Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 кастрычніка 2024 года)

31 кастрычніка 2024, 08:33
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 кастрычніка 2024 года)

На 31 кастрычніка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 168.

Затрыманы і змешчаны ў СІЗА Ігар Ільяш – журналіст, суаўтар дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас» (2020).

Арыштаваны муж і жонка, мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі.

Вярхоўны суд пакінуў без змен завочны прысуд літаратару, журналісту, праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу.

Затрымалі грамадскую і культурніцкую актывістку Ніну Багінскую.

У Браславе паводле адміністрацыйнага артыкула асудзілі Анжаліку Пілат, якая выкладала беларускую мову каталіцкім святарам.

Затрымалі трох акцёраў з асноўнага складу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

У Мінску затрымалі акцёра «Беларусьфільма» Уладзіслава Ліпоўскага.

Палітзняволены аўтар турэмнай літаратуры Мікола Дзядок чацвёрты месяц знаходзіцца ў штрафным ізалятары.

У Мінску ў клубе «Рэактар» адмянілі запланаваны на 3 лістапада канцэрт «Дзяды».

У Беларусі заблакавалі сайт культурніцкага праекта «Тузін Гітоў».

Ліквідавана адна з найбуйнейшых моўных школ Беларусі «Streamline».


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 кастрычніка 2024 года стала вядома пра затрыманне ў Мінску Ігара Ільяша – журналіста, суаўтара дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас» (Катерина Андреева, Игорь Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1), напісанай ім разам з жонкай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні паводле палітычна матываванай справы. На кадрах уварвання ў кватэру відаць, што Ігара Ільяша затрымлівалі чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС «Беркут». 30 кастрычніка 2024 года стала вядома, што Ігара Ільяша перавялі ў следчы ізалятар у Калядзічах. З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне. У 2021 годзе кнігу «Беларускі Данбас» прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкай». У ёй сабраны гісторыі грамадзян Беларусі, якія ваявалі як на баку Украіны, так і на баку расійскіх акупацыйных войскаў.

2. 25 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў без змен завочны прысуд літаратару, журналісту, праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу. 19 жніўня Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў Уладзіміра Хільмановіча паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і прызначыў 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічынь (40 000 рублёў, або 12 247 долараў).

II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды

1. 19 кастрычніка стала вядома пра затрыманне трох акцёраў з асноўнага складу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Актораў асудзілі на 13 сутак паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства).

2. 19 кастрычніка ў Мінску затрымалі грамадскую і культурніцкую актывістку Ніну Багінскую, якая выйшла на вуліцу з плакатам «БНФ», каб нагадаць, што менавіта 19 кастрычніка 1988 года быў заснаваны «Мартыралог Беларусі» (папярэднік беларускіх праваабарончых арганізацый) і Арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», які ініцыяваў дэмакратычныя змены ў Беларусі. Ніну Багінскую затрымалі на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Жанчыну прывезлі ва Упраўленне ўнутраных спраў Савецкага раёна сталіцы, дзе супрацоўнік міліцыі надзеў ёй кайданкі, закруціўшы рукі за спіну. Яе трымалі ў РУУС у кайданках амаль тры гадзіны і адпусцілі да суда толькі каля 22:00. Судовы разгляд адміністрацыйнай справы Ніны Багінскай адбудзецца ў судзе Савецкага раёна.

3. 23 кастрычніка ў Браславе паводле арт.19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі Анжаліку Пілат – выпускніцу факультэта беларускай філалогіі і культуры, аўтарку артыкулаў для каталіцкіх СМІ, выкладчыцу беларускай мовы для каталіцкіх святароў.

4. 26 кастрычніка стала вядома, што ў Мінску арыштаваны муж і жонка, мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі. У чым іх абвінавачваюць, пакуль невядома.

5. 28 кастрычніка стала вядома, што акцёра «Беларусьфільма» Уладзіслава Ліпоўскага затрымалі ў Мінску за тое, што ён падпісаны на каналы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», рабіў рэпосты, пакідаў негатыўныя каментарыі на адрас міліцыі.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Палітзняволены аўтар турэмнай літаратуры Мікола Дзядок чацвёрты месяц знаходзіцца ў штрафным ізалятары. У дачыненні да яго распачалі новую крымінальную справу паводле ч.1 арт.411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы).

2. Палітзняволены грамадскі дзеяч, аўтар вершаў і выканаўца песень Сяргей Ціханоўскі ўжо 600 дзён знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада – у поўнай ізаляцыі ад свету.

IV. Цэнзура

1. 30 кастрычніка ў Мінску ў клубе «Рэактар» адмянілі запланаваны на 3 лістапада канцэрт «Дзяды», прысвечаны традыцыйнаму беларускаму дню ўшанавання продкаў. Сярод запланаваных выступоўцаў былі музыка Іван Кірчук, спявачка Iva Sativa, акапэльны фолк-гурт «Guda». «Мы толькі што атрымалі ліст пра скасаванне гастрольнага пасведчання», – паведаміў арганізатар у сацыяльных сетках.

2. 28 кастрычніка ў Беларусі заблакавалі сайт культурніцкага праекта «Тузін Гітоў». Заблакаваны асобныя старонкі, прысвечаныя праектам «НЕрасстраляныя», «Перазагрузка», «Апошні золак», «Заспявай BY», «Тэлебудка«, «Тузін.Немаўля», «Re:Песняры», «100 найвялікшых беларускіх песень», праекты, прысвечаныя памяці Анатоля Сыса, Сержука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава ды іншыя.

V. Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдання

23 кастрычніка Міністэрства інфармацыі разаслала беларускім арганізацыям, якія распаўсюджваюць друкаваныя выданні, цыркулярны ліст з «просьбай» самастойна правесці ў сваім асартыменце чыстку, каб пазбавіцца ад «літаратуры, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

VI. Закрыццё адукацыйных цэнтраў

Ліквідаваная адна з найбуйнейшых моўных школ Беларусі «Streamline». Напачатку кастрычніка ў офіс «Streamline» прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам са ўсімі прыладамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваны рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты – аплаціць вучобу.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНа

Глядзiце таксама

Беларускія палітвязні - Тэма № 1: далучайцеся да кампаніі салідарнасці
21 студзеня 2025, 14:07
Беларускія палітвязні - Тэма № 1: далучайцеся да кампаніі салідарнасці
Незалежная грамадская арганізацыя Free Belarus Center разам з партнэрамі запускае кампанію ТЭМА#1, якая накіраваная на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.
«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»
15 студзеня 2025, 11:32
«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ўзяў вялікае інтэрвію ў старшыні Беларускага ПЭНа Тацяны Нядбай.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
13 студзеня 2025, 17:37
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
На 31 снежня 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
13 студзеня 2025, 17:32
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
Напярэдадні новых выбараў* мы ўзгадваем рэпрэсійны шлях, які ідзе праз усе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці