Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Яна Салановіча

01 снежня 2020, 10:33
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Яна Салановіча

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 30 лістапада 2020 г.

Салановіч Ян Алегавіч - студэнт 4-га курса дзённага аддзялення БДУІР. Першага лістапада 2020 года яго затрымалі ў г. Мінску на мірным вулічным шэсці супраць тэрору і адвезлі ў РУУС Партызанскага раёна. Па словах маці, там яго дапытвалі, аказвалі ціск, у выніку чаго ён прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мірных сходах за жнівень, верасень і кастрычнік 2020 года. Затым яго даставілі ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.

На сённяшні дзень вядома пра шэсць судоў (02.11, 05.11, 10.11, 18.11, 22.11, 27.11) над Янам Салановічам за ўдзел у мірных сходах. У агульнай суме Яну прысуджана 86 сутак адміністрацыйнага арышту, 27 з якіх ён знаходзіцца ў ЦІП. Ёсць асцярогі, што Ян можа быць падвергнуты арышту на яшчэ большыя тэрміны.

Тактыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску. Так, Павел Севярынец у 2020 г. адбыў 90 сутак запар адміністрацыйнага арышту ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, пасля чаго супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па масавых беспарадках.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога роду практыка прымянення нормаў КаАП з'яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, прымяняецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую актыўнасць студэнта Яна Салановіча.

Акрамя таго мы адзначаем, што пазбаўленне волі Яна Салановіча, па сваёй працягласці, суадносна з пакараннем у выглядзе арышту ў рамках Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Заключэнне Яна Салановіча выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюджвання інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.

Асаблівы непакой выклікае парушэнне такіх нормаў працэсуальнага права, як галоснасць пры ажыццяўленні правасуддзя, парушэнне права на абарону, як самастойна, так і з дапамогай абаронцы, суды праз скайп, што не прадугледжана заканадаўствам і т. д.

Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленне свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэрыі ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася. Адпаведна ўсе падвергнутыя адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах прызнаюцца намі палітычнымі зняволенымі на перыяд іх ізаляцыі.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Яна Салановіча і патрабуем:

  1. Адмены вынесеных у дачыненні да Яна Салановіча пастаноў суда Партызанскага раёна г. Мінска ад 02.11.2020 г., 05.11.2020 г., 10.11.2020 г., 18.11.2020 г., 23.11.2020 г., 27.11.2020 г. і іншых судовых пастаноў, вынесеных у дачыненні да яго па арт. 23.34 і 23.4 КаАП;

  2. Спынення раней пачатых адміністрацыйных працэсаў па арт. 23. 34 і арт 23.4 КоАП у дачыненні да Яна Салановіча;

  3. Спынення рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў і вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у іх.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
07 жніўня 2025, 11:37
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
06 жніўня 2025, 11:27
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Вадзіма Здаравеннава, Ігара Бурдэля, Станіслава Сіліча, Марыну Мазоўку, Вольгу Калпакову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
01 жніўня 2025, 11:24
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Марыну Петражыцкую, Наталлю Навіцкую, Ірыну Шумейка, Арцёма Шынкевіча, Аксану Шаляпіну, Дзмітрыя Царука, Дзяніса Цыбульскага.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці