Пазіцыя кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый адносна ініцыятывы па заснаванні дэмакратычнымі сіламі Беларусі інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі

02 красавіка 2025, 12:09
Пазіцыя кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый адносна ініцыятывы па заснаванні дэмакратычнымі сіламі Беларусі інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі

Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, лічым неабходным давесці да ведама структур дэмакратычных сіл Беларусі і шырокай грамадскасці сваю пазіцыю адносна ініцыятывы дэмакратычных сіл Беларусі па заснаванні інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі (далей – Упаўнаважаны).

Мы лічым, што засноўваць пазіцыю Упаўнаважанага [на падставе дзвюх рэдакцый праекта Палажэння аб Упаўнаважаным па правах грамадзян Беларусі: рэдакцыі, разасланай Офісам Святланы Ціханоўскай на адрас беларускіх праваабарончых арганізацый 18.02.2025 г. і абмеркаванай з прадстаўнікамі Офіса і Каардынацыйнай рады 25.02.2025 г., і рэдакцыі, разгледжанай на адкрытым пасяджэнні Каардынацыйнай рады 18.03.2025 г.] з улікам сённяшніх умоў немэтазгодна і неэфектыўна ў сілу наступных прычын:

1. Занадта шырокі пералік функцый Упаўнаважанага, якія немагчыма эфектыўна рэалізоўваць у цяперашніх умовах.

Тэматычны мандат, прапісаны ў праекце Палажэння (частка 3) уключае ў сябе спіс функцый Упаўнаважанага з 12 пунктаў, якія цалкам дублююць функцыі праваабарончых арганізацый, некаторых іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама міжнародных механізмаў, якія працуюць па Беларусі. Ва ўмовах функцыянавання нармальнай дзяржавы з працоўнымі інстытутамі функцыі і мандаты праваабарончых арганізацый і Упаўнаважанага таксама перасякаюцца, разам з тым у іх зусім розныя магчымасці і статусы. Упаўнаважаны – дзяржаўная службовая асоба (або орган) з уладнымі паўнамоцтвамі і механізмамі забеспячэння незалежнасці згодна з Парыжскімі прынцыпамі, у тым ліку асобным артыкулам дзяржаўнага бюджэту. Упаўнаважаны мае тыя магчымасці, паўнамоцтвы і рычагі ўплыву, якіх не маюць праваабарончыя арганізацыі, таму іх паралельная праца ўзаемадапаўняльная.

Ва ўмовах эміграцыі (выгнання) немагчыма забяспечыць адпаведнасць інстытута Упаўнаважанага Парыжскім прынцыпам ні ў частцы належнага выканання функцый і ролі згодна са стандартам, ні ў частцы належнага забеспячэння незалежнасці, што ўзаемазвязана. У тым ліку немагчыма забяспечыць наяўнасць інфраструктуры, якая гарантуе бесперабойнае ажыццяўленне дзейнасці Упаўнаважанага, і дастатковае фінансаванне (п. 2 раздзела "Склад і гарантыі незалежнасці і плюралізму" Парыжскіх прынцыпаў), а таксама наяўнасць шырокіх паўнамоцтваў (п. 2 раздзела "Паўнамоцтвы і функцыі" Парыжскіх прынцыпаў).

У цяперашніх умовах Упаўнаважаны з такім шырокім фармальным мандатам на практыцы не будзе мець ніякіх дадатковых магчымасцяў у параўнанні са структурамі дэмакратычных сіл, праваабарончымі арганізацыямі і наяўнымі міжнароднымі механізмамі па Беларусі, таму дубляванне і перакрыжаванне іх функцый не апраўданае і неэфектыўнае.

Наяўнасць такога шырокага спектру функцый і адсутнасць неабходных рэсурсаў і ўмоў для іх рэалізацыі будзе весці да таго, што частка з іх так і застанецца на паперы, а частка (у тым ліку маніторынг сітуацыі з правамі чалавека, даклады аб сітуацыі з правамі чалавека, распрацоўка дапаможнікаў і тлумачэнняў па пытаннях правоў чалавека і інш.) Упаўнаважаны будзе выконваць, выкарыстоўваючы і кампілюючы напрацоўкі і матэрыялы праваабаронцаў, справаздачы міжнародных механізмаў і працэдур ААН, што зноў жа пазбаўлена сутнаснага сэнсу і стварае непатрэбнае дубляванне.

2. Занадта шырокая суб'ектная кампетэнцыя, якая размывае сутнасць інстытута Упаўнаважанага па правах чалавека.

Па-першае, пазіцыя заяўлена як Упаўнаважаны па правах грамадзян Беларусі, а не Упаўнаважаны па правах чалавека, што ў прынцыпе супярэчыць сутнасці і стандарту гэтага інстытута. Традыцыйная роля Упаўнаважанага – абараняць правы ўсіх людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі і пад юрысдыкцыяй дзяржавы незалежна ад грамадзянскага статусу. Нават з улікам цяперашняй сітуацыі такое пазіцыянаванне выключае магчымасць Упаўнаважанага адвакатаваць, напрыклад, правы замежных грамадзян, якія зазнаюць палітычны пераслед з боку рэжыму А. Лукашэнка на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку палітзняволеных замежнікаў. Гэта неапраўдана, калі кіравацца сутнасцю і логікай гэтага праваабарончага механізму.

Па-другое, яго мандат прапануецца распаўсюджваць як на грамадзян Беларусі, якія пражываюць у краіне, так і на грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой. Гэта таксама бачыцца малаэфектыўным: ніякіх інструментаў, дадатковых да ўжо наяўных, тых, што выкарыстоўваюцца праваабаронцамі, міжнароднымі механізмамі і дэмакратычнымі сіламі, якія дазваляюць уплываць на становішча людзей унутры Беларусі, ва Упаўнаважанага не будзе. Больш за тое, улічваючы высокую імавернасць прысваення Упаўнаважанаму "экстрэмісцкага" статусу, грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, будуць баяцца да яго звяртацца. Калі казаць пра ўсіх грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой, выклікае абгрунтаваныя сумневы рэальная неабходнасць (з улікам адсутнасці належных рэсурсаў) рэагаваць на парушэнні правоў людзей, якія даўно пражываюць за мяжой і не маюць ніякага дачынення да пратэснай актыўнасці, якіх не пераследуе паводле палітычных матывах рэжым А. Лукашэнкі. Таксама выклікае сумневы, што Упаўнаважаны будзе мець больш сур'ёзныя магчымасці ўплываць на рашэнні мясцовых уладаў, чым адпаведныя структуры краін, у якіх гэтыя людзі даўно пражываюць.

Пры гэтым мы канстатуем рэальную неабходнасць надаць больш увагі абароне правоў беларусаў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі як у краінах ЕС, так і за яго межамі. У сувязі з гэтым было б мэтазгодна і своечасова заснаваць спецыяльную пасаду ў структурах дэмакратычных сіл, мандат якой быў бы засяроджаны выключна на адвакатаванні і абароне правоў беларусаў у выгнанні. Такі прадстаўнік дэмакратычных сіл, у тым ліку, мог бы мэтанакіравана працаваць з Упаўнаважанымі па правах чалавека краін знаходжання беларусаў у выгнанні.

3. Недастаткова прапрацаваны тэкст Палажэння.

Названыя ў пунктах 1 і 2 заўвагі з'яўляюцца прынцыповымі. Яны не дазваляюць нам станоўча ацаніць стварэнне інстытута Упаўнаважанага ў цяперашніх умовах. Акрамя гэтага, сам тэкст Палажэння сыры і непрапрацаваны з гледзішча дакладнасці фармулёвак, логікі і абгрунтавання неабходнасці ўвесці такі інстытут. У тым ліку ў абгрунтаванні паказваецца, што стварэнне такога інстытута адпавядае неаднаразовым рэкамендацыям міжнародных органаў па правах чалавека ААН. Аднак гэтыя рэкамендацыі даваліся рэальнай дзяржаве (Рэспубліцы Беларусь) з улікам неабходнасці паралельна прыняць комплекс мер па забеспячэнні адпаведнасці такога інстытута Парыжскім прынцыпам. У цяперашніх умовах гэта немагчыма, у тым ліку ў сілу прычын, агучаных у пунктах 1 і 2 гэтай пазіцыі.

Мы прызнаем складанасць сітуацыі, у якой вымушаны існаваць дэмакратычныя сілы, цэнім намаганні, якія яны робяць, каб падтрымаць беларускую павестку на міжнароднай арэне, адвакатаваць і лабіраваць інтарэсы і правы беларусаў, у тым ліку ў рамках праваабарончага кірунку. Разам з тым непрадуманыя і неабгрунтаваныя крокі ў гэтай сферы ўплываюць на (не)эфектыўнасць выкарыстання міжнародных праваабарончых механізмаў і фруструюць міжнародных партнёраў.

У сувязі з гэтым, улічваючы выкладзенае адносна інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі,

  • будучы занепакоенымі агульнай тэндэнцыяй грэбаваць дзейнымі нормамі міжнароднага права, міжнароднымі стандартамі правоў чалавека ў дакументах і заявах,

  • разумеючы і прызнаючы палітычны характар дзейнасці дэмакратычных сіл,

  • будучы адкрытымі да канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння на карысць будучыні Беларусі,

мы заклікаем дэмакратычныя сілы Беларусі:

  • вытрымліваць баланс паміж стварэннем протаэкасістэмы дэмакратычных сіл (протаўрад, протапарламент) і важнасцю захоўваць рэальныя сэнсы і сутнасць наяўных у міжнароднай практыцы прававых інстытутаў, асабліва ў кантэксце праваабарончай павесткі;

  • пазбягаць абгрунтавання адыходу ад базавых прававых прынцыпаў і стандартаў умовамі "асаблівай сітуацыі";

  • грунтаваць рашэнні аб заснаванні дадатковых структур і пазіцый у рамках праваабарончай павесткі з улікам наяўнай сістэмы арганізацый і механізмаў, якія займаюцца адвакацыяй і абаронай правоў чалавека, пазбягаючы непатрэбнага дублявання і размывання праваабарончай павесткі;

  • у пытаннях, якія тычацца абароны правоў чалавека, рэальна ўлічваць пазіцыю беларускіх праваабарончых арганізацый, якія даўно сфармавалі ўстойлівую супольнасць, што валодае міжнароднай рэпутацыяй;

  • пазбягаць фармалізму ў дыялогу і кансультацыях, якія забяспечваюць удзел усіх зацікаўленых бакоў;

  • выкарыстоўваць у распрацоўцы дакументаў і заяў глыбейшую юрыдычную экспертызу, якая ў максімальнай ступені абапіралася б на міжнародныя стандарты і каштоўнасці адданасці вяршэнству права.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Прававая ініцыятыва

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Беларускі ПЭН

Human Constanta

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Lawtrend

Respect-Protect-Fulfill

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
07 жніўня 2025, 11:37
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
06 жніўня 2025, 11:27
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Вадзіма Здаравеннава, Ігара Бурдэля, Станіслава Сіліча, Марыну Мазоўку, Вольгу Калпакову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
01 жніўня 2025, 11:24
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Марыну Петражыцкую, Наталлю Навіцкую, Ірыну Шумейка, Арцёма Шынкевіча, Аксану Шаляпіну, Дзмітрыя Царука, Дзяніса Цыбульскага.
Патрабуем рэабілітацыі 18 былых палітычных зняволеных (Жанна Вайніловіч і іншыя)
30 ліпеня 2025, 11:16
Патрабуем рэабілітацыі 18 былых палітычных зняволеных (Жанна Вайніловіч і іншыя)
Пра факты палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні палітычнымі зняволенымі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці