Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка

05 лютага 2021, 10:53
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 04 лютага 2021 г.

У сувязі з вынясеннем прысуда аб пазбаўленні волі  ў дачыненні да Стэфана Лазавіка, асуджанага 26 лістапада 2020 г. судом Горацкага р-на па ч.1 арт. 339 (хуліганства) да аднаго года пазбаўлення волі, а таксама атрыманнем інфармацыі аб прад’яўленні абвінавачвання па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) Віктару Лосіку мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Стэфан Лазавік быў затрыманы супрацоўнікамі МУС 16 верасня 2020 г. па падазрэнні ў датычнасці да нанясення пратэстных надпісаў “Он проиграл и стал убивать. Скот уходи!” 12 жніўня 2020 г. на адным з прыпыначных пунктаў г. Горкі. Крымінальная справа першапачаткова была ўзбуджаная пракуратурай Горацкага р-на па арт. 341 КК. Пад ціскам следчых Стэфан Лазавік прызнаў датычнась да нанясення гэтых надпісаў, але калі 29 кастрычніка 2020 г. ён адмовіўся на просьбу следчых яшчэ і запісаць відэа з пакаяннем у здзейсненым, пракуратара перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт. 339 КК (хуліганства). 26 лістапада 2020 г. суд Горацкага р-на прысудзіў Стэфана Лазавіка да 1 года пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму. Стэфан Лазавік быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у поствыбарчых пратэстных акцыях.

7 снежня 2020 г. у п. Хацежына Мінскага р-на супрацоўнікамі МУС быў затрыманы Віктар Лосік, які абвінавачаецца ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнуртраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежанскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”, а таксама ў нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах маста. Яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у СІЗА г. Жодзіна.

Напісанне надпісаў “Он проиграл и стал убивать. Скот уходи!” і Не забудем, не простим!”, а таксама размяшчэнне пудзілаў з выявамі міністра і старшыні выбарчай камісіі сведчаць аб відавочна іх пратэстным змесце. Як вынікае з паказанняў саміх затрыманых, мэтай учынкаў было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Такім чынам гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.

Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.

Нанясенне на апоры маста і іншыя збудаванні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня”, які афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, не можа быць кваліфікавана як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і адпаведна кваліфікавана па арт. 341 КК.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаныя не пасягалі на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Таксама абвінавачаныя паказалі, што яны не мелі на мэце заклікаць да гвалту ці нейкіх гвалтоўных дзеянняў і іх прапаганду.

Надпісы на прыпынку і апорах маста не маглі і не прывялі да іх значнага пашкоджання ці знішчэння, а матэрыяльная шкода ад такіх надпісаў відавочна насіла сімвалічны характар.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычна матываваным, а саміх Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.

  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве " Хьюман канстанта”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

РГА "Прававая ініцыятыва”.

Глядзiце таксама

Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
18 красавіка 2024, 10:47
Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
Фонд Домов прав человека и членские организации Сети Домов прав человека призывают парламент Грузии и Народную скупщину Республики Сербской отказаться от законопроекта об "иностранных агентах".
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
15 красавіка 2024, 10:50
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Якубёнка, Ігара Новіка, Сяргея Соца, Паўла Ліпневіча, Яўгена Хамянкова, Паўла Казінцава, Сяргея Ільіна, Сяргея Зелянкова, Аляксандра Бародзіча, Іллю Шамілава, Арцёма Коласава, Ігара Іванова, Ігара Жука, Наталлю Рамашову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
15 красавіка 2024, 10:20
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Дзіяну Кішкаренка, Анастасію Юманаву, Вольгу Патрусаеву, Дзмітрыя Кучука, Міхаіла Петраша, Юрыя Хаванскага, Піліпа Сцёпіна, Яўгена Цыбульку, Вячаслава Баравіка, Дзмітрыя Шчамера, Андрэя Анпілогава, Івана Дыдышку, Сяргея Крука і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Алена Тоцкая і іншыя)
31 сакавіка 2024, 11:30
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Алена Тоцкая і іншыя)
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці