Ілюстрацыя spring96.org
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі на знак памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам.
Гэта ўжо чацвёртая гадавіна смерці палітвязня. З таго часу за кратамі памерлі яшчэ шасцёра чалавек. Усе яны — ахвяры рэжыму, для якога салідарнасць стала злом. У Беларусі мінімум 1192 чалавекі несправядліва ўтрымліваюцца ў няволі. Іх імёны цяпер не так часта гучаць у навінах, сацсетках, на міжнародных трыбунах, як раней, але яны — ёсць.
Таму сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі — салідарнасць, каб паказаць, што людзі за кратамі не забытыя.
"Вясна" заклікае 21 траўня выказаць падтрымку ўсім палітзняволеным і ў чарговы раз запатрабаваць ад рэжыму іх вызвалення.
Менавіта ў гэты дзень у шклоўскай калоніі № 17 у 2021 годзе загінуў Вітольд Ашурак — мужны актывіст, асуджаны да пяці гадоў за ўдзел у мірных пратэстах. Вітольд Ашурак мусіў выйсці на свабоду сёлета — 9 чэрвеня 2025 года, аднак гэтага не адбудзецца. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасля яго смерці Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзь стаіць на нагах. Яго цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факту смерці не завялі дагэтуль.
Славуты беларускі праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі на судзе па справе "Вясны" сказаў:
"У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе".
І мы гэта ўбачылі на свае вочы. У 2020 годзе ў адказ на гвалт беларусы адказалі салідарнасцю: чэргамі на пошце, лістамі і паштоўкамі, данатамі і акцыямі салідарнасці, сумеснымі флэшмобамі і публікацыямі ў медыя. Людзі падтрымлівалі палітвязняў як маглі. Тыя, хто вымушана з’ехаў, дасылалі сотні лістоў з розных куткоў свету. І нават калі лісты не даходзілі — іх усё роўна пісалі. Бо ведалі: гэта важна. Таму рэжым пачаў паляваць на салідарнасць: на грамадскія арганізацыі і фонды, праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў, палітзняволеных, валанцёраў і неабыякавых людзей. Усё, што звязана з салідарнасцю ў Беларусі, рэжым старанна знішчае.
Але нядаўна вызвалены высілкамі амерыканскіх уладаў палітзняволены Юрый Зянковіч пасля чатырох гадоў за кратамі ў розных месцах няволі Беларусі адзначыў:
"Вязням <...> вельмі важная грамадская салідарнасць. Нават калі не даходзяць лісты, мы ўсё адно адчуваем падтрымку людзей. Галоўная задача грамадства — гэта дабіцца вызвалення несправядліва асуджаных".
Рэжым прыкладае шмат высілкаў, каб схаваць палітычных зняволеных ад грамадства, а таксама каб пераканаць іх саміх у тым, што яны засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Падаецца, што ўжо не засталося аніякіх магчымасцяў падтрымаць іх, але гэта не так. Мы заклікаем рабіць палітвязняў бачнымі, а іх галасы – чутнымі на ўвесь свет!
Падтрымліваць палітвязняў сёння — значыць захоўваць чалавечнасць у нечалавечых умовах. Кожны ліст, кожная згадка, кожны жэст падтрымкі — гэта крок да свабоды. Гэта доказ таго, што салідарнасць жыве. І будзе жыць, пакуль ёсць тыя, хто памятае, піша і гаворыць. Праўда — не экстрэмізм, а салідарнасць — не злачынства.
Памятайце пра правілы бяспекі. Далучайцеся да салідарных дзеянняў, толькі калі гэта бяспечна для вас.
Напішы ліст палітвязню;
Распавядзі пра палітвязня ў сацсетках, каб зрабіць іх больш бачнымі;
Ахвяруй правераным фондам і ініцыятывам;
Распавядзі, як цябе падтрымлівалі ў зняволенні;
Выкарыстоўвай хэштэг #PrisonersDayBelarus пад тэматычнымі пастамі ў сацсетках;
Удзельнічай у акцыях памяці і салідарнасці;
Прычапі да адзення "жоўтую бірку экстрэміста" ў знак салідарнасці з палітвязнямі ці надзень на акцыю што-небудзь жоўтага колеру;
Прыдумай свой акт салідарнасці і далучайся да Дня палітвязняў!
Праваабаронцы збіраюць інфармацыю пра мерапрыемствы да Дня палітвязняў Беларусі на сайце prisonersday.info — дасылайце іх у тэлеграме: @Viasnainfo