БДПЧ далучыўся да заявы праваабарончай супольнасці ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю

15 лістапада 2023, 11:10
БДПЧ далучыўся да заявы праваабарончай супольнасці ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю

На фота: акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Празе, жнівень 202 года

Заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

12 лістапада 2023 г.

У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, заяўляем.

Канчаткова страціўшы падтрымку народа, што найбольш красамоўна выявілася ў выніках прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года, Аляксандр Лукашэнка і сілавыя, адміністрацыйныя і прапагандысцкія дзяржаўныя структуры, якія падтрымалі яго, зрабілі стаўку на беспакараны гвалт у якасці інструмента ўтрымання ўлады. Пры дапамозе невытлумачальнай жорсткасці, якая ўзрушыла ўвесь дэмакратычны свет, былі задушаныя вулічныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту. Назвы месцаў зняволення сталі сінонімам катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, а сотні прадстаўнікоў сілаў правапарадку ў адзін дзень ператварыліся ў катаў.

У першыя ж дні мірных пратэсных выступленняў ахвярамі злачынных па сваім змесце дзеянняў прадстаўнікоў МУС і сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл сталі тысячы затрыманых і збітых, сотні людзей, якія атрымалі раненні ў выніку ўжывання зброі; не менш за тры чалавекі загінула.

Адным са знакавых сімвалаў ахвярнага негвалтоўнага супраціву таталітарызму ў Беларусі стала гісторыя Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада 2020 года за сваю грамадзянскую пазіцыю ў выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і ўхвалы ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты ж выпадак стаў сімвалам сімбіёзу хлуслівых маніпуляцый і бяздзейнасці ўладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, якія прывялі да таго, што вінаватыя ў відавочным злачынстве засталіся дагэтуль беспакаранымі. Лёс расследавання гэтай справы паўтарыў лёс каля 5 000 справаў аб ужыванні катаванняў ды іншых забароненых дзеянняў у дачыненні да пратэстоўцаў і іншадумцаў, пакінутых уладамі цягам трох гадоў без расследавання: каты засталіся беспакаранымі, а ахвяры і сілы грамадзянскай супольнасці, якія выступілі ў іх падтрымку, падвергліся беспрэцэдэнтным рэпрэсіям і пераследу, уключна з пазбаўленнем волі.

Беспакаранасць злачынная, таму што яна спарадзіла новыя злачынствы. Тым больш злачынная беспакаранасць найбольш цяжкіх парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, элементамі якіх сталі катаванні, выкраданні людзей па палітычных матывах, дэпартацыя, зняволенне ў турму ды іншае жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды ў парушэнне асноватворных нормаў міжнароднага права, пераслед, якія сталі паўсядзённымі і штодзённымі ў сучаснай Беларусі.

Вынікам беспакаранасці стала паслабленне дзяржаўнага суверэнітэту, што пацягнула ўцягванне Беларусі ў злачынную падтрымку агрэсіі Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны.

Беспакаранасці і працягу злачынстваў павінен быць пакладзены канец.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, патрабуем ад уладаў адмовіцца ад далейшага нагнятання страху і рэпрэсій, пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў; вызваліць усіх палітвязняў і адмяніць палітычна матываваныя прысуды.

Мы настойваем на ўстанаўленні вяршэнства права, прызнанні каштоўнасці правоў чалавека, правядзенні расследавання ўсіх злачынстваў супраць правоў і свабод.

Мы ўпэўненыя ў няўхільнасці пакарання за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці для недапушчэння іх паўтарэння ў будучыні.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і дэмакратычныя дзяржавы прымаць больш эфектыўныя меры па спыненні беспакаранасці.

Мы просім аб салідарнасці з народам Беларусі!

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая iнiцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Lawtrend.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
07 жніўня 2025, 11:37
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
06 жніўня 2025, 11:27
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Вадзіма Здаравеннава, Ігара Бурдэля, Станіслава Сіліча, Марыну Мазоўку, Вольгу Калпакову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
01 жніўня 2025, 11:24
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Марыну Петражыцкую, Наталлю Навіцкую, Ірыну Шумейка, Арцёма Шынкевіча, Аксану Шаляпіну, Дзмітрыя Царука, Дзяніса Цыбульскага.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці