Новая намінацыя і іншыя змены ў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці

15 лістапада 2023, 15:04
Новая намінацыя і іншыя змены ў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці

На фота злева направа: Таццяна Каравянкова, Ірына Леўшына, Аляксандр Тамковіч, Ганна Герасімава. Цырымонія ўзнагароджвання 2018, Менск, "Тэрыторыя правоў"

Сёлета ў Праваабарончай прэміі з'явілася новая намінацыя: «Праваабарончая салідарнасць». Што гэта за намінацыя і ў адказ на які выклік яна была створаная?

КРЫХУ ГІСТОРЫІ

Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе. Беларускія праваабаронцы штогод адзначалі тых, хто зрабіў унёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі. Пятнаццаць гадоў — вялікі тэрмін. За гэты час не аднойчы мянялася грамадска-палітычная сітуацыя, і разам з ёй мянялася і Прэмія. Ад пачатку Прэмія ўручалася па трох намінацыях: праваабаронца года, адвакат года і журналіст года. У 2016 годзе на змену «Адвакату года» прыйшла намінацыя «Грамадская кампанія ці ініцыятыва года». І ў 2023 годзе Аргкамітэт заснаваў новую, чацвертую намінацыю «Праваабарончая салідарнасць».

НОВАЯ НАМІНАЦЫЯ: УГАНАРАВАННЕ ТЫХ, ХТО ПАЦЯРПЕЎ, АБАРАНЯЮЧЫ ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА

У 2020 годзе грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальна: краіну агарнулі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Не ў апошнюю чаргу яны закранулі тых, хто абараняў правы чалавека: праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў. У такім стане натуральным памкненнем праваабаронцаў было падтрымаць сваіх калегаў і паплечнікаў, якія пацярпелі найбольш, у прыватнасці – трапілі ў краты. Аднак мінуў 2020 год, за ім – наступны, і яшчэ адзін, аднак колькасць праваабаронцаў і журналістаў у турмах не паменшылася, а наадварот, павялічылася. У сітуацыі, калі рэпрэсіі не спынаюцца, а набіраюць сілу, узнікла патрэба асобна ўшаноўваць тых, хто пацярпеў ад пераследу рэжыму.

Таму ў 2023 годзе Аргкамітэт Прэміі дадаў да трох намінацыяў — «Праваабаронца года», «Журналіст года» і «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» чацьвертую: «Праваабарончая салідарнасць». Гэтая намінацыя дазволіць уганараваць тых, хто зазнаў пакуты пераследу, і ў той самы час узнагародамі ў іншых намінацыях адзначыць праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, якія працягваюць дзейнасць на карысць беларускага грамадства.

ЦІ СВОЕЧАСОВА ГАНАРАВАЦЬ У ЧАС РЭПРЭСІЯЎ?

Часам можна пачуць, што перыяд грамадска-палітычнага крызісу і брутальнага ігнаравання правоў чалавека — не час для святкаванняў і вызначэнняў лаўрэатаў сярод праваабаронцаў і журналістаў. Аднак Прэмія праваабарончай супольнасці даецца не толькі за прафесіяналізм журналістам праваабаронцам — а тым, хто зрабіў заўважны унёсак у развіццё, прасоўванне і папулярызацыю правоў чалавека. А ў крызіс абарона правоў чалавека робіцца надзвычай актуальнай і важнай. Гэта прэмія – адзначэнне тых, хто ў самыя неспрыяльныя часы працягвае дзейнічаць.

Алег Груздзіловіч на цырымоніі ўручэння Прэміі ў 2009 годзе

ЛАЎРЭАТЫ ПРЭМІІ Ў ЗНЯВОЛЕННІ

Пра тое, што абаронцы правоў чалавека падзяляюць лёс свайго грамадства ў часы грэбавання правамі чалавека і законамі, яскрава сведчыць статыстыка, якой лепш не было б: колькасць лаўрэатаў Прэміі папярэдніх гадоў, якія сёння знаходзяцца ў кратах. Гэта дзевяць чалавек:

Алесь Бяляцкі, Праваабаронца года - 2011;

Анджэй Пачобут, Журналіст года -  2012;

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца года - 2015;

Ірына Леўшына, Журналіст года - 2018;

Генадзь Фядыніч, Праваабаронца года - 2018;

Кацярына Андрэева, Журналіст года – 2020;

Дзяніс Івашын, Журналіст года - 2021;

Марфа Рабкова, Праваабаронца года - 2021;

Наста Лойка, Праваабаронца года - 2022.

У розныя часы былі ў зняволенні па палітычных матывах наступныя лаўрэаты:

Алег Груздзіловіч, Журналіст года – 2009;

Зміцер Дрозд, Журналіст года – 2016;

Сяргей Драздоўскі, Праваабаронца года – 2016;

Ігар Комлік, Праваабаронца года – 2018;

Леанід Судаленка, Праваабаронца года – 2019;

Кацярына Барысенка, Журналіст года – 2019;

Дар’я Чульцова, Журналіст года – 2019.

Затрыманні, арышты на «суткі» і іншы пераслед і ціск праз сваю праваабарончую дзейнасць ня раз зазналі і іншыя лаўрэаты Прэміі.

Спіс усіх лаўрэатаў вы знойдзеце па спасылцы.

МАГЧЫМАСЦЬ НАМІНАВАЦЬ ЛАЎРЭАТАЎ МІНУЛЫХ ГАДОЎ

Сёлета Аргкамітэт Прэміі дадаў яшчэ адну істотную змену ў Палажэнне аб Прэміі: магчымасць намінаваць тых, хто ўжо быў лаўрэатам у папярэднія гады. Цяпер і намінаваць, і атрымліваць Прэмію можна неабмежаваную колькасць разоў. Гэта дазволіць адзначыць тых, хто дзейнічае на працягу многіх гадоў.

У Палажэнні аб Прэміі таксама з’явіўся пункт, які кажа аб немагчымасці намінаваць самога сябе.

Падрабязна парадак вылучэння намінантаў і выбару лаўрэатаў апісаны ў Палажэнні аб прэміі.

Калі вы з’яўляецеся лаўрэатам Прэміі мінулых гадоў, але сёлета не атрымалі ліст з прапановай вылучаць намінантаў, звярніцеся ў Аргкамітэт па адрасе: belarus@humanrightshouse.org

Глядзiце таксама

Стартавала Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці за 2024 год
25 кастрычніка 2024, 12:46
Стартавала Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці за 2024 год
Гэта ўжо 16-ты год існаваньня Прэміі, заснаванай у 2008 годзе.
Пятнаццатая Прэмія праваабарончай супольнасці: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – у кратах
13 снежня 2023, 09:23
Пятнаццатая Прэмія праваабарончай супольнасці: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – у кратах
У Вільні ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год. Прэмія, заснаваная 15 год таму, трэці год запар уручаецца не ў Беларусі, а частка яе намінантаў — у кратах за сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць.
"У праваабарончым асяроддзі маюць панаваць альтруізм і памкненне дапамагаць адно адному - а не канкурэнцыя і змаганне міжсобку"
10 снежня 2023, 10:36
"У праваабарончым асяроддзі маюць панаваць альтруізм і памкненне дапамагаць адно адному - а не канкурэнцыя і змаганне міжсобку"
Аргкамітэт Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці выступіў са зваротам і апублікаваў лонг-ліст намінантаў Прэміі.
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год
30 лістапада 2023, 12:02
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год
Аргкамітэт Прэміі праваабарончай супольнасці за абарону і прасоўванне правоў чалавека ў 2023 годзе апублікаваў спіс намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці