Праект «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (BISH)

Праект «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (BISH)

Апісанне

Праект «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. «Bring International Standards Home”) рэалізуецца з 2006 года.

Да 2017 года BISH быў часткай Праграмы Сеткі Дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» (скарочана – ILIA, ад англ. «International Law in Advocacy»), у якой удзельнічалі Дамы правоў чалавека і партнёрскія арганізацыі з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Украіны.

Праект BISH – гэта праграма дадатковай адукацыі дарослых, якая навучае міжнароднаму праву правоў чалавека ў аб'ёме, дастатковым, каб яго прафесійна прымянялі адвакаты, юрысты, праваабаронцы, супрацоўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі іншых прафесій і грамадскія актывісты.

Адукацыя, якую атрымліваюць выпускнікі праекта BISH, уключае, апрача іншага:

01

веданне сучасных канцэпцый міжнароднага права правоў чалавека і ўменне прымяняць іх у прафесійнай і сацыяльнай актыўнасці:

чаму міжнароднае права можна прымяняць на нацыянальным узроўні і як у судзе можна спасылацца на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах; што такое «мягкае права» і ці можа юрыст прымяняць не толькі міжнародныя дамовы, але і прынцыпы АБСЕ і рэзалюцыі ААН; як юрысты і праваабаронцы могуць «прынесці дадому» (у нацыянальнае заканадаўства і практыку) прынцыпы і нормы міжнароднага права;

02

навыкі прымянення міжнародных стандартаў правоў і свабодаў чалавека, інструментаў іх прававой абароны і прасоўвання на нацыянальным і міжнародным узроўні: як пісаць звароты і скаргі - ад мясцовых выканкамаў да Канстытуцыйнага суда; як прасоўваць правы чалавека асветніцкімі выступамі, артыкуламі ў СМІ і сацыяльных сетках; як напісаць зварот у Камітэт па правах чалавека ці спецдакладчыкам ААН;

03

уменне дадаваць культуру правоў чалавека і гуманістычныя каштоўнасці ў сваю працу: як ацэньваць жыццёвыя сітуацыі з пункту гледжання чалавека і яго годнасці; як заахвоціць кожнага чалавека выкарыстоўваць правы чалавека ў сваёй прафесіі, незалежна ад таго, чым ён займаецца; як разглядаць чалавека як мэту і ў праватворчасці, і ў правапрымяненні, а не наадварот; усведамляць сваю ролю і актыўна ўдзельнічаць у развіцці сучаснага грамадства, спрыяць захаванню агульначалавечых каштоўнасцяў;

04

унікальныя навыкі і інструменты камунікацыі, якія дазваляюць: будаваць аргументацыю, весці дыскусію і абараняць сваю пазіцыю з улікам меркавання апанента - у прававых дакументах, на прыёме ў чыноўніка, у публічным выступе, у артыкуле ці навуковай працы; а таксама абменьвацца ведамі і досведам з іншымі ўдзельнікамі і выпускнікамі з самых розных сфер грамадзянскай супольнасці, атрымаць кансультацыю экспертаў.

Мэты праекта

Мэты праекта: падвышэнне якасці абароны правоў чалавека ў Беларусі і ўмацаванне патэнцыяла арганізацый грамадзянскай супольнасці ў сферы прасоўвання і абароны правоў чалавека праз падвышэнне ўзроўня прафесійнай кваліфікацыі праваабаронцаў, у тым ліку адвакатаў і юрыстаў няўрадавых арганізацый.

Задачы праекта

  • фармаванне стаўлення да Канстытуцыі і да міжнародных дакументаў у сферы правоў чалавека як да інструментаў, якія дзейнічаюць непасрэдна ў нацыянальнай прававой сістэме і якія можна прымяняць для абароны і прасоўвання правоў чалавека;

  • пашырэнне прафесійных магчымасцяў, у тым ліку ў судовай абароне і рабоце з прадстаўнікамі дзяржавы, шляхам прымянення канцэпцыі і стандартаў правоў чалавека;

  • нарошчванне практыкі прымянення міжнародных стандартаў правоў чалавека і пазітыўнага досведу рэалізацыі правоў і свабодаў у Беларусі;

  • авалодванне кампетэнцыямі работы з нацыянальнымі і міжнароднымі органамі з мэтай абароны і прасоўвання правоў чалавека;

  • развіццё здольнасці актыўна абараняць і прасоўваць правы і каштоўнасці правоў чалавека;

  • фарміраванне ўменняў ажыццяўляць прававыя камунікацыі і асветніцкія дзеянні, скіраваныя на фармаванне культуры правоў чалавека ў прадстаўнікоў прафесійных груп, якія ўплываюць на рэалізацыю правоў чалавека, грамадзянскай супольнасці, грамадзян;

  • пабудова прафесійнай супрацы і камунікацыі з удзельнікамі, выпускнікамі, экспертамі і партнёрамі праграмы ILIA-By.

Навучальная праграма праекта

Навучальная праграма ўключае наступныя тэмы, дапоўненыя практычнымі заданнямі:

  • філасофія, асновы канцэпцыі і эвалюцыі правоў чалавека;

  • роля міжнароднага права ў прасоўванні і абароне правоў чалавека;

  • каталог правоў чалавека: міжнародна-прававыя дакументы і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;

  • культура правоў чалавека, этычныя/прафесійныя стандарты дзейнасці па абароне правоў чалавека;

  • праваабарончы рух: нацыянальны і міжнародны;

  • крытэры правамернага абмежавання правоў чалавека і адступленне ад правоў чалавека ў надзвычайных сітуацыях;

  • міжнародна-прававыя стандарты правоў чалавека: панятак, змест і функцыі;

  • стандарты асобных правоў чалавека: свабода мірных сходаў (арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных свабодах, далей Пакт), свабода асацыяцыі (арт. 22 Пакта), свабода выказвання меркавання (арт. 19 Пакта) і інш.;

  • нацыянальныя механізмы абароны правоў чалавека. Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь;

  • міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека: сістэма ААН, сістэма Савета Еўропы, АБСЕ;

  • імплементацыя: міжнароднае права ў нацыянальнай прававой сістэме;

  • дэ-факта імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека. Роля індывіда ў дэ-факта імплементацыі;

  • інструменты камунікацыі і дыялога, у тым ліку дыялектычны метад і яго прымяненне як інструмента публічнай дыскусіі і эфектыўнай камунікацыі;

  • падрыхтоўка эсэ/артыкула на праваабарончую тэму, з прымяненнем дыялектычнага метада;

  • падрыхтоўка зварота ў Канстытуцыйны суд;

  • аргументацыя неабходнасці прымянення міжнародных стандартаў у нацыянальнай практыцы пры звароце ў суд, дзяржаўны орган, у інфармацыйным паведамленні і т.д.;

  • падрыхтоўка зварота ў Камітэт па правах чалавека ААН;

  • планаванне і рэалізацыя дзеянняў у абарону грамадскіх інтарэсаў.

Эксперты праекта маюць навуковыя кампетэнцыі ў сферы міжнароднага права правоў чалавека і валодаюць досведам работы са стандартамі правоў чалавека: гэта навукоўцы, супрацоўнікі міжнародных органаў, няўрадавых арганізацый як беларускіх, так і міжнародных.

Дасягненні праекта BISH

З 2006 года прайшлі пяць адукацыйных цыклаў праекта: 2006-2008, 2009-2011, 2012-2014, 2015-2016, 2019-2020 гады. За гэты час былі навучаныя 108 выпускнікоў, з іх – 67 беларускіх і 2 украінскіх праваабаронцы, 39 юрыстаў і адвакатаў.

Дзякуючы ведам, набытым у праекце BISH, выпускнікі:

  • прымяняюць міжнародна-прававыя стандарты ў судовай абароне і пры звароце да дзяржаўных органаў;

  • накіроўваюць звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН;

  • рыхтуюць альтэрнатыўныя даклады ў міжнародныя органы;

  • рэалізуюць уласныя праваабарончыя праекты і аб'ядноўваюцца ў ініцыятывы;

  • вядуць стратэгічня цяжбы;

  • выконваюць аналітычныя даследаванні і публікуюць навуковыя артыкулы;

  • выкладаюць правы чалавека ў акадэмічнай і нефармальнай сістэмах адукацыі;

  • прасоўваюць і абараняюць правы чалавека ў грамадскіх кампаніях;

  • прафесійна працуюць з тэмай правоў чалавека ў сацыяльных медыя і іншых інфармацыйных прасторах;

  • выступаюць як міжнародныя эксперты, у тым ліку абараняючы праваабаронцаў розных краін;

  • працуюць у праваабарончых арганізацыях у Беларусі.

У межах ILIA-By публікуюцца навучальныя дапаможнікі і навуковыя зборнікі. Матэрыялы для іх рыхтуюць удзельнікі, выпускнікі і эксперты праекта BISH.

Выдадзеныя зборнікі:

Пасляадукацыйная дзейнасць (Follow-up)

Удзел у праекце BISH не сканчаецца з атрыманнем сертыфіката.

Выпускнікі могуць уключыцца ў пасляадукацыйную дзейнасць ILIA-By, якая адбываецца ў межах праекта Follow-up, і атрымаць магчымасць:

  • абменьвацца інфармацыяй і падвышаць кваліфікацыю: у адукацыйных семінарах, канферэнцыях, круглых сталах і трэнінгах, у тым ліку з замежнымі калегамі і экспертамі; на тэматычных сустрэчах выпускнікоў;

  • праходзіць стажыроўку ў беларускіх праваабарончых і іншых арганізацыях грамадзянскай супольнасці;

  • садзейнічаць міжнародным арганізацыям, у тым ліку ўдзельнічаць у адукацыйных і адвакацыйных візітах, рыхтаваць даклады і справаздачы, дакументаваць факты парушэння правоў чалавека, аналізаваць эфектыўнасць імплементацыі міжнародных абавязкаў у сферы абароны правоў чалавека;

  • карыстацца анлайн-рэсурсамі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» : www.ilia.humanrightshouse.org;

  • кансультавацца у экспертаў праекта пры падрыхтоўцы зваротаў у нацыянальныя і міжнародныя органы; пры рэалізацыі ўласных праваабарончых праектаў і ініцыятываў;

  • стаць часткай міжнароднай прафесійнай супольнасці і ўдзельнічаць у акцыях салідарнасці і падтрымкі;

  • супрацоўнічаць з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі іншых краін;

  • стаць экспертамі, цьютарамі ў адукацыйных праектах, увайсці ў склад нацыянальнай каманды Праекта.

Выпускнікі, каманда праекта і эксперты застаюцца на сувязі, абменьваюцца навінамі, аб'ядноўваюцца ў ініцыятывы для супольнай працы.

Выпускнікі праекта ўдзельнічаюць у навучальных візітах, арганізаваных партнёрскімі арганізацыямі ILIA. За час існавання праектаў прайшло пяць навучальных візітаў у Савет Еўропы (Страсбург, Францыя) і тры візіты ў праваабарончыя органы і інстытуцыі ААН: Савет па правах чалавека, Вярхоўны камісарыят па правах чалавека, Камітэт па правах чалавека і іншыя камітэты міжнародных органаў (Жэнева, Швейцарыя).

Выпускнікі праекта ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях, якія праходзяць у межах ILIA. Напрыклад, з 2014 па 2017 гады выпускнікі і эксперты праекта ўдзельнічалі ў канферэнцыях:

  • «Бясплатная прававая дапамога: выклікі і формы рэалізацыі» (люты 2014, Вялікі Ноўгарад, Расія);

  • «Адвакаты: абарона правоў чалавека і гарантыі прафесійнай дзейнасці» (чэрвень 2014, Вільнюс, Літва);

  • «Дадатковыя гарантыі і імунітэты для адвакатаў правоў чалавека» (люты 2015, Кішынёў, Малдова);

  • «40 гадоў імплементацыі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у нацыянальных прававых сістэмах Беларусі, Расіі, Польшчы, Нарвегіі, Украіны і Літвы: праблемы, дасягненні і перспектывы» (лістапад 2016, Вільнюс, Літва).

У чэрвені 2016 года выпускнікі ўдзельнічалі ў кансультацыях са спецдакладчыкам Савета па правах чалавека ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Монікай Пінта (Белград, Сербія). Гэтыя кансультацыі зрабілі істотны ўнёсак у абнаўленне стандартаў адвакатскай дзейнасці, і Моніка Пінта адлюстравала гэта ў сваім дакладзе Генеральнай Асамблее ААН 22 жніўня 2016 года.

У студзені 2018 года выпускнікі і эксперты праекта прынялі ўдзел у міжнародным навучальным візіце (Страсбург, Францыя), які ўключаў кансультацыі аб прававых гарантыях адвакатаў правоў чалавека ў асобных краінах, а таксама абмеркаванне пытанняў, важных для работы над Канвенцыяй «Аб прафесіі адваката». Канвенцыя распрацоўваецца ў Савеце Еўропы; у перспектыве да яе змогуць далучыцца і тыя дзяржавы, якія не ўваходзяць у Савет Еўропы.

Отзывы о проекте

Праект можна лічыць унікальным па некалькіх абгрунтаваннях: па-першае, акрамя гэтага праекта ніхто ў Беларусі не ажыццяўляе падобную дзейнасць па доўгатэрміновым комплексным навучанні і падтрымцы работы з міжнароднымі прававымі стандартамі.

Па-другое, праект закладае ўласны падмурак для ўстойлівасці і развіцця ў выглядзе стварэння сеткі і праграмы работы з выпускнікамі, што ўнікальна для праектаў беларускіх арганізацый. Пры дынамічным развіцці сеткі гэта можа пазітыўна паўплываць на развіццё праваабарончага сектару ў Беларусі.

Па-трэцяе, інавацыйным для Беларусі ёсць сувязь юрыдычнай і праваабарончай супольнасцяў, што дадае каштоўнасці ў праект і яго доўгатэрміновыя эфекты.

Андрэй Ягораў,

дырэктар і эксперт Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Праект «Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь у сферы грамадзянскіх правоў і свабодаў», ініцыяваны ў 2005 годзе супрацоўнікамі і энтузіястамі Сеткі Дамоў правоў чалавека, з'яўляецца яркім узорам інавацыйнай пляцоўкі адукацыі дарослых у сістэме нефармальнай адукацыі Беларусі.

Святлана Мацкевіч,

кансультант Праекта, эксперт у сферы адукацыі, кандыдат педагагічных навук

Праграма адкрыла для мяне новы ўзровень ведаў і магчымасцяў абароны. Будучы адвакатам, лічыў дарэмным зварот у міжнародныя органы. Сваю першую скаргу ў КПЧ, якую рыхтаваў да пачатку навучання, цяпер напісаў бы зусім іначай. Здзіўлены і зачараваны тым, што сярод адвакатаў ёсць найвышэйшага ўзроўню эксперты ў сферы міжнародных стандартаў.

Уладзімір Букштынаў,

выпускнік 3-га цыкла Праекта, праваабаронца; у мінулым працаваў у пракуратуры, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, быў адвакатам

Описание проекта BISH на русском языке

Навіны па тэме

Переходное правотворчество: кто и как создает законы для нового времени
10 кастрычніка 2024, 09:23
Переходное правотворчество: кто и как создает законы для нового времени
Лекция Екатерины Шульман (политолога, специалиста по законотворчеству) для беларусских правозащитников.
Новыя законы для новай Беларусі: як іх стварыць?
04 верасня 2024, 13:40
Новыя законы для новай Беларусі: як іх стварыць?
Паказваем на прыкладзе стварэньня новага закону аб адвакатуры.
«Прававы дэфолт – гэта няўстойлівая канструкцыя. Пераход да прававой дзяржавы будзе ў любым выпадку»
08 сакавіка 2024, 12:34
«Прававы дэфолт – гэта няўстойлівая канструкцыя. Пераход да прававой дзяржавы будзе ў любым выпадку»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава далучаецца да распрацоўкі рэформаў прававой сыстэмы пры пераходзе да прававой дзяржавы.
«Фармальная адукацыя ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі не выконвае сваіх функцыяў, ня вучыць зьместу правоў чалавека»
20 снежня 2023, 12:46
«Фармальная адукацыя ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі не выконвае сваіх функцыяў, ня вучыць зьместу правоў чалавека»
17 і 18 лістапада 2023 года ў Вільні адбылася канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека, арганізаваная супольна Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Беларускім домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі шаснаццаці грамадзкіх арганізацыяў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці