Затрыманьне як пакараньне: чаму ў Беларусі трэба мяняць саму лёгіку правапрымяненьня

14 ліпеня 2025, 13:48
Затрыманьне як пакараньне: чаму ў Беларусі трэба мяняць саму лёгіку правапрымяненьня

Як вярнуць затрыманьню яго юрыдычны сэнс і спыніць яго выкарыстаньне як інструмэнта рэпрэсіяў – пераказваем артыкул навукова-практычнай лябараторыі ILIA-By BELIEVE.

У межах праграмы навучаньня правам чалавека ILIA-By дзейнічае праект пасьляадукацыйнай падтрымкі выпускнікоў, у тым ліку – экспэртна-аналітычная лябараторыя ILIA-By BELIEVE. У 2024–2025 гадах дасьледнікі Лябараторыі стварылі шэраг тэкстаў, прысвечаных рэформе беларускага заканадаўства. Гэтыя матэрыялы вы можаце прачытаць на старонцы праекта.

У гэтым артыкуле мы прапануем чытачу папулярны пераказ аднаго з дасьледаваньняў — аналіза праблемы затрыманьняў як працэсуальнага дзеяньня ў Беларусі: "Меры стрыманьня, зьвязаныя з пазбаўленьнем асабістай свабоды." Для тых, хто хоча вывучыць тэму глыбей, цалкам тэкст дасьледаваньня можна прачытаць па спасылцы.


 Як дзяржава ў Беларусі лёгка пазбаўляе чалавека свабоды — і чаму гэта лічыцца "нармальным" у грамадзтве

Беларускае грамадства гістарычна прызвычаілася да моцнага кантролю з боку дзяржавы. Гэтая звычка сфармавалася яшчэ ў часы СССР, калі дзяржава загадвала ня толькі як жыць, але і што думаць. І нават пасьля распаду Савецкага Саюзу сапраўдная дэмакратыя ў Беларусі так і не адбылася. Праз гэта людзі часам нават не пратэстуюць супраць парушэньня сваіх правоў.

Дасьледнікі Лябараторыі ILIA-By BELIEVE сьцьвярджаюць: цяперашняя сыстэма затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай у Беларусі зробленая так, каб зрабіць жыцьцё чалавека як мага больш безабаронным, а працу сілавікоў — як мага больш зручнай. Напрыклад, сьледчыя і супрацоўнікі КДБ маюць амаль поўны доступ да затрыманых і часта робяць зь імі непрацэсуальныя дзеяньні — гвалт, ціск, псыхалягічны прэсінг. Адвакацкая дапамога затрыманага часта заблякаваная ў самы крытычны момант — калі чалавека можна прымусіць даць "прызнальныя паказаньні".

Яшчэ адна праблема — няма практычна ніякай адказнасьці для тых, хто парушае правы затрыманых. Калі чалавека незаконна затрымалі — ён амаль ніколі не атрымае кампэнсацыі, а суды амаль не адмаўляюць у хадайніцтвах пра ўзяцьце пад варту. У выніку сьледчым і сілавікам зручна карыстацца гэтай формай ціску: чалавек у ізаляцыі — чалавек запалоханы і безабаронны.

Пасля 2020 года ўвесь сьвет убачыў маштаб адвольных затрыманьняў у Беларусі. Калі тысячы людзей выйшлі на мірныя акцыі пратэсту, многія з іх былі затрыманыя без падставаў, зьбітыя, пазбаўленыя права на справядлівы суд. З таго часу пра "адвольныя затрыманьні" гавораць ня толькі журналісты, але і міжнародныя арганізацыі: ААН, спэцыяльныя дакладчыкі па правах чалавека, працоўная група ААН па адвольных затрыманьнях.

Выснова адна: беларускія законы, якія павінныя абараняць чалавека ад незаконнага пазбаўленьня свабоды, самі зьяўляюцца глебай для парушэньняў.

Як у Беларусі працуюць затрыманьні і чаму гэта часта незаконна

Дасьледнікі ILIA-By BELIEVE прааналізавалі беларускія законы і тое, як на практыцы адбываюцца затрыманьні і ўтрыманьне пад вартай. Вынікі шакуюць.

  1. Затрымліваць чалавека ў Беларусі можна да 72 гадзін, а ў некаторых выпадках — да 10 сутак. Але гэта супярэчыць міжнародным стандартам, якія патрабуюць, каб затрыманага як мага хутчэй даставілі да суду.

  2. Прычыны для затрыманьня занадта размытыя. Іх фармулёўкі даюць уладам шырокія магчымасьці затрымліваць людзей "за ўсё і ні за што". Часта людзей затрымліваюць некалькі разоў запар — проста мяняюць артыкулы або пераходзяць з "адміністратыўкі" на "крыміналку".

  3. Адміністратыўныя арышты сталі інструментам утрыманьня людзей без абвінавачвання. Асабліва гэта стала масавым з 2020 года. Пакуль ідзе "адміністратыўны працэс", сілавікі цягнуць час, каб сабраць доказы — а чалавек у ізаляцыі, без абароны.

  4. Сваякі часта нават ня ведаюць, дзе знаходзіцца затрыманы. Дзяржава не дае інфармацыі, і гэта стварае глебу для катаваньняў, псыхалягічнага ціску і поўнай ізаляцыі.

  5. Рашэньні пра затрыманьне прымаюць самі сьледчыя і пракуроры. Суд не кантралюе гэтыя дзеяньні аўтаматычна — толькі калі чалавек пасьпее абскардзіць. Але абскардзіць затрыманьне складана, бо чалавек ужо пад вартай і пад ціскам. Судзьдзя, які скасуе рашэньне пракурора, аўтаматычна таксама ставіцца пад пагрозу ціска.

  6. Падаўжэньне тэрміну ўтрымання пад вартай таксама адбываецца без суду. І толькі постфактум можна паспрабаваць яго абскардзіць.

  7. Рашэньні пра ўзяцьце пад варту робяцца "па шаблоне". Сьледчыя проста цытуюць артыкулы закону, але не тлумачаць, чаму менавіта гэты чалавек можа ўцячы, паўплываць на сьледзтва ці зноў учыніць злачынства. Ніякіх доказаў або аналізу асабістай сітуацыі.

  8. Узяцьце пад варту стала руціннай практыкай. Гэта парушае баланс у судзе: дзяржава мае ўладу, абарона — амаль нічога.

  9. Людзей трымаюць пад вартай не таму, што трэба нешта расьсьледаваць. Часта сьледчыя нават не працуюць над справай, а затрыманьне — гэта сродак ціску, ізаляцыі і выключэньня чалавека з палітычнага або грамадзкага жыцьця.

  10. Першапачатковыя абвінавачваньні амаль нічога не тлумачаць. Яны агульныя і "дзяжурныя", а канкрэтнае абвінавачваньне чалавек даведваецца ўжо перад судом.

  11. Юрыдычная дапамога ў месцах ізаляцыі часта недасяжная. Чалавек застаецца сам-насам з рэпрэсыўнай машынай.

  12. Калі чалавека затрымалі неабгрунтавана — кампэнсацыю атрымаць амаль немагчыма. Бо для кампэнсацыі мусіць прызнаць сваю памылку той самы пракурор ці судзьдзя, што і даў загад на затрыманьне.

Міжнародныя стандарты: а як павінна быць?

Міжнародныя стандарты ў галіне абароны асабістай свабоды і недатыкальнасці асобы замацаваныя ў двух ключавых дакумэнтах міжнароднага права: Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП, 1966) і Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ, 1950).

1. Нельга садзіць чалавека проста так

Усе законы мусяць быць дакладна прапісаныя. Нельга пісаць "можна затрымаць, калі чалавек можа перашкаджаць". Такая фармулёўка дазваляе дзяржаве злоўжываць сілай. Калі чалавек затрыманы па незразумелых і выразна не сфармуляваных падставах — гэта парушэньне міжнародных нормаў.

2. Затрыманьне не павінна быць "проста так", “на ўсялякі выпадак”

Паводле міжнароднага права, нават калі затрыманьне фармальна зроблена "па законе", яно ўсё роўна можа быць незаконным, калі:
— несправядлівае,
— неабгрунтаванае,
— нечаканае,
— парушае прынцыпы чалавечнасьці.

Усё павінна быць не толькі па законе, але і рацыянальна, і з павагай да чалавека.

3. Чалавек мае права ведаць, за што яго забралі

Пры затрыманьні табе мусяць сказаць: за што цябе затрымліваюць. І хутка — а не праз тыдзень — павінныя патлумачыць, у чым абвінавачаньне. Прадстаўнікам дзяржавы пры затрыманьні нельга маўчаць аб ягоных прычынах, нельга прыдумваць абвінавачаньні "на хаду".

4. Суд мусіць адбыцца як мага хутчэй

Затрымалі? Цягам максымум 48 гадзін чалавек мусіць быць паказаны суду.І ня проста нейкаму чыноўніку — а менавіта незалежнаму судзьдзі, які не залежыць ад міліцыі ці пракурора. Гэта павінна адбывацца аўтаматычна — не трэба "прасіць суду". Гэта права чалавека, як і прысутнасьць на ўласным паседжаньні суду.

 5. Усе затрыманыя маюць права на абарону

Адвакат павінен дапускацца з самага пачатку. Абарона павінная бачыць дакумэнты справы. Бакі мусяць мець роўныя правы, суд мусіць быць незалежным. Без незалежнасьці суд — толькі яго імітацыя.

 6. Не трымаць пад вартай "для зручнасьці"

Калі чалавек ужо затрыманы, суд павінен хутка разгледзець справу па сутнасьці. Не трымаць чалавека месяцамі, бо “яшчэ не гатовыя дакумэнты”. Не трымаць яго ў статусе затрыманага, бо "няма свабодных сьледчых, якія могуць заняцца справаай". Гэта — не апраўданьне. Калі няма падставаў трымаць чалавека ў няволі, ён мусіць быць вызвалены. А суд мусіць шукаць іншыя меры, а не ўтрыманьне пад вартай “па змаўчаньні”.

7. Калі чалавека незаконна затрымалі, яму належыць кампэнсацыя

Так, кампэнсацыя за парушаныя правы — гэта частка права. І яна павінна быць рэальнай, а не дэкляраванай на паперы “рэабілітацыяй”, і выдадзенай у разумныя тэрміны.

Як затрымліваць людзей па законе, а не па звычцы

Што трэба зьмяніць у законе, каб спыніць адвольныя затрыманьні

Цяпер у Беларусі затрыманьне можа адбыцца з размытых прычынаў і без належнага тлумачэньня. Людзей бяруць пад варту нават у выпадках, калі гэта абсалютна непатрэбна для ходу расьсьледаваньня. У артыкуле прапануюцца канкрэтныя зьмены, якія дапамогуць зрабіць гэты працэс законным і празрыстым.

Калі сапраўды патрэбнае затрыманьне?

Затрыманьне павінна ўжывацца толькі ў тым выпадку, калі без яго немагчыма працягваць расьсьледаваньне. Напрыклад: чалавек падазраецца ў злачынстве, за якое пагражае больш за год пазбаўленьня волі і:

  • спрабаваў уцячы,

  • не ўдалося вызначыць яго асобу,

  • ён можа працягваць злачынствы,

  • можа перашкаджаць сьледзтву.

Таксама, калі асобу немагчыма ідэнтыфікаваць, яе можна затрымаць максымум на 12 гадзін — каб высьветліць асобу, і ня больш.

Што павінны тлумачыць пры затрыманьні?

Асобе павінны адразу патлумачыць:

  • прычыну затрыманьня,

  • што яна мае права маўчаць,

  • што ўсё, што яна скажа, можа быць выкарыстана супраць яе,

  • што яна мае права на адваката (у тым ліку бясплатнага).

  • Таксама чалавеку трэба даць магчымасьць:

  • патэлефанаваць адвакату або блізкім,

  • быць агледжаным незалежным мэдыкам (асабліва калі ёсьць сьляды гвалту),

  • атрымаць копію пратаколу затрыманьня з усімі падставамі, апісаньнем дзеяньняў і сьпісам правоў.

Хто і калі павінен праверыць законнасьць затрыманьня?

Не пазьней як праз 48 гадзін (а для непаўналетніх — 24 гадзіны) чалавек павінен быць дастаўлены да судзьдзі. Калі гэтага не адбываецца — яго павінны вызваліць. Усё, што адбываецца да суду, павінна быць дакумэнтавана, а само затрыманьне — пад пільным кантролем.

Таксама варта абмежаваць магчымасьць паўторнага затрыманьня за тое самае злачынства, калі няма новых фактаў. Гэта прадухіляе злоўжываньні.

Рэальная магчымасьць абскардзіць

У Беларусі пакуль няма эфэктыўнага мэханізму, каб чалавек мог абскардзіць сваё затрыманьне. Таму прапануецца:

·        даваць чалавеку блянк для скаргі падчас складаньня пратаколу,

·        забясьпечыць магчымасьць падаць скаргу праз адваката, супрацоўніка сьледзтва ці ізалятара,

·        перадаваць скаргу судзьдзі неадкладна.

У Літве, напрыклад, скаргу на затрыманьне разглядаюць на працягу 20 гадзін.

Адкуль гэтыя прапановы?

Аўтары артыкула аналізавалі законы Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Малдовы і Грузіі. Беларусь можа выкарыстаць гэты досьвед, каб спыніць злоўжываньні, забясьпечыць людзям іх правы і вярнуць давер да праваахоўнай сыстэмы.

Арышт – ня нешта “звычайнае”

Папярэдні арышт — гэта ня звычайная мера, а самая крайняя. Яе можна ўжываць толькі тады, калі ёсць рэальныя доказы, што чалавек можа схавацца, паўплываць на сьведкаў, зьнішчыць доказы ці ўчыніць яшчэ адно злачынства. Але аднаго падазрэньня недастаткова — патрэбныя канкрэтныя факты. І чым даўжэй чалавек пад арыштам, тым мацней павінны быць гэтыя доказы. А калі доказы ўжо сабраныя — навошта трымаць далей?

Сьледзтву для ўтрыманьня чалавека пад вартай не дастаткова сказаць, што злачынства цяжкае — гэта не падстава, каб трымаць чалавека ў турме. Суд абавязаны разгледзець усе асабістыя абставіны: здароўе, сям’ю, працу, мінулае. І спачатку трэба праверыць, ці не падыходзяць іншыя меры: заклад, электронны бранзалет, абмежаваньне выезду.

Рашэньне аб арышце прымае толькі суд

Падае хадайніцтва сьледчы, удзельнічае пракурор, але толькі суд вырашае, ці сапраўды арышт неабходны. Гэта мусіць быць адкрыты працэс — і для абароны, і для абвінавачаньня.

Арышт ня мусіць доўжыцца бясконца

Сьледчы арышт мусіць быць абмежаваны ў часе: напрыклад, максымум 9 месяцаў, і менш для непаўналетніх. Кожныя 30 дзён суд павінен правяраць: ці сапраўды яшчэ ёсьць падставы трымаць чалавека пад арыштам? Калі нічога не адбываецца, сьледзтва стаіць — суд павінен адпускаць арыштаванага чалавека. Усё гэта павінна існаваць, каб не перакладаць адказнасьць на чалавека, які ня мае сілы ўплываць на маруднасьць сыстэмы.

Калі абвінавачаньне зьмяняецца — трэба перагледзець меру стрыманьня

Сьледчы абавязаны не цягнуць, а ініцыяваць перагляд справы — бо арышт ня можа адбывацца за дзеяньні, якія ўжо не нясуць небясьпеку. Абарона павінна мець дастатковы доступ да ўсіх матэрыялаў справы.

Існуе права на абскарджваньне

Усе рашэньні пра арышт і яго працяг мусяць быць абскарджаныя ў кароткія тэрміны (напрыклад, 3 дні) з абавязковым удзелам затрыманага. І магчымасьць замены арыштнай меры на іншую павінна быць адкрытай заўсёды.

Асноўныя правілы пры затрыманьні і арышце

Хто даглядзіць дзяцей і пакорміць ката?

Калі чалавека затрымліваюць або бяруць пад варту, дзяржава абавязаная забясьпечыць дагляд за тымі, хто ад яго залежыць: дзеці, састарэлыя сваякі, жывёлы. Найперш, спытаць у затрыманага, каму ён давярае. Калі такога чалавека няма, дзяржава мусіць узяць гэта на сябе з моманту затрыманьня.

Хто кампэнсуе памылку сыстэмы?

Калі чалавека незаконна затрымалі або арыштавалі — яму належыць кампэнсацыя. І нават калі рашэньне фармальна было законным, але потым чалавека апраўдалі ці справу закрылі — дзяржава мусіць адказаць.

Прынцыпы павінныя быць агульныя для ўсіх відаў абмежаваньня волі

Хатні арышт, адміністратыўнае затрыманьне — усё гэта таксама мусіць падпарадкоўвацца тым самым стандартам, што і арышт.

Што трэба зьмяніць у беларускім заканадаўстве, каб пазьбегнуць адвольных затрыманьняў і незаконнага ўтрыманьня пад вартай?

1.      Затрыманьне павінна быць выключэньнем, а ня звыклым правілам.
Павінны быць ясныя і абмежаваныя падставы для затрыманьня. Той, хто затрымлівае, мусіць дакладна патлумачыць, навошта гэта трэба ў канкрэтнай сытуацыі.

2.      Затрыманаму чалавеку павінны адразу патлумачыць яго правы.
У тым ліку — права маўчаць, права на адваката і тое, што яго словы могуць быць выкарыстаныя супраць яго. І гэта мусіць рабіцца ня толькі фармальна, а па-сапраўднаму.

3.      Затрыманьне павінна быць афіцыйна аформлена на працягу 3 гадзін, а таксама забясьпечаныя базавыя гарантыі:
тэлефанаваньне адвакату і блізкім,
скарга на затрыманьне,
мэдычная дапамога,
 магчымасьць даць тлумачэньні з адвакатам.

4.      Максымальны тэрмін затрыманьня — 48 гадзін, а для непаўналетніх — 24.

5.      Толькі суд можа прыняць рашэньне пра заключэньне пад варту.
І толькі калі іншыя меры (напрыклад, заклад ці бранзалет) не падыходзяць.

6.      Каб пакінуць чалавека пад вартай, павінны быць канкрэтныя доказы, што ён можа:
 уцячы,
 перашкаджаць сьледзтву,
 паўтарыць злачынства.
Пры гэтым павінна быць рэальнае, не ўяўнае абгрунтаваньне.

7.      Пачатковы тэрмін пад вартай — 30 дзён.
Каб працягнуць арышт, патрэбная новая пастанова суду, кожны раз з дакладным абгрунтаваньнем. Агульны тэрмін утрыманьня пад вартай не павінен перавышаць 9 месяцаў (3 месяцы для непаўналетніх).

8.      Абарона павінная загадзя атрымліваць усе матэрыялы, на падставе якіх чалавека хочуць арыштаваць ці пакінуць пад вартай.

9.      Павінна быць магчымасьць абскарджваньня кожнага рашэньня аб заключэньні пад варту — у апэляцыйным парадку.

10.   Калі чалавека затрымалі ці ўзялі пад варту незаконна — ён павінен атрымаць кампенсацыю.
І гэта павінна працаваць нават без доказаў віны канкрэтнага службоўцы.
Кампенсацыя можа адбывацца ў пазасудовым парадку — хаця б часткова (напрыклад, да 5000 €), як у Літве.

11.   Дзеці, хатнія жывёлы, маёмасьць затрыманага — не павінны заставацца без нагляду.
Пра іх мусіць паклапаціцца ці пазначаная асоба, ці — калі такой няма — дзяржава.

12.   Усе гэтыя меры павінны дзейнічаць і ў дачыненьні да хатняга арышту і адміністратыўных затрыманьняў.
Тое, што справа адміністратыўная, не азначае, што чалавек губляе правы.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Што нам трэба зрабіць, каб катаваньняў у Беларусі больш не было?
09 ліпеня 2025, 11:02
Што нам трэба зрабіць, каб катаваньняў у Беларусі больш не было?
Пераказваем артыкул навукова-практычнай лябараторыі ILIA-By BELIEVE «Расьсьледаваньне заяваў пра катаваньні».
Human Constanta: Human Camp вяртаецца!
14 чэрвеня 2025, 10:15
Human Constanta: Human Camp вяртаецца!
У ліпені і лістападзе 2025 года Цябе чакаюць два адукацыйныя кэмпы.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
31 сакавіка 2025, 16:23
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
Сделка о признании вины, соглашение о сотрудничестве между подозреваемым, обвиняемым и государством в лице прокурора позволяет сторонам путем взаимных уступок ускорить разрешение уголовных дел, избежать неопределенности для обвиняемого и значительных расходов для государства.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Меры пресечения, связанные с лишением личной свободы
31 сакавіка 2025, 12:13
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Меры пресечения, связанные с лишением личной свободы
Высокая степень терпимости к вмешательству государства в жизнь гражданина сформировалась исторически и сильно укрепилась в период существования СССР, когда государство фактически диктовало людям не только как им жить, но и как им думать.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці