Заява аб прызнанні блогера Паўла Спірына палітычным зняволеным

11 February 2021, 12:43 PM
Заява аб прызнанні блогера Паўла Спірына палітычным зняволеным

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

8 лютага 2021 года

5 лютага ў Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына — 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Дзіна Кучук) па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу за выраб і распаўсюд двух відэаролікаў на сацыяльна-вострыя тэмы.

Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня 2020 года, вызвалены праз тры дні, затым зноў затрыманы 9 верасня пасля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пры гэтым Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да А. Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. Ён стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Раней у 2019 годзе адзін з яго фільмаў "Грань" быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа за гэты фільм была ўзбуджаная толькі пасля актыўнага ўдзелу Паўла ў перадвыбарнай кампаніі 2020.

Спірыну было выстаўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці». Сацыяльнай групай у дадзеным выпадку, па версіі абвінавачвання, з'яўляецца "іншая" група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Падрабязней аб справе: 

Маніторынг судовага працэсу ў дачыненні да Паўла Спірына

З 25 студзеня па 5 лютага 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе праходзіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Паўла Спірына, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (»Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, рэабілітацыя нацызму") за размяшчэнне на яго Youtube-канале двух аўтарскіх відэа-ролікаў: "Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш на садызм" і "Грань".

Мы лічым, што прысуд Паўлу Спірыну з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады. У сувязі з гэтым мы адзначаем, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў міліцыі ў прыватнасці не з'яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці ў першую чаргу павінна прадухіляць распальванне варожасці ў дачыненні да уразлівых груп грамадства, а ніяк не прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў і міліцыі ў прыватнасці.

Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказвання. Пры гэтым, у мэтах павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб устаноўлены дапушчальныя абмежаванні гэтага права, закліканыя абараняць іх гонар і годнасць. Гэтыя абмежаванні не павінны выкарыстоўвацца для забароны публічнай крытыкі прадстаўнікоў улады, а таксама звязвацца са службовым становішчам тых асоб, пра якія распаўсюджаныя звесткі або інфармацыя.

Як адзначыў Камітэт правоў чалавека ў сваёй заўвазе агульнага парадку № 34 (Артыкул 19: свабода меркаванняў і іх выказвання) "у Пакце надаецца асаблівая ўвага праву на бесперашкоднае выказванне меркаванняў пры правядзенні дыскусій з удзелам палітычных і дзяржаўных дзеячаў. Такім чынам, аднаго толькі факту, што формы выказвання меркаванняў абражаюць якога-небудзь грамадскага дзеяча, недастаткова для таго, каб абгрунтаваць устанаўленне пакаранняў, хоць грамадскія дзеячы таксама могуць у сваіх інтарэсах выкарыстоўваць палажэнні Пакта. Больш за тое, усе грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнікі вышэйшай палітычнай улады, такія як кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, могуць на законных падставах станавіцца аб'ектам крытыкі і нападак палітычнай апазіцыі... дзяржавам−удзельнікам [Пакта] не варта забараняць крытыку такіх структур, як армія або адміністрацыйны апарат”. Акрамя таго, на думку Камітэта, "устанаўленне мер пакарання для СМІ, выдаўцоў ці журналістаў выключна за крытыку ўрада ці грамадска-палітычнай сістэмы, якой прытрымліваецца ўрад, ні пры якіх абставінах не можа разглядацца ў якасці неабходнага абмежавання права на свабоднае выказванне меркаванняў".

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" мы прызнаем палітвязням асуджанага да пазбаўлення волі Паўла Спірына.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Адмяніць прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына і вызваліць яго;

  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва";

"Ініцыятыва FORB";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

See more news

Патрабуем рэабілітацыі 16 былых палітычных зняволеных (Дар'я Андрэйчыкава і іншыя)
06 February 2025, 8:41 AM
Патрабуем рэабілітацыі 16 былых палітычных зняволеных (Дар'я Андрэйчыкава і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.
Заява пра недапушчальнасць выкарыстання мовы варожасці і нацыянальнай нецярпімасці
06 January 2025, 12:06 PM
Заява пра недапушчальнасць выкарыстання мовы варожасці і нацыянальнай нецярпімасці
Мы, Беларускі ПЭН і іншыя праваабарончыя і культурніцкія арганізацыі, што падпісалі гэтую заяву, звяртаем увагу міжнароднай супольнасці і ўладаў Літвы на шэраг актаў вандалізму і праяў мовы варожасці, скіраваных супраць беларускай супольнасці, у Вільні ў 2024 годзе.
Заява аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Чэслаў Герасімовіч і іншыя)
28 December 2024, 10:25 AM
Заява аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Чэслаў Герасімовіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Чэслава Герасімовіча, Алену Мохараву, Уладзіміра Сітковіча, Артура Мемеха, Ігара Сідаровіча, Аляксандра Куксу, Аляксандра Мазура, Міхаіла Галінскага, Сяргея Чабоцьку, Паўла Каранюхіна, Яну Царук, Марыю Батальёнак.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Ганна Кміт і іншыя)
27 December 2024, 11:20 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Ганна Кміт і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ганну Кміт, Андрэя Селянінава, Яўгена Нікалаевіча, Дзмітрыя Ляха, Дзмітрыя Чарнуху, Аляксандра Крупнікава, Дзмітрыя Глушчанку, Сяргея Чэкеля, Уладзіміра Апановіча, Арцёма Пуценіча і спыніць іх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці