Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова ў лісце да праваабаронцы Human Constanta Насты Лойка распавяла, як сустрэла Новы год і як рухаецца крымінальная справа, пра стан свайго здароўя і штодзённы побыт, а таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад атрымання нацыянальнай прэміі “Праваабаронца года”.
Марфа Рабкова адзначае, што не ўсе лісты ад яе даходзяць да адрасатаў, але дзякуе за тыя лісты, што дасылаюць ёй:
“Дзякуй за віншаванні і словы падтрымкі, яны мяне вельмі падбадзёрваюць :) <…>
Мае справы, як звычайна, у парадку. Справу ўжо перадалі ў пракуратуру і вельмі хутка пойдзе ў суд яна. Я мяркую, што судзіць нас будзе абласны суд. Не верыцца, што будзе адбывацца нешта "новае" ў маім жыцці, я так прывыкла да сізошнай штодзённасці, доўгага дня сурка.
У гэтым ёсць свае плюсы і мінусы. Новы год сустрэлі досыць весела. Лепш, чым гэта было ў мінулым годзе. Псіхалагічна трымаюся, усярэдзіне ёсць свае супярэчнасці ў плане ўскладання надзей на 2022 год. Бо ілжывы досвед ёсць: надзеі былі і на 2021 год, памятаю, з якімі думкамі яго сустракала. Падумаць тады не магла, што прыйдзецца сустракаць і наступны ў тутэйшых сценах. Але нічога, усё гэта перажывальна. А што нас не забівае, то робіць нас мацней.
У камеры я застаюся адной з самай аптымістычнай і суседкі дзівяцца таму, адкуль я чэрпаю ў сабе столькі часу трымацца і пераносіць усе беды. Упэўненая, што ў гэтым ёсць вялікая заслуга каласальнай падтрымкі і салідарнасці са мной. Клопат маіх блізкіх, сяброў, знаёмых і зусім незнаёмых людзей. Многае кранае мяне проста да слёз.
Да мяне прыходзіла адвакатка амаль перад самым НГ, і я даведалася, што стала праваабаронцай года. Гэта такі гонар, я таксама расплакалася :) Але мне здаецца, што ёсць больш годныя людзі, якія ў дадзены момант могуць непасрэдна дапамагаць людзям. Я толькі з боку за ўсім назіраю і пішу лісты :)
Але наогул, гэта падзея вельмі мяне натхніла, пішу табе гэтыя радкі і ўсміхаюся :) Перадавай ад мяне вялікую падзяку і нізкі паклон за гонар насіць такое высокае званне. Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, адукоўваць, несці веды і абараняць правы чалавека незалежна ад межаў, часу і месца. Незалежна ад ўсіх абставінаў”.
Таксама Марфа ў лісце піша, што вельмі па ўсіх сумуе, трымаецца і верыць у лепшае:
“Так па ўсіх засумавала жудасна, хочацца абняць, пагаварыць, пасмяяцца. І ўсё гэта будзе, трэба пацярпець і набрацца сілёнак.
Па ТБ чула прысуд па Аліневічу і Ко - гэта трэш, вядома. Мне дадуць крыху менш па ўсіх прагнозах. Такія страшныя тэрміны раздаюць налева і направа. Але наогул усё гэта не мае значэння, ніхто не будзе сядзець ад званка да званка. Я ўпэўненая ў гэтым на 100%.
Разумею, што маральна, ды і фізічна, гэта складана прыняць і перажыць. Але выбару няма, нам трэба гэта зрабіць.
Са здароўем, у цэлым, усё нармальна. Толькі зубы сваволяць, 31-га адкалолася частка іншага зуба, перадапошняга. Стары год вырашыў мне даставіць "радасць" і ў апошні дзень. Калі справа будзе ў судзе - трэба спрабаваць запусціць працэс выкліку прыватнага стаматолага. Можа суд будзе гуманней ў гэтым пытанні, чым следчы.
А так чытаю шмат, пішу лісты, хаджу на прагулкі і раблю зарадку, часам гляджу ТБ. Усё цячэ ў спакойным, мерным рытме. Толькі суседкі перыядычна змяняюцца і адбываюцца невялікія здарэнні. Усё нармальна, трымаюся і працягваю верыць у лепшае. Калі-небудзь з усяго гэтага мы будзем успамінаць толькі добрае і над многім смяяцца”.