Патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Піліпа Шаўрова і спыніць яго крымінальны пераслед

19 красавіка 2020, 12:29
Патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Піліпа Шаўрова і спыніць яго крымінальны пераслед

Беларуская праваабарончая супольнасць 16 красавіка 2020 года выступіла з заявай у абарону Піліпа Шаўрова, якога пераследуюць за тое, што ён расфарбаваў рукі помніку рускага паэта Пушкіна ў Мінску.

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мінск, 16 красавіка

Актывіст моладзевай апазіцыйнай арганізацыі “Малады фронт” Піліп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня 2020 г. пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю і заявіў, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку А. С. Пушкіну ў Мінску.

18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Слечага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аб’ектыўныя дзеянні П. Шаўрова заключаліся ў наступным: 16-17 студзеня 2020 г. (згодна з абвінавачваннем), ён нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў г. Мінску.

17-19 студзеня 2020 г. ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны.

Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска і прынятыя да вытворчасці. Піліп Шаўроў утрымліваецца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска. У выпадку прызнання судом яго віны у інкрымінаваных злачынствах, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі (максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй ч. 2 арт. 339 КК).

У сувязі з прад’яўленымі П. Шаўрову абвінавачваннямі, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае.

У выніку праведзенага прававога аналіза абвінавачвання і фактычных абставінаў здзейсненага П. Шаўровым мы прыходзім да высноваў аб адсутнасці ў ягоных дзяеннях складу злачынства па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК (“Хуліганства”).

Нанесеныя ім графіці не прывялі да знішчэння ці пашкоджання аб’ектаў, на якія яны былі нанесеныя, не прывялі да страты імі іх спажывецкіх якасцяў. Прывядзенне іх у першапачатковы выгляд патрабавала пэўных матэряльных затрат, якія маглі б быць ускладзеныя ў далейшым на прычыніцеля шкоды ў грамадзянска-прававым парадку.

Абвінавачаны не пасягнуў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варажнечы і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Змест малюнкаў і надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, якія адбываліся ў краіне (серыя публічных акцый пратэсту супраць гэтак званай “паглыбленай інтэграцыі” Расіі і Беларусі) напрыканцы 2019 года, сведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясенні было выказванне меркавання на гэтыя грамадска-значныя тэмы.

Мы лічым, што гэтыя формы выказвання меркавання патрапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакуменце Следчага камітэта матывамі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаны не пасягнуў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варажнечы і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Дзеянні Піліпа Шаўрова насілі выключна мірны характар і адпаведна трапляюць пад абарону арт. 19 Пакта.

Прымянне да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з’яўляецца беспадстаўным і празмерным і расцэньваецца намі як сродак аказання ціску на абвінавачанага з-за помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю П. Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”, сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі. Менавіта ў сувязі з гэтым ён і быў абвінавачаны па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК, бо такое абвінавачванне дазваляла следчым узяць яго пад варту.

Трэба адзначыць, што ізаляцыя П. Шаўрова, разам з узяццём падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства ў ягонага адваката, сур’ёзным чынам абмяжоўвае магчымасці абароны і дазваляла працяглы час хаваць ад грамадскасці сутнасць прад’яўленых абвінавачванняў па гэтай рэзананснай справе.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Піліпа Шаўрова адвольным і палітычна матываваным, а самога Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

Спынення крымінальнага пераследу Піліпа Шаўрова па арт. 339 КК з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

ПЦ “Вясна”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

РГА “Прававая ініцыятыва”

РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”

Установа “Human Constanta”

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”

АУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Асамблея НДА

Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

Экспертна-прававое Таварыства “Ініцыятыва FORB”

Глядзiце таксама

Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
18 красавіка 2024, 10:47
Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
Фонд Домов прав человека и членские организации Сети Домов прав человека призывают парламент Грузии и Народную скупщину Республики Сербской отказаться от законопроекта об "иностранных агентах".
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
15 красавіка 2024, 10:50
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Якубёнка, Ігара Новіка, Сяргея Соца, Паўла Ліпневіча, Яўгена Хамянкова, Паўла Казінцава, Сяргея Ільіна, Сяргея Зелянкова, Аляксандра Бародзіча, Іллю Шамілава, Арцёма Коласава, Ігара Іванова, Ігара Жука, Наталлю Рамашову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
15 красавіка 2024, 10:20
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Дзіяну Кішкаренка, Анастасію Юманаву, Вольгу Патрусаеву, Дзмітрыя Кучука, Міхаіла Петраша, Юрыя Хаванскага, Піліпа Сцёпіна, Яўгена Цыбульку, Вячаслава Баравіка, Дзмітрыя Шчамера, Андрэя Анпілогава, Івана Дыдышку, Сяргея Крука і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Алена Тоцкая і іншыя)
31 сакавіка 2024, 11:30
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Алена Тоцкая і іншыя)
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці