Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
6 ліпеня 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягваннем прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Разгляд паказаных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.
Нам вядома пра асуджэнне:
Аляксандра Вольскага паводле арт. 130 КК за размешчаны ў сетцы Інтэрнэт каментар у сацыяльнай сетцы, змест якога ў прысудзе не прыводзіцца, які быў напісаны з прычыны інфармацыі пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пачаў адбываць пакаранне;
Юрыя Жукоўскага паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 КК (грубае парушэнне парадку), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) за размешчаныя ў сетцы Інтэрнэт заклікі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, супраціўленню ўладам, удзел у мірным сходзе і абразу Лукашэнкі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Яўгена Нарэйкі паводле ч. 1 арт. 366 КК, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 130 КК за выказванні ў каментарах у дачыненні да супрацоўнікаў ОУС да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры гады ў папраўчай калоніі, крымінальная справа разглядалася ў закрытым пасяджэнні;
Аляксандра Новікава паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 179 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за публікацыю на сваім сайце артыкулаў, якія па змесце былі накіраваныя на перагляд сусветнай гісторыі, вынікаў вайны, дыскрэдытацыю перамогі ў вайне 1941-1945 года; у матэрыялах угледжваліся прыкметы рэабілітацыі нацызму, а таксама непрыязнасць да груп, "якія паважаюць гісторыю савецкага перыяду"; таксама асуджаны за распаўсюд звестак супрацоўнікаў ОУС — імёнаў і месцаў службы; судовае пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме;
Віктара Карніенкі паводле ч. 1 арт. 368 КК і ч. 1 арт. 130 КК за абразу А. Лукашэнкі і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы" да зняволення тэрмінам на тры гады і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі; судовае пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме;
Яўгена Івончыка паводле арт. 369, 130 КК па "справе Зельцэра";
Шэраг судовых рашэнняў прыняты з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя. Селектыўнае прызначэнне суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачаных ў параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву:
7. Юрыя Басалая асудзілі паводле арт. 369 КК за абразу супрацоўніка органаў унутраных спраў і ч. 1 арт. 328 КК за захоўванне нязначнай колькасці сабраных дзікарослых канопляў да 2 гадоў і 6 месяцаў зняволення;
8. Віктара Уласенкі асудзілі паводле арт. 368 і арт. 369 КК, ч. 1 арт. 328 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, а таксама за захоўванне для асабістага ўжывання марыхуаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Тым часам, крымінальны пераслед за грубае выказванне ў каментарах у сацыяльных сетках з'яўляецца непрапарцыйным абмежаваннем свабоды слова, а па агульнай практыцы судоў крымінальнае пакаранне паводле ч. 1 арт. 328 КК у дачыненні да асобы, якія ўпершыню здзейсніла дадзенае злачынства, ва ўмовах адсутнасці палітычнага матыву прызначаецца без пазбаўлення волі, з ужываннем іншых мер крымінальнай адказнасці.
Таксама вядома пра ўжыванне прымусовых мер медыцынскага характару (накіравання на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) у дачыненні да Данііла Жарына паводле ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); у віну Д. Жарыну ставілі падпал дзвярэй інстытута МУС, кваліфікацыя дзеяння як тэрарыстычнага акту з'яўляецца заведама залішняй, судовае пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме, праз што няма дастатковых звестак, якія сведчаць пра грамадскую небяспеку паказанай асобы, што патрабуе ягонай ізаляцыі.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Аляксандра Вольскага, Юрыя Жукоўскага, Яўгена Нарэйкі, Аляксандра Новікава, Віктара Карніенкі, Яўгена Івончыка, Юрыя Басалая, Віктара Уласенкі, Данііла Жарына з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў меры стрымання і прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Беларуская асацыяцыя журналістаў