалізуюцца ў межах чатырох стратэгічных напрамкаў:
адвакацыя ў сферы правоў чалавека;
адукацыя ў сферы правоў чалавека;
нарошчванне патэнцыяла і ўмацаванне праваабаронцаў і іх арганізацый, інстытуцыянальнае будаўніцтва;
абарона праваабаронцаў і падтрымка ахвяраў рэпрэсій.
Сярод дасягненняў Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава можна назваць наступныя:
БДПЧ аказвае экспертную падтрымку ў сферы праваабароны і лічбавай бяспекі для беларускіх НДА і міжнародных арганізацый;
БДПЧ стала надае паслугі, запатрабаваныя праваабаронцамі і ахвярамі палітычных рэпрэсій (прытулак, непасрэдная дапамога і падтрымка, арганізацыя сустрэчаў і прапанова памяшканняў для іх, пераклады важных дакладаў і зваротаў у міжнародныя органы і т.д.);
БДПЧ з’яўляецца пляцоўкай для камунікацыі і каардынацыі праваабарончых арганізацый і ініцыятываў Беларусі;
намаганні БДПЧ па міжнароднай адвакацыі паўплывалі на рашэнне аб увядзенні і працягненні мандата спецдакладчыка ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі;
больш за 120 юрыстаў, адвакатаў, праваабаронцаў навучаныя прымяненню міжнародных стандартаў у сваёй дзейнасці.
Мы працуем у дэмакратычнай краіне, дзе створаныя спрыяльныя ўмовы для дзейнасці праваабарончых арганізацый; дзе грамадзянская супольнасць удзельнічае ў прыняцці рашэнняў на дзяржаўным узроўні.
Правы чалавека – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі; створаныя эфектыўныя механізмы абароны правоў чалавека.
Праваабарончыя арганізацыі кансалідаваныя, маюць аўтарытэт і супрацоўнічаюць з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі дзяржавы, бізнэса, выкарыстоўваюць свой уплыў для змены сітуацыі з правамі чалавека ў рэгіёне.