Пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці-2020

10 снежня 2020, 16:41
Пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці-2020

У Міжнародны Дзень правоў чалавека, дзясятага снежня, адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў штогадовай Нацыянальнай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі.

Беларуская праваабарончая супольнасць узнагародзіла лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі-2020 ў трох намінацыях: "Праваабаронца года", "Журналіст года" і "Кампанія/ініцыятыва года". Сёлета праз эпідэмію цырымонія была закрытай; гледачы маглі далучыцца да анлайн-трансляцыі.

Вядучым імпрэзы быў Барыс Гарэцкі — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пераможцай ў намінацыі “Праваабаронца года-2020” стала Таццяна Агеева.

Праваабаронца атрымала гэтую ўзнагароду пасмяротна. 40 дзён таму Таццяна Мікалаеўна заўчасна пайшла з жыцця.

Дыплом пераможцы быў уручаны Алегу Агееву, сыну Таццяны Агеевай.

Таццяна Агеева - адвакат са стажам 30 гадоў; 8 гадоў праваабарончай дзейнасці. Пасля Плошчы-2010 Таццяну Агееву пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

Таццяна Агеева дапамагала Цэнтру прававой трансфармацыі, супрацоўнічала з Беларускім дакументацыйным цэнтрам. Аўтар больш чым дзесяці індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН; адзін з іх – ад імя маці палітыка Юрыя Захаранкі; аўтар шматлікіх публікацый і аналітычных аглядаў (грамадскі кантроль за месцамі несвабоды, права ахвяраў палітычных рэпрэсій, абскарджванне дзеянняў службовых асобаў, незалежнасць судовай сістэмы, самакіраванне адвакатуры і інш.). У 2016-2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу па падрыхтоўцы Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабаронцаў, прымала ўдзел у супольных праваабарончых праектах.

Тацццяна Агеева – аўтар Рэкамендацый у праект Закона РБ “Аб зменах і дапаўненнях у некаторыя законы аб удасканальванні дзейнасці адвакатуры” ад імя беларускіх праваабаронцаў.

Сваю праваабарончую дзейнасць Таццяна Агеева прысвяціла абароне правоў, падвышэнню аўтарытэта праваабаронцаў у беларускім грамадстве, умацаванню ролі права і правасуддзя, незалежнасці суддзяў і адвакатаў.


Лаўрэаткамі ў намінацыі “Журналіст года-2020” сталі адразу тры журналісткі: Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова і Кацярына Барысевіч. Усе яны зараз находзяцца за кратамі.

Дыплом пераможцаў атрымлівала Ірына Слаўнікава, прадстаўніца тэлеканала "Белсат" у Беларусі.

Кацярына Андрэева – журналістка "Белсат". У прафесійных колах вядомая як вядучая вулічных стрымаў, падчас якіх яе не раз затрымлівалі, а пасля прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама яна займалася тэмай карупцыі, пісала пра вайну на Данбасе: сёлета ў Кіеве ў яе выйшла сумесная з мужам кніга пад назвай "Беларускі Данбас". Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Дар'я Чульцова – аператарка "Белсат". 15 лістапада яна працавала аператарам разам з Кацярынай Андрэевай – здымала з акна кватэры тое, што адбываецца на «Плошчы пераменаў». Яе таксама абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.BY, спецыялізуецца на прававых тэмах: піша аб гучных крымінальных справах, судовых разглядах. Генеральная пракуратура завяла на яе крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 178 Крымінальнага кодэкса за артыкул аб стане загінулага Рамана Бандарэнку.

У намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года” лаўрэатам была прызнаная кампанія ByCOVID19.

# BYCOVID19 – ініцыятыва дапамогі медыкам, якая запрацавала ў канцы сакавіка. Толькі ў асноўнай кампаніі на MolaMola было сабрана каля 360 тысяч рублёў (пакуль рахункі MolaMola не былі заблакаваныя ў сувязі са справай «Белгазпрамбанка»). Валанцёры аказалі дапамогу сотням медустаноў па ўсёй краіне, даставілі медыкам сотні тысяч штук сродкаў індывідуальнай абароны. А таксама забяспечылі іх сотнямі пульсаксіметраў, бескантактавых тэрмометраў, дзесяткамі рэцыркулятараў і бактэрыцыдных выпраменьвальнікаў. Валанцёры змаглі дамовіцца аб пастаўках у бальніцы нават кіслародных канцэнтратараў і пральных машын для службовага адзення медыкаў. Ініцыятыва каардынавала і іншыя віды дапамогі ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса.

Запіс цырымоніі ўручэння Праваабарончай прэміі-2020 глядзіце па спасылцы.

Глядзiце таксама

«На месцы Ігара Ільяша мог быць кожны з нас». Рэпартаж БАЖ з уручэння Праваабарончай прэміі-2024
11 снежня 2024, 12:34
«На месцы Ігара Ільяша мог быць кожны з нас». Рэпартаж БАЖ з уручэння Праваабарончай прэміі-2024
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, аб’явілі вынікі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці 2024 года. Сёлета сярод пераможцаў аказаліся трое журналістаў.
Пераможцы Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці ў 2024 годзе
11 снежня 2024, 11:45
Пераможцы Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці ў 2024 годзе
Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год.
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год
29 лістапада 2024, 12:58
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год
Аргкамітэт Прэміі праваабарончай супольнасці апублікаваў спіс намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст у 2024 годзе.
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2024
25 лістапада 2024, 09:45
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2024
Аргкамітэт апублікаваў намінаваных сёлета на Прэмію.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці