Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 кастрычніка 2023 года)

01 лістапада 2023, 19:58
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 кастрычніка 2023 года)

Беларускі ПЭН апублікаваў чарговы агляд парушэньняў правоў чалавека ў сфэры культуры.

На 31 кастрычніка 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 124.

Палітзняволенага грамадскага дзеяча, аўтара турэмнай літаратуры Змітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч. 

Даследчыцы-філолагі Надзея Старавойтава і Наталля Сівіцкая асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі». 

Вынесены прысуд у крымінальных справах музыкаў гурта «Tor Band»: Дзмітрыю Галавачу – 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 100 базавых велічынь штрафу; Яўгену Бурло – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 100 базавых велічынь штрафу; Андрэю Ярэмчыку – 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, 100 базавых велічынь штрафу.

Затрымалі кіраўнікоў танцавальнай студыі «Квартал» Аляксандра Душэўскага і Юлію Шостак.

У Светлагорскім раёне распачата крымінальная справа за замену афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга на ўкраінскі.

Настаўніцу асудзілі за захоўванне кнігі Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.», прызнанай «экстрэмісцкай».

Выдавецтва «Кнігазбор» выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру.

У Брэсце на месцы гета, дзе былі знойдзены парэшткі 1214 расстраляных габрэяў, будуюць жылы дом.

На аўтавакзале ў Гродне і электрацягніках Мінск – Маладзечна перасталі гучаць абвесткі па-беларуску.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 17 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч. Судовая калегія пакінула прысуд у сіле, а скаргі – без задавальнення. Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч судзілі паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове». Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат», з 3 лістапада 2021 года прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка, «па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч пра пазбаўленне яе ліцэнзіі адваката і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна. 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд вынес прысуд: Паўлу Мажэйку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юліі Юргілевіч – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

2. 19 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна вынеслі прысуд грамадскаму дзеячу і аўтару турэмнай літаратуры Змітру Дашкевічу. Яму прысудзілі яшчэ год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Папярэдні прысуд Змітру Дашкевічу быў вынесены 14 ліпеня 2022 года судом Маскоўскага раёна Мінска: яму прысудзілі 1,5 года калоніі, ягонай жонцы Насце Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі». Сужэнцам інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 11 ліпеня 2023 года Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

3. 31 кастрычніка суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да выкладчыц Наталлі Сівіцкай і Надзеі Старавойтавай і загадчыцы студэнцкага інтэрната Алены Драбудзькі. Надзея Старавойтава і Наталля Сівіцкая асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі», загадчыца інтэрната Алена Драбудзька – на 2,5 года «хатняй хіміі». Наталля Сівіцкая – выкладчыца кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, кандыдатка філалагічных навук, аўтарка кнігі «Назвы адзення ў гаворках беларускай мовы» (2011). Надзея Старавойтава – літаратарка, выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філалагічных навук, дацэнтка кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, медыявістка, папулярызатарка беларускай мовы, аўтарка кароткага рамана «Арфаграфія без правілаў» (2008), апавяданняў, эсэ і вершаў. Даследчыца беларускай Трышчаніяны – перакладаў на беларускую мову сусветна вядомай сярэднявечнай легенды пра каханне Трышчана і Іжоты (Трыстана і Ізольды). Выкладала беларускую мову беларускім і замежным студэнтам. Аўтарка шматлікіх артыкулаў пра пераклады з беларускай і на беларускую мову, а таксама пра методыку выкладання беларускай мовы як замежнай. Затрымана 24 ліпеня 2023 года. Прызнана палітзняволенай 1 верасня 2023 года.

4. 31 кастрычніка ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд у крымінальных справах музыкаў гурта «Tor Band». Аўтару тэкстаў песень, вакалісту Дзмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 100 базавых велічынь штрафу, канфіскацыю ноўтбука і тэлефона; Яўгену Бурло – 8 гадоў узмоцненага рэжыму, 100 базавых велічынь штрафу, канфіскацыю тэлефона; Андрэю Ярэмчыку – 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, 100 базавых велічыняў штрафу, канфіскацыю тэлефона. Кліпы гурта «Tor Band» на песні «Мы – не народец», «Жыве!», «Кто, если не ты?!» маюць больш за мільён праглядаў на YouTube. Музыкаў абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 1 і ч. 3 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), арт. 369.1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь); арт. 368 (знявага прэзідэнта). Яўген Бурло быў на мыліцах падчас прысуду, ён не мог устаць.  Удзельнікаў гурта «Tor Band» затрымалі 28 кастрычніка 2022 года.  Музыкам некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту. У студзені 2023 года Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка перавялі ў СІЗА ў Гомелі, у дачыненні да іх распачалі крымінальную справу. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

20 кастрычніка стала вядома, што ў Мінску за ўдзел у пратэстах 2020 года затрымалі кіраўнікоў танцавальнай студыі «Квартал» Аляксандра Душэўскага і Юлію Шостак.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. Суд Рагачоўскага раёна на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) аштрафаваў на 555 рублёў (175 долараў) Пятра Русака за бел-чырвона-белы колер катафота на ровары.

2. 10 кастрычніка ў Наваполацку затрымалі кіроўцу-дальнабойшчыка Дзмітрыя Тарбеева, на яго старонцы ў Instagram знайшлі падпіскі на старонкі «Радыё Свабода», «Белсата» і «Краіны для жыцця», а таксама фота з бел-чырвона-белымі сцягамі. У дачыненні да Дзмітрыя Тарбеева склалі два адміністрацыйныя пратаколы: паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а таксама паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне). 11 кастрычніка адбыўся суд, Дзмітрыя Тарбеева асудзілі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту.

3. 19 кастрычніка ў Мінску затрымалі супрацоўніцу «Белспецэнерга», у якой была аватарка з Пагоняй. Улады сцвярджаюць, што ў жніўні яна была на працы і прайшла ў Viber апытанку пра «пашпарт Новай Беларусі». У чат-боце ініцыятывы «Голас» яна пазначыла прычынай атрымання пашпарта «непрыняцце рэжыму і акупацыйнай сімволікі». На міліцэйскім відэа дэманструюцца скрыншоты.

4. У Оршы Алену Янушэўскую асудзілі на 7 сутак за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» Пагоні і лозунга «Жыве Беларусь». Пры гэтым Алена Янушэўская заставалася ў ізалятары, бо была арыштавана на 7 сутак за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» – інфармацыі з незалежных рэсурсаў.

5. 19 кастрычніка стала вядома, што ў Верхнядзвінску мясцовага жыхара аштрафавалі за «пікет», нібыта праведзены ў Tinder. На сваім фота ў Tinder мужчына быў у майцы з Пагоняй. На яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафавалі на 3330 рублёў (1000 долараў). Майку пастановаю суда знішчылі.

6. 15 кастрычніка стала вядома, што Светлагорскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў). У ноч з 13 на 14 кастрычніка ў рабочым пасёлку Сасновы Бор нехта перарэзаў дрот з флагштока, зняў чырвона-зялёны сцяг і выкінуў яго ў смеццевы кантэйнер. Замест афіцыйнага сцяга быў узняты ўкраінскі. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што затрымалі 41-гадовага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у якога падчас ператрусу на месцы жыхарства знайшлі «сімволіку экстрэмісцкай накіраванасці».

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

Андрэя (Анджэя) Пачобута трымаюць у ШІЗА (штрафным ізалятары), ён не атрымлівае неабходных лекаў. Андрэй Пачобут – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка. Аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), якая напісана на замову польскага выдавецтва і ўздымае праблемы, уласцівыя не толькі Беларусі, але і краінам постсавецкай прасторы. 8 лютага 2023 г. Гродзенскі абласны суд прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці або разладу).

V. Забарона святаў

27 кастрычніка стала вядома, што Гродзенскі аблвыканкам разаслаў распараджэнне наконт забароны Хэлаўіна. Чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыі свята Хэлаўін». Забараняецца ўсялякая яго атрыбутыка – гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах, бо Хэлаўін «прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі» і супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа». Перад Хэлаўінам чыноўнікі тэлефанавалі ў прыватныя арганізацыі, што рэкламавалі тэматычныя вечарыны, і патрабавалі прыбраць з сацыяльных сетак абвесткі пра святкаванне.

VI. Цэнзура

20 кастрычніка ў Мінску ў культурніцкай прасторы «Вершы» забаранілі выставу Vova Televerdok пад назвай «Лес». «Vova Televerdok стварае геаметрычныя кампазіцыі, выкарыстоўваючы чыстыя колеры, імкнучыся да ўніверсальнай гармоніі», – паведамляла анатацыя выставы. «Хто хацеў пабачыць «Лес», трэба паспяшацца, так як работы сёння здымуць», – паведаміў аўтар у сацыяльных сетках.

VII. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

1. 20 кастрычніка ў Слоніме настаўніцу асудзілі за захоўванне кнігі па гісторыі. Ёй прысудзілі 10 базавых велічынь штрафу – 370 рублёў (112 долараў), а таксама канфіскацыю камп’ютара за тое, што яна захоўвала і спрабавала прадаць кнігу Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.». Кніга ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкай».

2. 30 кастрычніка выдавецтва «Кнігазбор» выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру. Пра гэта паведаміў на сваёй Facebook-старонцы дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі: «Усё, і юрыдычна выдавецтва “Кнігазбор” няма. Эпоха Кнігазбору (17.03.1995–26.10.2023)». Выдавецтва «Кнігазбор» працавала 28 гадоў, выдала каля трох тысяч кніг.

VIII. Знішчэнне мясцін памяці

У Брэсце на месцы гета, дзе знайшлі парэшткі 1214 расстраляных габрэяў, працягнуць будаваць жылы дом. Пра гэта паведаміў гарвыканкам. У 2019 годзе пасля таго, як былі знойдзены парэшткі, будоўлю спынілі. Актывісты збіралі подпісы, каб забараніць будоўлю і стварыць мемарыяльны сквер дзеля ўшанавання памяці 30 тысяч габрэяў, знішчаных у гета.

IX. Рэпрэсіі ў моўнай сферы

1. У Гродне на аўтавакзале зніклі галасавыя абвесткі па-беларуску. Абвесткі на беларускай мове зніклі таксама ў і электрацягніках Мінск – Маладзечна. 

2. У Гродне і Мінску чыноўнікі ад адукацыі прыходзяць з праверкай на курсы польскай мовы. У Гродне ў аддзелах адукацыі патрабуюць інфармацыю пра вучняў 9–11 класаў, якія вывучаюць польскую мову.

Арыгінальная публікацыя хронікі - на сайце Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці