Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 сакавіка 2024 года)

04 красавіка 2024, 19:22
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 сакавіка 2024 года)

На 31 сакавіка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 158.

Вынесены прысуд музыкам рок-гурта «Nizkiz» – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Вынесены прысуд у крымінальнай справе журналіста і аўтара ў жанры нон-фікшн Ігара Карнея паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Следчы камітэт распачаў завочную крымінальную справу супраць былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры, лаўрэата прэміі Францішка Аляхновіча за 2013 год Алеся Кіркевіча.

Затрымалі і пакаралі 13 суткамі адміністрацыйнага арышту паэта і выканаўцу аўтарскай песні, бацьку семярых дзяцей Сяргея Мельянца.

Супрацоўнікі міліцыі ўчынілі ператрус у Ніны Багінскай: забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сцягі і плакат з Пагоняй, суд прызначаны на 1 красавіка.

Звольнены дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.

1. 20 сакавіка 2024 года вынесены прысуд музыкам рок-гурта «Nizkiz»: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Тэрмін абмежавання волі пакуль невядомы. Трох удзельнікаў гурта «Nizkiz» – Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Змітра Халяўкіна – затрымалі ў Магілёве 5 студзеня 2024 года. 29 студзеня стала вядома, што супраць музыкаў гурта заведзена крымінальная справа.

2. 22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе Ігара Карнея паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Ігар Карней – журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Ігара Карнея затрымалі ў Мінску 17 ліпеня 2023 года, у доме правялі ператрус. Спачатку была інфармацыя пра арышт на 10 сутак. 28 ліпеня 2023 года Ігара Карнея перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, у дачыненні да яго была заведзена крымінальная справа. Ігара Карнея затрымлівалі 15 лістапада 2020 года падчас Маршу смелых – адной з мірных акцый пратэсту ў Мінску. Паводле артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ён быў асуджаны на 10 сутак арышту, які адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне. Пасля вызвалення зрабіў рэпартаж «“Следующая остановка – ад”. Як я правёў 10 содняў у жодзінскім ізалятары», у якім распавёў пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання за кратамі. Суд паводле справы Ігара Карнея пачаўся 19 сакавіка. Да суда не паведамлялі прычыны арышту. Паводле публікацыі дзяржаўнай газеты «Беларусь сегодня», прычынай крымінальнай справы стала супраца з праваабарончай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якая ў 2021 годзе была пазбаўлена Вярхоўным судом юрыдычнага статусу, а ў пачатку 2023 года абвешчана КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле версіі абвінавачання, Ігар Карней працягваў супрацоўнічаць з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, ствараючы для яе інфармацыйных рэсурсаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады».

3. 29 сакавіка стала вядома, што Следчы камітэт Беларусі распачаў завочную крымінальную справу (спецыяльнае вядзенне) супраць Алеся Кіркевіча – былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры, лаўрэата прэміі Францішка Аляхновіча за 2013 год, аўтара кніг «Сем месяцаў у беларускай турме» (2018), «Самурай» (2018). Алеся Кіркевіча абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, ён жыве за межамі Беларусі. Працэдура спецыяльнага вядзення з’явілася ў 2022 годзе – яна дазваляе пачынаць завочную справу і праводзіць суды без абвінавачанага. Улады выкарыстоўваюць спецыяльнае вядзенне для пераследу палітычных апанентаў.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

20 сакавіка стала вядома, што ў Мінску затрымалі і пакаралі 13 суткамі адміністрацыйнага арышту паэта і выканаўцу аўтарскай песні, бацьку семярых дзяцей Сяргея Мельянца, які хадзіў на палітычныя судовыя працэсы ў рабіў адтуль допісы для Facebook.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 15 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе вынесена пастанова аб адміністрацыйным арышце на 15 сутак за выпушчаныя з акна пяць паветраных бел-чырвона-белых шароў, якія зачапіліся за лінію электраперадачы. Суд палічыў гэта парушэннем парадку правядзення масавых мерапрыемстваў на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. На судзе абвінавачаны расказаў, што шары яму падарылі на дзень нараджэння. А 5:30 раніцы ён вырашыў іх выпусціць з акна, але шары выпадкова зачапіліся за лінію электраперадачы. Шары пабачылі супрацоўнікі міліцыі, сфатаграфавалі іх і затрымалі мужчыну.

2. 20 сакавіка супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у актывісткі Ніны Багінскай. Забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сцягі і плакат з Пагоняй. 25 сакавіка, на Дзень Волі, Ніну Багінскую затрымалі і адвезлі ў міліцыю, дзе трымалі да вечара. На 1 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы Ніны Багінскай з абвінавачаннем за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі.

IV. Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

Асуджаны на 8 гадоў зняволення паводле палітычна матываванай крымінальнай справы менеджар культурніцкіх праектаў Эдуард Бабарыка, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску, знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Асуджаныя, пераведзеныя ў ПКТ у парадку спагнання, маюць права: штомесяц выдаткоўваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці грашовыя сродкі, калі маюць іх на асабовых рахунках, у памеры 1 базавай велічыні; атрымліваць 1 бандэроль на працягу 6 месяцаў; здзяйсняць штодзённую прагулку працягласцю 30 хвілін. Зняволеныя, якім прызначаны ПКТ, прыцягваюцца да працы асобна ад іншых. Падчас утрымання ў ПКТ харчаванне асуджаных ажыццяўляецца паводле зніжаных нормаў.

V. Звальненні з устаноў культуры

21 сакавіка звольнены дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта. Прычынай звальнення стала песня «Перемен!» гурта «Кино», якую 16 сакавіка ў Музычным тэатры выканаў сімфанічны аркестр Варонежскай канцэртнай залы ў праграме «Анталогія рускага року».

VI. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

29 сакавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі на тры месяцы прыпыніла дзейнасць мінскай крамы «Маленький умник» за парушэнне п. 3 арт. 28 закона «Аб выдавецкай справе», які прадпісвае на працягу месяца паведамляць у Міністэрства інфармацыі пра змену звестак, якія «падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў», прад’явіўшы пры гэтым дакументальныя пацвярджэнні. «Маленький умник» – крама ў Мінску, дзе прадаюцца гульні і літаратура для дзяцей.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці