)
27 чэрвеня ў Вільні адбылася прэзэнтацыя кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах» і дыскусія пра палітычны й прававы кантэкст гэтай справы. Сустрэчу зладзілі Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава й праграма ILIA-By у Доме нацыянальных супольнасьцяў / Tautinių bendrijų namai.
Назва сустрэчы гучала як пытаньне: «Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах “скасаванага права”?» Менавіта гэтае пытаньне стала галоўнай рамкай вечара. Бо кніга Сабіны Брыло – ня толькі пра Віктара Бабарыку й ня толькі пра адзін судовы працэс. Гэта кніга пра тое, што адбываецца з чалавекам, калі дзяржава ператварае права ў інструмэнт рэпрэсіяў. І пра тое, што могуць рабіць адвакаты, праваабаронцы, журналісты і грамадзтва, калі закон ужо не абараняе, а пагражае.
Праца над кнігай пачалася ў 2024 годзе й працягвалася два гады. Праект ініцыявалі выпускнікі адукацыйнай праграмы ILIA-By і яе праекта BISH. У ім разам працавалі журналістка й адвакаты – людзі з розных прафэсійных сфэраў, але з з агульным разуменнем важнасці дакументавання: ня толькі для архіваў, але й для актуальных дыскурсаў – культурнага, праваабарончага, палітычнага.
Кніга выйшла ў траўні 2026 году ў выдавецтве Svedki й была ўпершыню прэзэнтаваная на кніжным кірмашы ў Варшаве. Віленская сустрэча дала магчымасьць пагаварыць пра яе ўжо ў шырэйшым коле – з удзелам выпускнікоў ILIA-By, праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў адукацыйных ініцыятываў і грамадзкіх арганізацыяў.
У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел аўтарка кнігі Сабіна Брыло, Віктар Бабарыка, адвакат і суаўтар кнігі Яўген Пыльчанка, а таксама Натальля Мацкевіч – адвакатка Віктара Бабарыкі, аўтарка ідэі кнігі і яе суаўтарка. Мадэравала сустрэчу Тацяна Нядбай, кіраўніца Беларускага ПЭНа і выдавец.
На пачатку сустрэчы мадэратарка нагадала пра палітвязьняў – дзеячаў культуры, а таксама падзякавала Дому нацыянальных супольнасьцяў за пляцоўку для сустрэчы. Далей размова перайшла да самой кнігі: як яна стваралася, чаму была патрэбная і што значыць цяпер, калі беларускае грамадзтва ўсё яшчэ жыве з наступствамі масавых рэпрэсіяў.
Адна з галоўных думак, якая прагучала падчас прэзэнтацыі: гэтая кніга – пра правы чалавека. Яна паказвае справу Віктара Бабарыкі ня як ізаляваны выпадак, а як частку шырэйшай гісторыі разбурэньня прававой сыстэмы ў Беларусі. Праз адну крымінальную справу ў кнізе відаць значна больш: зьнішчэньне грамадзянскіх свабодаў, ціск на незалежную адвакатуру, перасьлед праваабаронцаў, абмежаваньне свабоды слова й ператварэньне суду ў элемэнт рэпрэсіўнага мэханізму.
Віктар Бабарыка падзякаваў праваабаронцам, аўтарам кнігі, журналістцы Сабіне Брыло і сваім адвакатам. Ён асобна зьвярнуў увагу на маштаб рэпрэсіяў у Беларусі супраць адвакатаў – прафэсійнай супольнасьці, безь якой немагчыма ўявіць прававую дзяржаву.
Сабіна Брыло расказала, што навучаньне ў праграме BISH дапамагло ёй як журналістцы працаваць з вялікім аб’ёмам прававога матэрыялу і выбудаваць супольную працу з адвакатамі. Для дакумэнтальнай кнігі такога кшталту гэта было асабліва важна: трэба было ня толькі зафіксаваць факты, але й паказаць іх у прававым і чалавечым кантэксьце.
Падчас дыскусіі ўдзельнікі гаварылі пра адказнасьць за масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, магчымую люстрацыю, гістарычную памяць і будучае пераходнае правасудзьдзе. Асобна абмяркоўвалася, чаму нават пасьля досьведу беззаконьня будучыя працэсы павінны грунтавацца не на помсьце, а на прынцыпах правоў чалавека і вяршэнства права.
Адна з удзельніц сустрэчы адзначыла, што беларускай палітычнай і судовай мэмуарыстыкі па-ранейшаму вельмі мала. Таму кнігі, якія фіксуюць канкрэтныя справы, судовыя працэсы, пазыцыі адвакатаў і досьвед людзей унутры рэпрэсіўнай сыстэмы, маюць асаблівую каштоўнасьць. Яны дапамагаюць грамадзтву асэнсоўваць уласную гісторыю – ня ў выглядзе абстрактных датаў, а праз чалавечыя лёсы і дакумэнты.
Пасьля афіцыйнай часткі адбылася аўтограф-сэсія й нефармальныя размовы.
Гэты вечар стаў ня толькі прэзэнтацыяй выданьня, але й размовай пра тое, навошта беларусам дакумэнтаваць уласны досьвед. Як сьведчаньні, факты й прафэсійная праца могуць супрацьстаяць забыцьцю. І пра тое, што нават ва ўмовах, калі права нібыта “скасаванае”, сама мова права, годнасьці і справядлівасьці застаецца вельмі патрэбнай.
Бо безь яе немагчыма ня толькі абараняць чалавека сёньня, але й будаваць будучую Беларусь.
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
)
)
)
)
)