Патрабуем выконваць міжнародныя абавязкі Беларусі ў сферы сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў

05 July 2023, 8:30 AM
Патрабуем выконваць міжнародныя абавязкі Беларусі ў сферы сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў

Генеральная пракуратура выступіла з ініцыятывай прыняць комплекс мераў, нібыта накіраваных на «абарону дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі».

Мы канстатуем, што ініцыятыва Генеральнай пракуратуры з’яўляецца неабгрунтаваным умяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян і грамадзянак i супярэчыць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека, уключаючы сэксуальныя і рэпрадуктыўныя правы, а таксама выклікае пагрозу для розных уразлівых групаў (уключна, але не абмежавана — для ЛГБТК+ супольнасці, падлеткаў, жанчын).

Ініцыятыва супярэчыць шэрагу асноўных правоў чалавека:

  • праву не падпадаць пад адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, далей — Пакт),

  • праву на свабоднае выказванне асабістага меркавання (артыкул 19 Пакта),

  • праву на абарону ад дыскрымінацыі (артыкул 26 Пакта).

Асабліва хочам падкрэсліць маніпулятыўны характар аргументаў, якія прыводзяцца ў абгрунтаванне падобных ініцыятываў:

Свядомае атаясамліванне псіхічных расстройстваў альбо злачынстваў супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых з ладам жыцця альбо індывідуальнымі ўласцівасцямі — гэта маніпуляцыя грамадскай думкай, прыклад распальвання варожасці і стыгматызацыі сацыяльных групаў. Менавіта таму ініцыятыва выклікае асаблівы непакой у дачыненні да бяспекі ЛГБТК+ супольнасці, прадстаўнікі і прадстаўніцы якой, безумоўна, сутыкнуцца з такімі наступствамі, як:

  • узмацненне сацыяльнай стыгмы,

  • павелічэнне рызыкі гвалту на падставе нянавісці.

Нагадваем, што пытанні сэксуальнай ідэнтычнасці, гендэрнай ідэнтыфікацыі і рэпрадуктыўнага выбару грамадзян і грамадзянак адносяцца да пытанняў асабістага жыцця і не павінны кантралявацца дзяржаўным інстытуцыямі. Несупадзенне маральных установак грамадзян і грамадзянак не з’яўляецца дастатковай падставай альбо абгрунтаваннем для пераследу ці для абвяшчэння ладу жыцця злачынным.

Пазбаўленне падлеткаў доступу да інфармацыі аб сваёй сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці ўзмацняе імавернасць гвалту і рызыкоўных паводзінаў.

Права жанчын здзяйсняць незалежны і самастойны рэпрадуктыўны выбар не павінна трапляць у адзіны шэраг са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых. Гэта небяспечная маніпуляцыя і несправядлівае параўнанне, якое садзейнічае фарміраванню шкоднага стэрэатыпу, правакуе рост нецярпімасці і гвалту ў грамадстве.

Мы таксама адзначаем, што адпаведна міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека пакаранне, незалежна ад цяжкасці правапарушэння, не павінна парушаць абсалютную забарону на катаванні і іншыя бязлітасныя і бесчалавечныя віды пакаранняў, якія прыніжаюць чалавечую годнасць, да якіх адносіцца прымусовая хімічная кастрацыя. Беларусь з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай Канвенцыі ААН супраць катаванняў і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Забарона на катаванні замацаваная ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Мы таксама занепакоеныя тым, што патэнцыйныя мішэні дадзеных заканадаўчых ініцыятываў будуць пазбаўленыя мінімальных гарантыяў прававой абароны ў сытуацыі глыбокага прававога крызісу, у якім апынуліся найважнейшыя інстытуты дзяржавы, у тым ліку суд і адвакатура.

На падставе вышэй пададзенных тэзаў мы заклікаем беларускія ўлады:

  • адмовіцца ад прапанаванай ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, бо яна парушае асноўныя грамадзянскія правы;

  • адмовіцца ад любых заканадаўчых зменаў і ініцыятываў, наступствамі якіх будзе яшчэ большая дыскрымінацыя ЛГБТК+ супольнасці і ўзмацненне нецярпімасці і гвалту ў грамадстве;

  • трымацца міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека праз гарманізацыю заканадаўства і практыкі яго ўжывання.

Заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць ініцыятыву беларускіх уладаў і далучыцца да нашых патрабаванняў адмовіцца ад дыскрымінацыйных заканадаўчых планаў, якія парушаюць недатыкальнасць асабістага жыцця, права на свабоду ад катаванняў і дыскрымінацыі.

Праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»

Праваабарончая арганізацыя «Respect — Protect — Fulfill»

Праваабарончая арганізацыя «Human Constanta»

Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва»

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праваабарончая арганізацыя «Lawtrend»

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»

Фемгрупа Каардынацыйнай Рады

See more news

Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі
24 March 2025, 11:20 AM
Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі
У сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, заяўляем наступнае.
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
04 March 2025, 8:13 AM
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі пачаць усе магчымыя намаганні, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці