Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць

22 верасня 2025, 14:07
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць

Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць. Праваабаронцам таксама вядомыя выпадкі, калі сваякоў адпраўляюць на "суткі" паводле адміністрацыйных пратаколаў і нават судзяць па крымінальных справах. Гэта форма рэпрэсій, мэта якіх — запалохаць і прымусіць замаўчаць тых, хто крытыкуе сістэму.

Юрыдычная служба "Вясны" тлумачыць, якія правы ёсць у такім выпадку і як дзейнічаць, каб абараніць сябе. 

Наколькі крытычная сітуацыя з ціскам на сваякоў палітэмігрантаў?

Улады выкарыстоўваюць любыя метады, каб пакараць “нязручных”. Калі чалавеку, які пакінуў краіну, асабіста нашкодзіць не атрымліваецца: няма маёмасці ці грашовых сродкаў, якія можна канфіскаваць, няма магчымасці затрымаць і пазбавіць волі, — ужываюцца іншыя рычагі ціску, напрыклад, праз сваякоў. Да іх прыходзяць з вобшукамі, затрымліваюць, прыцягваюць да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, ствараюць перашкоды пры перасячэнні мяжы і аказваюць псіхалагічны ціск, напрыклад, прымушаюць запісаць “пакаяльнае відэа” пра дрэнныя паводзіны дзіцяці. Такія дзеянні павінны пераканаць сваякоў, што іх пераследуюць з-за “паводзінаў” іх блізкіх. І віна нібыта кладзецца не на дзяржаву і яе супрацоўнікаў, а на дзіця. Дзяржава не прымае крытыку і ставіць сабе за мэту прымусіць грамадзян замаўчаць. Зрабіць гэта яна можа толькі праз рэпрэсіі, бо такі метад найбольш дзейсны.

Ці маюць права выклікаць бацькоў або сваякоў у органы "ў сувязі з дзеяннямі" іх дзяцей?

Так, маюць, бо яны могуць валодаць інфармацыяй, якая датычыцца справы.

У якіх выпадках такі выклік з’яўляецца законным, а калі — гэта форма ціску?

Калі ўзбуджаная крымінальная справа ці праводзіцца даследчая праверка па заяве або паведамленні аб злачынстве, сваякоў могуць выклікаць на законных падставах.

Як павінна выглядаць афіцыйная позва/паведамленне аб выкліку? Ці могуць выклікаць толькі па тэлефоне?

Парадак выкліку на допыт замацаваны ў КПК (арт. 216). На допыт выклікаюць позвай. У ёй павінна быць пазначана: хто і ў якім статусе выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час з’яўлення, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычын.

Выклік можа быць зроблены і іншымі сродкамі сувязі — па тэлефоне, праз смс або электронны ліст. Але нават у гэтым выпадку абавязкова агучыць усе дадзеныя, якія ўтрымліваюцца ў позве.
Калі допыт адбываецца ў працоўны час — трэба патрабаваць даведку для працадаўцы. Пры вобшуку — настойваць на копіі пратаколу, асабліва калі нешта канфіскуюць.

Ці можа допыт або "размова" адбывацца па тэлефоне? Што рабіць, калі пытаюцца, дзе жыве сваяк за мяжой?

Згодна з КПК, допыт праводзіцца па месцы вядзення папярэдняга расследавання. Таму дапытваць па тэлефоне нельга.

Што да “гутаркі”, то так, сваяка могуць апытаць па тэлефоне. Згодна з ч. 1 арт. 21 Закона "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці", аператыўнае апытанне ўяўляе сабой зносіны з грамадзянінам у мэтах атрымання ад гэтага грамадзяніна непасрэдна або з дапамогай сеткі электрасувязі звестак, неабходных для выканання задач аператыўна-вышуковай дзейнасці. Аднак у вас няма абавязку гутарыць з супрацоўнікамі і прадастаўляць ім інфармацыю аб вашых сваяках. Таму выдаваць інфармацыю пра тое, дзе жыве сваяк, вы не абавязаныя. Неабходна памятаць, што той, каго апытваюць, сам прымае рашэнне: мець зносіны або адмовіцца ад зносін, кіруючыся ч. 1 арт. 10 Закона" Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці": грамадзяне ў сувязі з ажыццяўленнем аператыўна-вышуковай дзейнасці маюць права пагадзіцца на аказанне садзейнічання органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, або адмовіцца ад аказання такога садзейнічання.

Якімі правамі валодае сваяк, калі яго выклікаюць як сведкі?

Правы і абавязкі сведкі замацаваны ў частках 3, 4 арт. 60 КПК. Наяўнасць роднасных сувязяў з'яўляецца падставай для адмовы ад дачы паказанняў супраць членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў.

Сведка мае права:

1) не сведчыць супраць сябе самога, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў;
2) заяўляць адвод перакладчыку, які ўдзельнічае ў яго допыце;
3) уласнаручна запісваць свае паказанні ў пратаколе допыту або сведчыць сваім подпісам у пратаколе следчага або іншага працэсуальнага дзеяння правільнасць запісу дадзеных ім паказанняў;
4) заяўляць хадайніцтвы і прыносіць скаргі на дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку аб прыняцці мер па забеспячэнні яго бяспекі, членаў сям'і, блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх ён абгрунтавана лічыць блізкімі, а таксама маёмасці;
5) атрымліваць пакрыццё расходаў, панесеных пры вытворчасці па крымінальнай справе, і шкоды, нанесенай дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс;
6) запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры вытворчасці працэсуальных дзеянняў з яго ўдзелам.

Сведка абавязаны:
1) з'яўляцца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс;
2) праўдзіва паведаміць усё вядомае па справе і адказаць на пастаўленыя пытанні;
3) не выдаваць звесткі пра абставіны, якія сталі вядомымі яму па справе, калі ён быў папярэджаны аб гэтым органам крымінальнага пераследу або судом;
4) падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс.

Звярніце ўвагу на тое, што ў ч. 4 арт. 60 КПК утрымліваецца закрыты пералік абавязкаў сведкі. Калі вам кажуць, што варта падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс (п. 4 ч. 4 арт. 60 КПК), то варта ўдакладніць, на чым заснавана патрабаванне (на якой норме права). Такія заявы як "знайдзіце адрас вашага сына","прынясіце копію ВНЖ вашай дачкі" можна ігнараваць, так як яны не заснаваныя на законе.

Ці можа ён адмовіцца адказваць на пытанні, калі гэта нашкодзіць яму ці блізкім?

Так. Неабходна памятаць пра важнае права: не сведчыць супраць сябе самога, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў (арт.27 Канстытуцыі, п. 1 ч. 3 арт. 60 КПК).

Адмовіцца ад дачы паказанняў можна не толькі на допыце ў следчага, але і ў судзе. Калі чалавек у следчага не адмовіўся ад паказанняў, то ёсць магчымасць скарыстацца гэтым правам у судзе. У гэтым выпадку суд не мае права абвяшчаць паказанні сведкі і выкарыстоўваць іх у якасці доказаў (ч. 2 арт. 333 КПК). 

Ці можа чалавек патрабаваць прысутнасці адваката пры гутарцы або допыце?

Так, але ёсць нюанс. На дачу тлумачэнняў (калі крымінальная справа не ўзбуджаная і калі асоба не з'яўляецца прызнаным сведкам) і на допыт у якасці сведкі, чалавек можа прыйсці з адвакатам. КПК замацоўвае права сведкі на юрыдычную дапамогу адваката (п. 6 ч. 3 арт. 60, арт. 60-1 КПК). Таму калі чалавек набывае статус сведкі, ён мае права запрасіць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры вытворчасці працэсуальных дзеянняў з яго ўдзелам.

Важны момант: чалавек сам павінен забяспечыць яўку адваката. І лепш разам з ім прыйсці да пачатку допыту, інакш следчы можа не дапусціць адваката да ўдзелу ў працэсуальным дзеянні, так як у адрозненне ад падазраванага або абвінавачанага, сведкі могуць дапытваць без адваката. Статус сведкі набываецца пасля ўзбуджэння крымінальнай справы. Да гэтага моманту, чалавек выклікаецца на дачу тлумачэнняў у якасці асобы, якая з'яўляецца сведкам тых ці іншых абставінаў, якія маюць значэнне для ўстанаўлення наяўнасці або адсутнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Нягледзячы на тое, што артыкул 62 Канстытуцыі замацоўвае права кожнага на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, на дачу тлумачэнняў, у адрозненне ад допыту, следчы можа не дапусціць адваката да ўдзелу ў гутарцы, бо гэта прама не замацавана ў КПК. Таму варта настаяць на тым, каб вашага адваката дапусцілі да ўдзелу, бо гэта прадугледжана артыкулам 62 Канстытуцыі. Калі вам адмаўляюць, то папытаеце кнігу заўваг і прапаноў і зафіксуйце адмову. Альбо адлюструйце адмову ў пратаколе.

Што варта зрабіць сваякам перад тым, як ісці на выклік?

  • Пачысціць тэлефон. Паглядзець усе падпіскі, лайкі, перапіскі і фатаграфіі. Выдаліць усё тое, што можа быць выкарыстана супраць родных. Незваротна і з улікам рэкамендацый спецыялістаў.

  • Псіхалагічна падрыхтавацца. На вас могуць аказваць ціск ці гуляць у добрага паліцэйскага, які з'яўляецца вашым лепшым сябрам і на самай справе спрабуе вам і вашым дзецям дапамагчы. Гэтыя метады прымяняюцца для таго, каб вы сказалі шмат усяго лішняга, якое будзе выкарыстана супраць вас і вашых сваякоў.

  • Знайсці адваката і заключыць з ім дамову. Перадаць яму інфармацыю аб месцы і часу вашага выкліку. Пракансультавацца да пачатку допыту.

Як сябе паводзіць падчас размовы, калі задаюць правакацыйныя або асабістыя пытанні?

На правакацыйныя ці асабістыя пытанні лепш не адказваць. Калі іх задаюць пры выкліку на дачу тлумачэнняў, то трэба памятаць, што ў вас пакуль няма ніякага статусу і па тым, што вы сказалі, можа вырашыцца ваша становішча: ці станеце вы сведкам па крымінальнай справе ў будучыні, ці падазраваным/абвінавачаным.

Па законе, следчы не мае права задаваць наводзячыя пытанні (у фармулёўцы якіх утрымліваецца інфармацыя, якая падахвочвае сведкі даць пэўны адказ або змяшчае частковы або поўны адказ). На асабістыя і правакацыйныя пытанні сваяк мае права не адказваць, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе, членаў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў. Пагрозы і прымяненне гвалту недапушчальныя.

Мы раім не даваць паказанняў пра абставіны і падзеі, якія адбываліся даўно і не захаваліся ў памяці, нават калі на гэтым настойвае следчы. "Успомніць" пад ціскам можна і няпэўную інфармацыю, якая можа нашкодзіць фігурантам справы.

Ці ёсць рызыка, што пасля выкліку завядуць адміністрацыйную або крымінальную справу?

Так, на практыцы такое здараецца. Ёсць выпадкі ўзбуджэння адміністрацыйных спраў пасля праверкі тэлефона. Акрамя таго, не выключаецца, што сведка можа стаць падазраваным або абвінавачаным па крымінальнай справе. Гэта залежыць ад таго, што чалавек раскажа ці што знойдзецца пры аглядзе або ператрусе. Таксама пераслед можа быць не заснаваны на нейкіх фармальных прыкметах правапарушэнняў – проста ў якасці помсты за дзейнасць сваякоў.

Куды звяртацца па кансультацыю?

Дапамога і хуткія кансультацыі ў сувязі з ціскам і выклікамі на прафілактычныя гутаркі: Telegram @ViasnaSOS

Кансультацыя і дапамога з абскарджаннем: Telegram @zvarot96 / zvarot@spring96.org 

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 верасня 2025, 13:45
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
19 верасня 2025, 12:49
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
Коратка: у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека.
Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?
19 верасня 2025, 12:45
Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?
У Беларусі адсутнічае рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Але што гэта такое і навошта яно трэба? Як і чаму беларускія ўлады адмаўляюць неабходнасць яго прыняцця?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці