Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
21 снежня 2021 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. Таксама падаецца неабгрунтаваным селектыўнае ўжыванне крымінальных нормаў, якія ахоўваюць персанальныя дадзеныя, выключна ў мэтах недапушчэння распаўсюду дадзеных прадстаўнікоў структур, падазраваных у датычнасці да грубых парушэнняў правоў і свабодаў, і іх ужыванне ў сукупнасці з адвольна інкрымінаваным злачынствам супраць міру і бяспекі чалавецтва (паводле арт. 130 КК).
Таксама ў дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачванні, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачваных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымоўваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".
Засмучальным прыкладам злоўжывання мерай стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту з'яўляецца яе выкарыстанне ў дачыненні да затрыманага 18 чэрвеня 2020 года Эдуарда Бабарыкі, які пасля максімальна магчымых 1 года і 6 месяцаў знаходжання пад вартай па справе аб нявыплаце падаткаў зрабіўся падазраваным паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Такая практыка, якая ўжываецца ў дачыненні да палітвязняў, з'яўляецца парушэннем права на справядлівы судовы разгляд і ўяўляе сабой непрымальнае злоўжыванне крымінальна-працэсуальнымі механізмамі ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У прыватнасці, нам вядома пра ўзяцце пад варту:
Сяргея Петрушэнкі па абвінавачванні паводле арт.арт. 130, 352 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў і інш.) за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу, пад вартай знаходзіцца з чэрвеня 2021 года;
Андрэя Гаруна па абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 130 КК за перадачу ў тэлеграм-канал дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў;
Таццяны Карповіч па абвінавачванні паводле арт. 130 КК, за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і суддзяў тэлеграм-каналу;
Руслана Кузьміча па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 за публікацыю каментара пад здымкам чалавека са зброяй у руках "Ок, надыйшоў час даставаць зброю. Жыве Беларусь!". На нашу думку, у дадзеным выпадку зняволенне ў якасці меры па абмежаванні права на свабоду выказвання меркавання з'яўляецца непрапарцыйным і залішнім;
Рыгора Кастусёва па абвінавачванні ў змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады паводле арт. 357 КК, калі акалічнасці справы, узрост, стан здароўя змешчанага пад варту палітыка сведчаць аб адсутнасці згаданых вышэй неабходных падставаў для ўтрымання пад вартай на працягу доўгага часу.
Таксама нам вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні Андрэя Аўсіевіча паводле арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) КК за каментары ў сетцы Інтэрнэт да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Гэтыя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах. Іх дзеянні не пацягнулі цяжкіх наступстваў для пацярпелых.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў, адсутнасцю ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Сяргея Петрушэнкі, Андрэя Гаруна, Таццяны Карповіч, Руслана Кузьміча, Рыгора Кастусёва і Андрэя Аўсіевіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець прынятыя ў адносінах да гэтых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні і прысуд пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне пра меру стрымання і прысуд;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Прававая ініцыятыва;
Ідэнтычнасць і права.