Мінск, 30 верасня 2020 г.
29 верасня 2020 года суд Маладзечанскага раёна вынес прысудПаўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцігнееву па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас затрымання сілавікамі мірных пратэстоўцаў на акцыі 19 чэрвеня 2020 г. у гМаладзечна. Павел Пяскоў асуджаны на тры гады і тры месяцы пазбаўлення волі, Уладзіслав Еўсцігнееў — на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
19 чэрвеня Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў знаходзіліся побач з некалькімі дзясяткамі гараджан, якія праводзілі мірны сход у Маладзечна. Супрацоўнікі міліцыі адвольна, з ужываннем непрапарцыйнага гвалту затрымалі аднаго з прысутных, сцвярджаючы, што той актыўна ўдзельнічаў у несанкцыяваным мерапрыемстве, чым перашкодзілі ажыццяўленню ім сваіх канстытуцыйных і міжнародна прызнаных правоў — права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў, якая ўключае шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі.
Затрыманы Мікалай Алейнік сцвярджаў пасля, што ў аўтобусе АМАПа ён стаў ахвярай збіцця.
Такім чынам, прымяненне ў адказ гвалту для прадухілення адвольнага, з ужываннем непрапарцыйнага гвалту затрыманняў удзельнікаў мірнага пратэсту не змяняе характар дзеянняў Паўла Пескова і Уладзіслава Еўсцегнеева з мірнага на гвалтоўны. Варта ўлічыць, што дзеянні абвінавачаных не суправаджаліся нанясеннем удараў, і прычыненне шкоды супрацоўнікамі міліцыі не было іх мэтай, пра што сведчыць нязначны характар прычыненых пашкоджанняў, атрыманых толькі ад падзення ўдзельнікаў інцыдэнту на зямлю.
Разгляд крымінальнай справы суддзёй Вікторыяй Паляшчук суправаджаўся працэсуальнымі адступленнямі ад прынцыпаў справядлівага суда. У прыватнасці, на падставе не абвешчаных у судовым пасяджэнні матэрыялаў аператыўна-вышуковай дзейнасці аб намеры Паўла Пяскова выехаць з Беларусі суддзя змяніла ў ходзе судовага разборуяму меру стрымання на заключэнне пад варту і ў далейшым ён дастаўляўся ў суд у кайданках і ўтрымліваўся ў зале суда за перагародкай. Таксама абароне і абвінавачванню былі створаныя няроўныя ўмовы для прадастаўлення і даследавання доказаў.
Прызначанае абодвум абвінавачаным пакаранне выходзіць за межы звычайнай практыкі прызначэння пакаранняў па такога роду справах, з’яўляючыся празмерна жорсткім па выглядзе і памеры, нават з улікам сумнеўнай кваліфікацыі, прапанаванай абвінавачваннем і падтрыманай судом: абодва абвінавачаных не судзімыя, не адмаўлялі дзеянняў, у якіх іх абвінавацілі, а санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса дазваляе прымяніць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Мы перакананыя ў тым, што непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве матывамі дзеянняў уладаў у дадзеным выпадку з’яўляецца ўмацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў; пазбаўленне волі да абвінавачаных было ўжыта выключна з-за іх палітычных перакананняў, у кантэксце насаджання дзяржаўнымі інстытутамі палітыкі нагнятання ў грамадстве атмасферы раз’яднанасці і страху.
Падкрэсліваючы сваю прыхільнасць выключна мірным спосабам пратэсту, мы, тым не менш, адзначаем, што зваротны гвалт, справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем прадстаўнікамі ўлады фізічнай сілы, спецсродкаў ці зброі, пры тым, што ў дзеяннях абвінавачаных адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды здароўю, не можа ў дадзеным выпадку разглядацца як злоўжыванне правам. Крызіс прававой сістэмы ў пост-выбарчы перыяд, адкрыта выбарчы характар расследавання і правасуддзя, калі ўсе намаганні дзяржаўных інстытутаў накіраваныя выключна на падаўленне палітычных і грамадзянскіх правоў і свабодаў не аднаўляючы парушаных правоў ахвяраў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, прымушае нас у максімальнай ступені акцэнтаваць увагу на выкананні дзяржавай правоў чалавека і асноўных свабодаў.
З улікам выкладзеных абставінаў мы мяркуем, што ва ўмовах несвабоды жыццё і здароўе абвінавачаных можа падвяргацца небяспецы. Таму ў сувязі з тым, што пазбаўленне волі Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва; працягласць і ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйны (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім названыя асобы былі прызнаныя вінаватымі; абвінавачаныя пазбаўленыя волі выбарча у параўнанні з іншымі асобамі, кіруючыся п. 2.1, 3.2 а) с) d) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны вязень”, прынятага на III Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева палітычным зняволеным і патрабуем:
неадкладна вызваліць іх з-пад варты;
пераглядзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”
Беларускі Дакументацыйны цэнтр
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”
Беларускі ПЭН-цэнтр
РГА “Прававая ініцыятыва”
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”