Патрабуем вызвалення палітвязняў Войніча, Афнагеля і Юхневіча

05 кастрычніка 2020, 07:00
Патрабуем вызвалення палітвязняў Войніча, Афнагеля і Юхневіча

Мінск, 02.10.2020 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") актывістам "Еўрапейскай Беларусі" Андрэю Войнічу, Яўгену Афнагелю і Паўлу Юхневічу, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Войніч, Яўген Афнагель і Павел Юхневіч з’яўляюцца прынцыповымі і даўнімі праціўнікамі існуючага палітычнага рэжыму ў краіне.

Яўген Афнагель удзельнічаў у стварэнні адной з найбольш актыўных і вядомых моладзевых апазіцыйных арганізацый 90-х “Малады фронт”. Пазней ён, Павел Юхневіч і Андрэй Войніч былі аднымі са стваральнікаў і актыўнымі ўдзельнкамі апазіцыйнага руху “Зубр”. За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную дзейнасць яны неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.

Пасля падзеяў 2010 г. Яўген Афнагель працяглы час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе працягнуў актыўную апазіцыйную палітычную дзейнасць.

Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў, актывістаў “Еўрапейсай Беларусі” Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча і спыніць іх крымінальны пераслед.

  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА "Прававая ініцыятыва”

Беларускі Дакументацыйны цэнтр

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”

Беларускі ПЭН-цэнтр

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB"

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
12 верасня 2025, 14:05
Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Дзергачова, Маргарыту Шчырэц, Васіля Садоўскага, Вячаслава Бераставога, Дзмітрыя Патырына, Кірыла Нгуена, Уладзіслава Анічкіна, Ігара Клачко, Алясандра Шкрадава і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
11 верасня 2025, 13:45
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
Неадкладна вызваліць палітвязняў Віталя Хальчыцкага, Васіля Бачко, Паўла Шумскага, Андрэя Мартышова, Дзяніса Чумакова, Арцёма Сямёнава, Дзяніса Краўчука, Валянціну Навумаву і спыніць крымінальны пераслед
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Вольга Нікалаева і іншыя)
05 верасня 2025, 13:13
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Вольга Нікалаева і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Вольгу Нікалаеву, Рамана Весялоўскага, Андрэя Матусенку, Кірыла Лескеця, Аляксандра Дулебу, Алесю Вяроўкіну, Ірыну Кішкурна, Таццяну Мінец, Ігара Караткова, Дзмітрыя Трухана, Юлію Феннер, Таццяну Стасеву, Аляксандра Рыбчанку, Кірыла Худзякова.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці