Фундацыя Дамоў правоў чалавека заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць узгоднены напад на праваабаронцаў, журналістаў і іх арганізацыі. Пра гэта адзначаецца ў заяве арганізацыі.
Пасля таго, як 16 лютага 2021 года наступ на грамадзянскія правы ў Беларусі атрымаў далейшае развіццё, Фундацыя Дамоў правоў чалавека выступіла з патрабаваннем да беларускіх уладаў неадкладна спыніць узгоднены напад на журналістаў, праваабаронцаў і іх арганізацыі. Органы дзяржаўнай улады павінны зняць абвінавачанні супраць праваабаронцаў і журналістаў, вызваліць затрыманых і спыніць іншыя накіраваныя супраць іх дзеянні, у тым ліку ператрусы ў дамах праваабаронцаў, журналістаў і чальцоў іх сем’яў. Тое, што ўлады Беларусі прадпрынялі 16 лютага – гэта дзеянні на абвастрэнне цяперашняй тэндэнцыі парушэння правоў чалавека ў краіне і невыканання сваіх жа міжнародных абавязанняў.
16 лютага ўладамі Беларусі распачатая, мяркуючы па ўсім, узгодненая кампанія ператрусаў у офісах праваабарончых структур, ператрусаў і затрыманняў праваабаронцаў ды журналістаў у Мінску і абласных цэнтрах. Прадстаўнікі ўлады на працягу трох гадзін вялі ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у ходзе якіх былі забраныя звесткі аб чалецкім складзе і іншыя дакументы ды тэхніка, пасля чаго памяшканні офісаў былі апячатаныя. Дзеянні прадпрынятыя супраць прынамсі 25 праваабаронцаў, большасць з якіх працуе ў дзвюх чалецкіх арганізацыях Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – БАЖ і Праваабарончым цэнтры “Вясна”.
"Мяркуючы па звестках, якія паступаюць, праведзеныя 16 лютага рэйды звязаныя з крымінальнай справай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Паводле наяўнай інфармацыі, сённяшнія дзеянні былі праведзеныя Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) пры Міністэрстве ўнутраных спраў і санкцыянаваныя Генеральнай пракуратурай", - гаворыцца ў заяве.
У прыватнасці, 16 лютага дзеянні з боку дзяржаўных органаў прадпрынятыя ў дачыненні да наступных асобаў:
АГЕЕЎ Алег, намеснік старшыні БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.
БАСТУНЕЦ Андрэй, старшыня БАЖ – забраны з дому супрацоўнікамі праваахоўных органаў, завезены на офіс БАЖ, дзе праведзены ператрус; ператрус у сынавым доме, тэхніка канфіскаваная;
БУХЕЛЬ Барыс, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, затрыманы, пазней адпушчаны;
ГАРЭЦКІ Барыс, прэс-сакратар БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.
КОЛЧЫН Аляксей, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, быў затрыманы і дапытаны, пазней адпушчаны;
МАСЛЮКОВА Алена, кіраўнічка светлагорскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.
МЯДЗВЕДЗЕЎ Андрэй, чалец “Вясны” – ператрус у доме, тэхніка канфіскаваная.
ПАЛУДА Андрэй, каардынатар кампаніі “Вясны” “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” – ператрус дома і ў офісе.
ПАРАШЧАНКА Яўгенія, прэс-сакратарка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – ператрус у доме і ў бацькоў.
РЫХТЭР Крысціна, юрыстка БАЖ – ператрус у доме, канфіскаваныя тэлефон і дакументы, звязаныя з дзейнасцю БАЖ.
САЛАЎЁЎ Дзмітрый, праваабаронца “Вясны” – ператрус у доме, затрыманы.
САПЕЛКА Павел, адвакат правоў чалавека “Вясны” – ператрус у доме, канфіскаваная тэхніка.
САЦУНКЕВІЧ Наталля, праваабаронца “Вясны” – ператрус у маці.
ЦЕЛЯПУН Уладзімір, кіраўнік мазырскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.
Дзеянні, учыненыя беларускімі ўладамі – гэта яшчэ адзін крок, каб усіх нязгодных прымусіць замаўчаць, а таксама каб вынішчыць ў Беларусі свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў. Няма сумневу, што гэта – рэпрэсіі з боку ўладаў супраць арганізацый і людзей, якія ажыццяўляюць законную дзейнасць для прасоўвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі. Прывязка дзеянняў да артыкула 342 КК дае падставу сцвярджаць, што працягваецца надзвычай трывожная тэндэнцыя да выкарыстання Крымінальнага кодэкса для расправы над праваабаронцамі, у тым ліку журналістамі.
Варта прыгадаць, што раней гэты артыкул ужо прымяняўся, у прыватнасці, супраць наступных асобаў:
СУДАЛЕНКА Леанід, кіраўнік гомельскай філіі “Вясны” – затрыманы 18 студзеня, пазней выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Ператрусы ў доме і офісе. Пагражае зняволенне тэрмінам да 3 гадоў. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.
ЛАСІЦА Таццяна, праваабарончая актывістка, валанцёрка гомельскай філіі “Вясны” – 21 студзеня затрыманая ў аэрапорце ў Мінску, адкуль спрабавала вылецець у Літву. Выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.
РАБКОВА Марфа, каарынатарка валанцёраў “Вясны” – затрыманая 27 верасня паводле абвінавачання ў фінансаванні і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней да абвінавачанняў дададзенае распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай нявысветленых асобаў паводле артыкула 130 КК. Знаходзіцца пад вартай, пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.
ЧАПЮК Андрэй, валанцёр “Вясны” – затрыманы 2 кастрычніка, абвінавачаны ва ўдзеле ў беспарадках. Знаходзіцца пад вартай.
Напады на іншых праваабарончых дзеячоў і аб’яднанні, якія ажыццяўляюць правамерную працу для абароны правоў чалавека, працягваюцца і гэтаксама падлягаюць неадкладнаму спыненню.
Дзеянні з боку беларускіх уладаў прадпрынятыя, у прыватнасці, і ў дачыненні да наступных дзеячоў:
БУРАКОЎ Алесь, магілёўскі праваабаронца і журналіст-фрылансер – ператрус у офісе 16 лютага.
ГРАБЛЕЎСКІ Алег, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.
ДРАЗДОЎСКІ Сяргей, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.
КВАНТАЛІЯНІ Мікалай, праваабаронца – ператрус у доме 16 лютага.
СТРЫЖАК Андрэй, каардынатар BY_SOL – ператрус у бацькоў, канфіскаваныя мабільны тэлефон і дыскі.
"Сённяшняя акцыя беларускіх уладаў супраць журналістаў, праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый – гэта працяг абуральнага наступу з мэтай запалохвання і поўнага задушэння няўгодных меркаванняў. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін крок у няспынным занядбанні Беларуссю міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека. Праваабаронцы, у тым ліку журналісты, выконваюць законную працу для пашырэння і абароны правоў чалавека. Усе намаганні запалохаць, затэрарызаваць і іншымі сродкамі пераследаваць праваабаронцаў, у тым ліку журналістаў, а таксама ўсіх, хто аказвае ім падтрымку, павінны быць зараз жа спыненыя", - падкрэсліваецца ў заяве Фундацыі Дамоў правоў чалавека.