Беларусь: спыніць жорсткае абыходжанне з Марыяй Калеснікавай

12 June 2023, 5:56 PM
Беларусь: спыніць жорсткае абыходжанне з Марыяй Калеснікавай

Улады Беларусі павінны неадкладна спыніць практыку жорсткага абыходжання з Марыяй Калеснікавай і ўсімі іншымі палітычнымі зняволенымі, заявілі 24 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі. Нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, Калеснікаву ўтрымліваюць у адзіночнай камеры і не аказваюць ёй належнай медыцынскай дапамогі. Ёй таксама не дазваляюць атрымліваць перадачы з неабходнымі прадуктамі і медыкаментамі. 

У Калеснікавай не было ніякіх кантактаў ні з сям'ёй, ні з адвакатам ужо амаль чатыры месяцы. Вартыя даверу паведамленні пра тое, што ў калоніі яна падвяргаецца жорсткаму абыходжанню, а стан яе здароўя пагоршыўся, выклікаюць глыбокую заклапочанасць.

Знакавая фігура апазіцыі, музыка па асноўнай прафесіі, Калеснікава стала адным з сімвалаў мірнага пратэстнага руху за правы чалавека ў Беларусі. Яна знаходзіцца ў зняволенні з верасня 2020 года, пасля няўдалай спробы ўладаў сілай вытурыць яе з краіны ў адплату за яе палітычную актыўнасць і ўдзел у Каардынацыйнай радзе апазіцыі.

Паводле надуманых абвінавачванняў у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім", "змове з мэтай захопу ўлады", "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" яе асудзілі 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі. Калеснікава адбывае пакаранне ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.

"Уначы 28 лістапада 2022 года Калеснікаву шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ёй зрабілі аперацыю ў сувязі з прабадзеннем язвы. Непасрэдна перад шпіталізацыяй Калеснікава, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, больш за 10 дзён утрымлівалася ў штрафным ізалятары — адзіночнай неацяпляемай камеры. Там было немагчыма спаць з-за холаду, яна ўвесь час хадзіла, каб сагрэцца", — гаворыцца ў заяве.

Хоць падчас знаходжання ў адзіночнай камеры Калеснікава неаднаразова губляла прытомнасць і пакутавала ад гіпертаніі і прыступаў млоснасці, улады адмаўляліся пераводзіць яе ў бальніцу да таго часу, пакуль яе стан не стаў крытычным.

Адміністрацыя папраўчай калоніі не паведаміла ні яе адвакату, ні яе сям'і пра тое, што Калеснікава была шпіталізаваная і перанесла аперацыю, хоць яна шмат разоў прасіла персанал бальніцы звязацца з яе сям'ёй.

У Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі Калеснікава правяла каля тыдня, пасля чаго яе этапавалі ў медсанчастку калоніі. Падрабязнасці пра стан здароўя Калеснікавай і пра абыходжанне з ёй у штрафным ізалятары сталі вядомыя толькі 5 снежня, калі бацьку дазволілі спатканне з ёй.

Адміністрацыя калоніі 10 студзеня прымусіла Калеснікаву вярнуцца да працы на швейнай вытворчасці. Сям'я была занепакоеная ў сувязі з тым, што Калеснікава была яшчэ занадта слабая пасля аперацыі, каб вяртацца ў цэх.

З сярэдзіны лютага Калеснікавай адмаўляюць у любых кантактах з сям'ёй, уключаючы званкі, лісты і спатканні. Адвакат, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, з 7 лютага не можа атрымаць да яе доступ.

У канцы сакавіка Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведаміў, што Калеснікаву змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — дысцыплінарнае пакаранне, якое прадугледжвае строгі рэжым ізаляцыі, — за нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку.

З кастрычніка 2020 года па снежань 2022 года беларускія ўлады пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі трох адвакатаў Калеснікавай: Аляксандра Пыльчанка, Людмілу Казак і Уладзіміра Пыльчанка. Палітычна матываванае пазбаўленне права займацца адвакацкай дзейнасцю ў дачыненні да абаронцаў палітвязняў — гэта распаўсюджаная рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі.

У траўні праваабарончым арганізацыям стала вядома, што Калеснікава не аднавілася пасля аперацыі і яе стан у турме значна пагоршыўся. Паводле вартых даверу паведамленняў, яна была не ў сілах выконваць абавязковую працу ў калоніі і некалькі разоў губляла прытомнасць.

Занепакоеныя пагаршэннем стану Калеснікавай, сваякі пракансультавалася з лекарам, высветліўшы патрэбы ў пасляаперацыйнай рэабілітацыі. Хоць лекар не мог асабіста агледзець Калеснікаву, ён рэкамендаваў медычнае назіранне і спецыяльную дыету на працягу яшчэ некалькіх месяцаў пасля аперацыі, каб пазбегнуць рэцыдыву з патэнцыйна значна больш сур'ёзнымі наступствамі для здароўя.

Ізаляцыя палітвязняў і жорсткае абыходжанне з імі – шырока распаўсюджаная рэпрэсіўная тактыка ў Беларусі. У апошнія месяцы ўлады перашкаджалі зносінам з адвакатамі і сваякамі і іншым вядомым палітычным зняволеным, уключаючы Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

Улады Беларусі павінны даць інфармацыю аб стане здароўя Калеснікавай, тэрмінова забяспечыць ёй доступ да лекараў па яе выбары, вярнуць ёй сувязь з сям'ёй і забяспечыць доступ да адваката, заявілі праваабарончыя групы. Неабходна спыніць палітычна матываваны крымінальны пераслед і вызваліць усіх тых, хто пазбаўлены волі выключна за рэалізацыю сваіх асноўных свабод.

Падпісанты:

Amnesty International;

ARTICLE 19;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага;

Беларуская асацыяцыя журналістаў; 

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Campax;

Freedom House;

Helsinki Foundation for Human Rights;

Human Constanta;

Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

Human Rights Watch;

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH);

Міжнароднае партнёрства па правах чалавека (IPHR);

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва – Беларусь;

Libereco – Partnership for Human Rights;

Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт;

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт;

Офіс па правахлюдзейзінваліднасцю;

PEN America;

Беларускi ПЭН;

People in Need;

Politzek.me;

Сусьветная арганізацыя супраць катаванняў. 

See more news

БДПЧ далучыўся да заявы праваабарончай супольнасці ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю
15 November 2023, 11:10 AM
БДПЧ далучыўся да заявы праваабарончай супольнасці ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, заяўляем:
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 15 новых палітвязняў (Вольга Стаброўская і іншыя)
27 October 2023, 9:49 AM
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 15 новых палітвязняў (Вольга Стаброўская і іншыя)
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх - палітычнымі зняволенымі.
Заява праваабаронцаў. Патрабуем рэабілітацыі асуджаных за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў
27 October 2023, 9:34 AM
Заява праваабаронцаў. Патрабуем рэабілітацыі асуджаных за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў
Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды.
Заява праваабаронцаў. Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Насты Лойкі
27 October 2023, 9:12 AM
Заява праваабаронцаў. Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Насты Лойкі
«Ты будзеш забытая» – так сказалі Настцы супрацоўні_цы міліцыі на адным са шматлікіх допытаў. Але яна не забытая.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці