Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, блогера Рамана Пратасевіча

24 мая 2021, 11:36
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, блогера Рамана Пратасевіча

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 24 траўня 2021

Як нам стала вядома, 23 траўня 2021 г. у выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair у Нацыянальным аэрапорце г. Мінска прадстаўнікамі спецслужб Беларусі быў затрыманы вядомы блогер Раман Пратасевіч.

Паводле даступнай нам інфармацыі Раман Пратасевіч абвінавачваецца ўладамі Беларусі ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч.1 арт. 342 КК  (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч.3 арт. 130 КК (распальванне сацыянальнай розні).

На падставе гэтага Раман Пратасевіч быў унесены ў нацыянальны спіс тэрарыстаў, абвешчаны ў міжнародны вышук. Запыт аб ягонай эсктрадыцыі таксама быў накіраваны ўладамі Беларусі ўладам Польшчы.

Вядома, што разам з Раманам Пратасевічам была адвольна затрымана Сафія Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае:

Пераслед блогера Рамана Пратасевіча ажыцяўляецца ўладамі Беларусі ў перыяд востарага крызіса з правамі чалавека ў краіне, які пачаўся пасля абвешчання прэзідэнцкіх выбараў у траўні мінулага году і працягваецца дагэтуль. Дадзены крызіс суправаджаецца бепрэцэдэнтнымі палітычнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянаў краіны, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы чалавек – мужчын і жанчын, пенсіянераў і студэнтаў, прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага грамадства. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што яны маюць іншыя погляды на развіццё краіны, патрабуюць правядзення сумленных выбараў і забеспячэння правоў чалавека для ўсіх без выключэння грамадзянаў Беларусі.

Публічная дзейнасць Рамана Пратасевіча з’яўляецца нічым іншым, як мірнай рэалізацыей свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека – свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, выказвання свайго меркавання і інш.

Згодна з міжнароднымі стандартамі свабоды выказвання меркавання, нихто не можа падвяргацца любога роду абмежаванням, пазбаўленню правоў ці санкцыям па прычыне ўласных меркаванняў ці перакананняў.

Асоба можа быць пакараная за выказванне свайго меркавання, якое пагражае нацыянаьнай бяспецы, калі Урад можа прадэманстраваць:

  • А) што выказванне меркавання мае на мэце заклікі да гвалтоўных дзеяняў;

  • В) можа прывесці да такіх гвалтоўных дзеянняў;

  • С) маецца прамая і непасрэдная сувязь паміж дадзенымі выказваннямі і верагоднасцю ці ўзнікненнем такіх гвалтоўных дзеянняў.

Як намі неаднаразова адзначалася, масавыя стыхійныя сходы грамадзян, якія пачаліся пасля заканчэння прэзідэцкіх выбараў, насілі ў асноўным мірны характар і не суправаджаліся дзеяннямі, якія можна кваліфікаваць, як масавыя беспарадкі.

Абвінвачванне Рамана Пратасевіча ў распальванні сацыянальнай розні ў дачыненні да чыноўкікаў, міліцыі і іншых службовых асобаў з’яўляеццца, па нашым меркаванні, нічым іншым, як пераследам за крытыку дзеючай улады. Артыкул 130 КК прызваны найперш абараняць ад распальвання варажнечы ўразлівыя групы грамадства, а не прадстаўнікоў дзяржаўнай улады ад няхай сабе і жорсткай крытыкі ў іх адрас. Намі неаднаразова ўдакладнялася, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады не з’яўляюцца асобнай сацыяльнай групай.

Акрамя таго, згодна з міжнароднымі стандатамі ў галіне свабоды выказвання меркавання, недапушчальна пакаранне за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, урада, дзяржаўных устаноў ці дзяржаўных і грамадскіх дзяечаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразы не скіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці можа пацягнуць такія дзеянні.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед Рамана Пратасевіча палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а яго самога палітычным зняволеным ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.

  2. Вызвалення адвольна затрыманай Сафіі Сапега.

  3. Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 жніўня 2024, 12:01
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:38
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:22
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 жніўня 2024, 08:13
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці