Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 сакавіка 2025 года

02 красавіка 2025, 12:25
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 сакавіка 2025 года

На 31 сакавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.

Папулярызатар гісторыі і аўтар-выканаўца Дзмітрый Новікаў (творчае імя Агнявіт) затрыманы паводле крымінальнай справы за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года.

Аўтара турэмнай літаратуры Міколу Дзядка перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах на падставе новай крымінальнай справы.

На 20 сутак арыштавалі Ірыну Саланкову, якая крыкнула «Слава Украіне!» падчас паказу рок-оперы Луганскага тэатра «Распятае юнацтва».

Андрэю (Анджэю) Пачобуту на паўгода працягнулі рэжым утрымання ў памяшканні камернага тыпу.

Культуролагу Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў за кратамі, за час зняволення ў яго значна пагоршыўся зрок.

Суд прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кнігу «Случайный президент (Политический портрет)».

Следчы камітэт апублікаваў заяву з пагрозамі ў дачыненні да ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за межамі Беларусі.


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 19 сакавіка стала вядома, што папулярызатар гісторыі і аўтар-выканаўца Дзмітрый Новікаў (творчае імя Агнявіт) затрыманы ў Мінску паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Дзмітрый Новікаў (Агнявіт) меў творчыя праекты: Telegram-канал «Байки дядюшки Огневита», сайт «PaleoNews – Новости палеонтологии», краязнаўчы YouTube-канал з нетыповымі маршрутамі па Беларусі.

2. 31 сакавіка стала вядома, што аўтара турэмнай літаратуры Міколу Дзядка перавялі ў СІЗА № 1 у Калядзічах на падставе новай крымінальнай справы. Ён меўся выйсці на волю 4 красавіка 2025 года. Мікола Дзядок – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету», блогер, аўтар газеты «Новы час», актывіст анархічнага руху. Кніга «Фарбы паралельнага свету» прысвечана аналізу турэмнай сістэмы Беларусі і таго, якімі метадамі карыстаецца адміністрацыя для ламання волі вязняў. Кніга была напісана на падставе досведу, атрыманага Міколам Дзядком падчас першага палітычна матываванага зняволення, калі ён правёў за кратамі 4,5 года (з 2010-га да 2015-га, паводле г. зв. «справы анархістаў») і быў прызнаны палітвязнем. Прысуд Міколу Дзядку – 5 гадоў пазбаўлення волі – быў вынесены 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе.

ІІ. Адміністрацыйны пераслед

24 сакавіка ў Мінску затрымалі Ірыну Саланкову, якая 23 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі падчас паказу рок-оперы Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра «Распятае юнацтва» выкрыкнула «Слава Украіне!» Прапагандыстка Ксенія Лебедзева напісала ў сваім Telegram-канале, што лозунг прагучаў, пакуль слухачы рок-оперы «пляскалі са слязамі на вачах». Прапагандыстка сцвярджала, што Ірына Саланкова супраціўлялася міліцыі пры затрыманні: «падала на падлогу, упіралася, у міліцэйскі аўтамабіль яе заносілі чацвёра супрацоўнікаў». 26 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска  асудзіў Ірыну Саланкову на 20 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (правядзенне масавага мерапрыемства) і арт. 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. У Наваполацку ў папраўчай калоніі № 1 палітзняволенаму журналісту і эсэісту Андрэю (Анджэю) Пачобуту на паўгода працягнулі рэжым утрымання ў памяшканні камернага тыпу, куды асуджаныя пераводзяцца за «злосныя парушэнні ўсталяванага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях». За час зняволення ў Андрэя Пачобута пагоршыўся стан здароўя: паўсталі праблемы з высокім ціскам, сэрцам і зрокам. Андрэй Пачобут – аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), якая напісана на замову польскага выдавецтва і ўздымае праблемы, уласцівыя не толькі Беларусі, але і краінам постсавецкай прасторы. 8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці і разладу).

2. Палітзняволенаму культуролагу Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў за кратамі. За час зняволення ў яго значна пагоршыўся зрок. Вацлаў Арэшка скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў са спецыяльнасцю «тэатразнаўства», працаваў у Тэатры юнага гледача, у Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока, вёў раздзел кніжных і камп’ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве». Прысуд Вацлаву Арэшку вынесены 5 студзеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе: 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

18 сакавіка 2025 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кнігу аўтарства журналістаў Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай «Случайный президент (Политический портрет)». Кніга была надрукавана ў 2004 годзе ў Санкт-Пецербургу выдавецтвам «Лимбус Пресс» на рускай мове. Рашэнне суда распаўсюджваецца таксама на копіі або іншыя выданні кнігі.

V. Пераслед культурных дзеячаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі

1. 21 сакавіка Следчы камітэт апублікаваў заяву з пагрозамі ў дачыненні да ўдзельнікаў святкавання Дня Волі 25 сакавіка за межамі Беларусі: «Праваахоўнікамі будуць прааналізаваны дадзеныя пра патэнцыйных і фактычных удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў з мэтай ідэнтыфікацыі іх асоб і далейшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці, у тым ліку з выкарыстаннем механізму спецыяльнага вядзення».

2. 30 сакавіка стала вядома, што КДБ наклаў арышт на дом у Пінску, які належыць журналісту і паэту Аляксею Дзікавіцкаму.

VI. Цэнзура

28 сакавіка ў Мінску пачалася выстава «Арт-Мінск 2025». Арганізатары заявілі пра рэкордную колькасць дасланых заявак на падзею – 1300. Але ў экспазіцыю ў Палац мастацтва трапілі 550 твораў ад 225 мастакоў, было не пацверджана  больш за 700 заявак. Арт-фестываль скараціўся на 25 аўтараў у параўнанні з 2024 годам і больш чым на 200 – у параўнанні з 2020 годам. Цяпер арганізатары выстаў дзяржаўных і прыватных культурніцкіх пляцовак мусяць дасылаць у Міністэрства культуры не толькі спісы ўдзельнікаў, але і творы, што будуць экспанавацца.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНа

Глядзiце таксама

Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
17 красавіка 2025, 12:57
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
14 красавіка 2025, 13:08
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычна цяжкай.
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
07 красавіка 2025, 15:51
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
На рахунках арганізацыі, якія былі замарожаныя на патрабаванне пракуратуры Грузіі, знаходзіліся ахвяраванні, сабраныя для пакрыцця штрафаў.
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
07 красавіка 2025, 12:27
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
У апошнія гады рэжым Лукашэнкі маштабна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу іншадумцаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці