Умацаванне патэнцыяла

Праца праваабарончых арганізацый Беларусі вельмі абмежаваная сталымі пагрозамі: прававыя нормы (фактычная немагчымасць зарэгістравацца; дазвольны прынцып атрымання замежнага фінансавання) прыводзяць да таго, што праваабарончыя арганізацыі дзейнічаюць па-за прававым полем. У такіх умовах арганізацыям складана ўзмацняць патэнцыял і развівацца інстытытуцыянальна без падтрымкі звонку. Нягледзячы на гэта, праваабарончыя арганізацыі не толькі працягваюць працу, але і зацікаўленыя ва ўзмацненні ўласнага патэнцыяла, як аднога з элементаў, які спрыяе развіццю ўнутранай дэмакратыі, і ў развіцці партнёрскіх дачыненняў ў праваабарончым сектары.
Умацаванне патэнцыяла

Адна з мэтаў працы Беларускага дому правоў чалавека – павелічэнне патэнцыялу і ўмацаванне праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Для гэтага БДПЧ прапануе арганізацыям конкурсы грантаў, трэнінгі па напісанні праектных заявак, кансультацыі па пытаннях арганізацыйнай дзейнасці, тэхнічную падтрымку; ладзіць рэгулярныя сустрэчы для каардынацыі супольнай дзейнасці і планаў праваабарончай супольнасці; прасоўвае Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі і Падыход, заснаваны на правах чалавека; штогод ладзіць Прэмію праваабарончай супольнасці; разам з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” БДПЧ валодае “Тэрыторыяй правоў” – памяшканнем для публічных і закрытых сустрэчаў, выставаў, семінараў, якое знаходзіцца ў Мінску.

Праваабарончы форум

Праваабарончыя форумы ладзяцца з 2004 года, і, пачынаючы з 2010 года, БДПЧ з’яўляецца асноўным арганізатарам гэтага мерапрыемства. З таго ж моманту форумы ладзяцца раз на тры гады дзеля ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, абмеркавання праблем праваабарончага руху, пытанняў камунікацыі і супрацы, абмена досведам і пазітыўнымі практыкамі.

Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці

Гэтай прэміяй, заснаванай у 2008 годзе, беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае лепшага праваабаронцу года, лепшага журналіста года, лепшага адваката года (да 2015 г.) і з 2016 г. – лепшую праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года.

Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко.

Падрабязней на старонцы Прэміі

Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі

Ідэю скласці Кодэкс этыкі праваабаронцаў, ці Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў Беларусі не раз агучвалі праваабарончыя і грамадскія арганізацыі. І напрыканцы 2016 года пачалася, а ў 2017 годзе працягнулася супольная праца над іх складаннем.

БДПЧ ў стварэнні Прынцыпаў належала роля арганізатара; асноўную працу праводзіў Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Унікальны самарэгуляваны дакумент, Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў, быў прэзэнтаваны на IV Праваабарончым форуме; цяпер ён знаходзіцца ў адкрытым доступе, і да яго можа далучыцца любая праваабарончая арганізацыя і грамадская ініцыятыва. На сёння Кодэкс прынялі 24 арганізацыі.

Падрабязней на старонцы Прынцыпаў


Конкурс міні-праектаў

Штогод Беларускі дом правоў чалавека праводзіць конкурс міні-праектаў, накіраваных на абарону і прасоўванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў.

Мэта конкурса - кансалідацыя праваабарончай супольнасці: умацаванне і пашырэнне супрацы дзеля прасоўвання каштоўнасцяў праваў чалавека і абароны ахвяраў парушэння правоў чалавека, большай эфектыўнасці выканання міжнародных абавязкаў ў галіне правоў і свабод на нацыянальным узроўні.

Для арганізацый, якія хочуць удзельнічаць у конкурсе грантаў, Дом ладзіць трэнінгі па напісанні праектных заявак.

Каб даведацца пра чарговы конкурс або трэнінг, сачыце за навінамі на нашым сайце і на старонцы Дома ў Фэйсбуку.

Кансультацыі экспертаў

Беларускі дом правоў чалавека валодае шырокай сеткай кантактаў з экспертамі і можа запрасіць для вашай праваабарончай арганізацыі спецыяліста ў сферы арганізацыйнага развіцця для кансультацыі. Дзякуючы таму, што Дом каардынуе дзейнасць праваабарончай супольнасці Беларусі агулам, яму прасцей больш цэльна ўбачыць стан арганізацый і іх патрэбы ў павелічэнні патэнцыялу.


“Тэрыторыя правоў”

Калі ваша арганізацыя ці ініцыятыва жадае зладзіць прэзентацыю, ток-шоў, кінапаказ, правесці семінар, трэнінг, сэсію стратэгічнага планавання, арганізаваць выставу – і калі вы маеце патрэбу ў бяспечным памяшканні ў Мінску, для вас дзейнічае прастора “Тэрыторыя правоў”.

Пляцоўка не здаецца ў арэнду, а даецца бясплатна для правядзення падзеяў, звязаных з правамі чалавека і папулярызацыяй дэмакратычных каштоўнасцяў. Асноўнымі крытэрамі з'яўляюцца гуманізм, роўнасць і недыскрымінацыя.

Калі вы жадаеце зладзіць сустрэчу ў “Тэрыторыі правоў”, запоўніце заяўку на сайце пляцоўкі.


Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці