«Кожная смерць палітвязня — тое, што дадае новую старонку ў абвінавачванне адказным за іх пераслед» — Павел Сапелка

26 мая 2025, 14:10
«Кожная смерць палітвязня — тое, што дадае новую старонку ў абвінавачванне адказным за іх пераслед» — Павел Сапелка

Фота spring96.org

Нядаўна стала вядома пра смерці дзвюх былых палітзняволеных, якія памерлі ад праблем са здароўем ужо на волі. У 39-гадовай Ганны Кандраценкі, асуджанай за каментары, дыягнаставалі рак шыйкі маткі падчас адбыцця пакарання ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі — праз сем месяцаў пасля вызвалення памерла. У 45-гадовай жыхаркі Лунінца Тамары Каравай, якую асудзілі за лайк у "Аднакласніках", прычынай смерці гэтай вясной стала спыненне сэрца — на волі пасля калоніі яна пабыла каля паўгода. Паразмаўлялі з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам пра стан здароўя палітвязняў, патрабаванні да ўладаў адносна хворых зняволеных і заклікі праваабаронцаў паведамляць пра праблемы са здароўем сваякоў і сукамернікаў. 

"Сістэмныя праблемы ў забеспячэнні медыцынскай дапамогі ў турмах"

Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка адзначае, што праблемы са здароўем у беларускіх месцах пазбаўлення волі з'яўляюцца вельмі сур'ёзнымі.

"Умовы ўтрымання, недастатковая медыцынская дапамога і псіхалагічны ціск негатыўна ўплываюць на фізічны і псіхічны стан зняволеных. У 2024 годзе былі зафіксаваныя выпадкі смерці палітвязняў, такіх як Вадзім Храсько, які памёр ад пнеўманіі, і Ігар Леднік, які меў інваліднасць і памёр ад спынення сэрца. Гэтыя выпадкі сведчаць пра сістэмныя праблемы ў забеспячэнні медыцынскай дапамогі ў турмах. Сёлета стала вядома пра смерць былых палітвязняў, адной з іх яшчэ ў калоніі было дыягнаставанае анкалагічнае захворванне".

Паводле сведчанняў былых зняволеных, Ганна Кандраценка, асуджаная за каментары, мела псарыяз яшчэ да зняволення. За кратамі ў яе дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, аднак яе зноў асудзілі і вярнулі ў калонію.

"Улады абавязаны забяспечыць своечасовую дыягностыку і лячэнне ўсіх зняволеных. У выпадку выяўлення сур'ёзнага захворвання, такога як рак, павінна быць аказана неабходная медыцынская дапамога, уключаючы магчымасць стацыянарнага лячэння ў спецыялізаваных установах. Згодна з міжнароднымі стандартамі, адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі можа разглядацца як катаванне або жорсткае абыходжанне", — заяўляе праваабаронца.

"Калі невядома пра стан здароўя палітвязня, то няма спадзеву, што яго праблема будзе праадвакатаваная на ўсіх магчымых узроўнях"

Па стане на 12 сакавіка 2025 года за кратамі ў асаблівай рызыцы знаходзіцца не менш за 219 палітвязняў. Праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра праблемы са здароўем сваіх блізкіх і сукамернікаў. Павел Сапелка растлумачыў, чаму гэта важна:

"Паведамленне праваабаронцам пра праблемы са здароўем зняволеных дазваляе прыцягнуць увагу грамадскасці і міжнародных арганізацый, што можа спрыяць паляпшэнню ўмоў утрымання і аказанню неабходнай медыцынскай дапамогі. Гэта таксама стварае дадатковы кантроль за дзеяннямі ўладаў і можа прадухіліць парушэнні правоў чалавека. Калі праваабаронцам невядома пра нейкае асуджэнне па палітычных матывах, калі невядома пра стан здароўя палітвязня, то дакладна няма спадзеву на тое, што яго праблема будзе праадвакатаваная на ўсіх магчымых узроўнях".

"Галоўнае патрабаванне адносна такіх зняволеных – гэта іх першачарговае вызваленне"

Апроч гэтага, гэта важна, каб палітвязняў у асаблівай рызыцы са здароўем маглі ўключыць у так званыя гуманітарны спіс і дамагацца іх першачарговага вызвалення.

"Улады абавязаны забяспечыць гуманне абыходжанне з усімі зняволенымі, уключаючы тых, хто хварэе. Гэта ўключае своечасовую медыцынскую дапамогу, належныя ўмовы ўтрымання і павагу да чалавечай годнасці. Міжнародныя стандарты патрабуюць, каб зняволеныя мелі доступ да такой жа медыцынскай дапамогі, як і на волі. Галоўнае патрабаванне адносна такіх зняволеных – гэта іх першачарговае вызваленне", — адзначае праваабаронца.

Таксама Павел Сапелка дадае, што адвольнае ўтрыманне ў калоніі паводле палітычных матываў —гэта элемент злачынства супраць чалавечнасці.

"Кожная смерць палітзняволенага – гэта тое, што дадае новую старонку ў абвінавачванне тым, хто адказны за за іх пераслед, адвольны прысуд, утрыманне ў калоніях і турмах, у тым ліку адказны за здароўе зняволеных".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
17 студзеня 2026, 13:57
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай.
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
17 студзеня 2026, 13:47
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
У межах кампаніі #Westandbyou Хубертус Хайль стаў "хросным" палітвязня Мікалая Статкевіча, вядомага лідара апазіцыі.
Агляд Беларускага ПЭНу: пераслед за творчасць у Беларусі з 2020 па 2025 гады
12 студзеня 2026, 19:16
Агляд Беларускага ПЭНу: пераслед за творчасць у Беларусі з 2020 па 2025 гады
Ніжэй разгледжаны выпадкі, якія паказваюць, як у Беларусі творчасць і культурная дзейнасць могуць рабіцца цэнтральным элементам абвінавачання, прыводзячы да крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу, што з’яўляецца прамым парушэннем свабоды творчасці.
Агляд «Вясны»: сітуацыя з палітвязнямі ў 2025 годзе ў лічбах
12 студзеня 2026, 13:35
Агляд «Вясны»: сітуацыя з палітвязнямі ў 2025 годзе ў лічбах
«Вясна» ў лічбах распавядае, якім быў 2025 год для палітвязняў Беларусі — паміж абдымкамі на волі і гвалтоўным выгнаннем з краіны.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці