FIDH і ПЦ "Вясна" асуджаюць чарговую атаку на незалежныя СМІ, якая пагражае свабодзе слова ў Беларусі

09 July 2021, 4:57 PM
FIDH і ПЦ "Вясна" асуджаюць чарговую атаку на незалежныя СМІ, якая пагражае свабодзе слова ў Беларусі

9 ліпеня 2021 года, Парыж-Мінск

Учора супрацоўнікі праваахоўных органаў арганізавалі шырокамаштабны наступ на незалежныя СМІ ў Беларусі. У офісах па меншай меры пяці медыя-рэсурсаў былі праведзеныя ператрусы, шэраг іх супрацоўнікаў былі затрыманыя. Супраць супрацоўнікаў "Нашай Нівы", аднаго з найстарэйшых і найбуйнейшых незалежных СМІ Беларусі, былі распачатыя крымінальныя справы, а сайт газеты заблакаваны. Яшчэ двум выданням пагражаюць павесіць цэтлікі экстрэмістаў.

FIDH і "Вясна" асуджаюць бесперапынныя атакі, якія пагражаюць знішчыць апошнія свабодныя СМІ ў Беларусі і тое, што засталося ад свабоды слова і аб'яднанняў у краіне.

Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі беларускіх праваахоўных органаў прыйшлі з ператрусамі ў офіс "Нашай Нівы" [1]. Ператрусы таксама прайшлі ў кватэрах галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактараў Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, а таксама бухгалтаркі Вольгі Раковіч. Усе чацвёра былі затрыманыя ў якасці падазраваных паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх"). Сайт выдання заблакаваны.

Сярод іншых СМІ, у якіх прайшлі ператрусы, найбуйнейшыя берасцейскія рэгіянальныя выданні: "Брэсцкая газета", "Інтэкс-Прэс" і "Медыя-Палессе". Рэдактар іншага брэсцкага СМІ, "Першы рэгіён", Алег Супрунюк быў неправамерна аштрафаваны за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней аналагічныя абвінавачванні былі прад'яўленыя выданню "Інтэкс-Прэс" за публікацыю інтэрв'ю з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

Учора прайшлі ператрусы ў кватэрах рэдактара аднаго з найбуйнейшых аршанскіх навінавых парталаў Orsha.eu Ігара Казмерчака і фатографа Дзяніса Дубкова. Абодва былі затрыманыя. Казмерчак падазраецца ў парушэнні арт. 218 Крымінальнага кодэкса ("Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці").

18 траўня гэтага года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларусі правёў ператрус у найбуйнейшым у краіне незалежным медыя-партале TUT.by, 15 супрацоўнікаў партала былі арыштаваныя [2]. 8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да іншага сайту, адкрытага камандай TUT.by, якой удалося ўцячы з краіны. Абодва рэсурсу застаюцца недаступнымі з Беларусі. Акрамя таго, Міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала прызнаць сайт TUT.by экстрэмісцкім.

Тыя ж абвінавачванні пагражаюць і Telegram каналу Hrodna.life. У чэрвені 2021 года яго рэдактар Аляксей Шота ўжо атрымаў штраф у памеры 14500 рублёў за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

8 і 9 ліпеня прайшлі ператрусы ў кватэрах яшчэ як мінімум чатырох журналістаў, якія працуюць на Onliner, "Белсат" і Bobr.by. Яшчэ адзін незалежны журналіст Віталь Скрыль праходзіць па арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады"). З кожнай гадзінай з'яўляюцца ўсё новыя і новыя факты, і, хутчэй за ўсё, у дадзены момант затрымліваюцца новыя журналісты і праводзяцца ператрусы ў офісах.

Вышэйпаказаныя дзеянні сур'ёзна абмяжоўваюць магчымасці журналістаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, як індывідуальна, так і ў складзе медыя-структур, што з'яўляецца парушэннем артыкулаў 19 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода слова і свабода аб'яднанняў). FIDH разам са сваёй сяброўскай арганізацыяй у Беларусі, Праваабарончым цэнтрам "Вясна", рашуча асуджаюць рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць юрыдычны пераслед СМІ, а міжнародную супольнасць - тэрмінова і рашуча адрэагаваць на тое, што адбываецца.


[1] Пакуль невядома, хто менавіта праводзіў ператрус, хутчэй за ўсё, цэнтральны апарат Міністэрства ўнутраных спраў і/або ГУБАЗіК, дэпартамент па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.

[2] У тым ліку дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар аддзела палітыкі Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, а таксама бухгалтар, інжынер, тэхнічны дырэктар, менеджэр, былыя і сапраўдныя юрысты кампаніі, удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Арыгінал заявы на сайце FIDH (на англійскай мове).

Пераклад на беларускую мову: spring96.org.

See more news

«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
04 March 2025, 8:13 AM
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі пачаць усе магчымыя намаганні, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя.
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
03 March 2025, 9:45 AM
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Алесю Галіцыну, Андрэя Несцяровіча, Ірыну Пазнякевіч, Івана Палевікова, Паліну Зыль, Анатоля Васілеўскага, Аляксандра Клютко, Аляксандра Таранку, Лілію Качан і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Яўген Бойка і іншыя)
27 February 2025, 9:36 AM
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Яўген Бойка і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Яўгена Бойку, Аляксандра Краўчука, Паліну Піткевіч, Арцёма Палякова, Вадзіма Сенчанку, Максіма Бельчанку.
Заява аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі (Армэн Арзуманян і іншыя)
26 February 2025, 9:22 AM
Заява аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі (Армэн Арзуманян і іншыя)
Неадкладна вызваліць палітвязняў Армэна Арзуманяна, Сяргея Латушку, Наталлю Васіленку, Уладзіміра Шпака, Карыну Праташчык, Уладзіслава Кошалева, Руслана Зубкова, Максіма Ермаловіча, Данілу Чыбісава, Паўла Лашчанку, Алену Елькіну, Антона Вераб’я, Андрэя Креэйдзіча, Глеба Жукава, Дзмітрыя Касцюка, Рамана Раманава, Уладзіміра Марцінкевіча, Вячаслава Курыльчыка, Ігара Шуканава і спыніць іх крымінальны пераслед/.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці