Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі.
Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Грамадскі кантроль (public control) — працэс, пры якім жыхары краіны назіраюць за працай розных дзяржаўных інстытуцый. Звычайна маюць на ўвазе пра тры вялікія блокі: назіранне за выбарамі, назіранне за судамі і назіранне за мірнымі сходамі. Асобнага права на грамадскі кантроль няма, ёсць іншыя правы, якія яго забяспечваюць. Гэта комплексны працэс яшчэ і таму, што з аднаго боку, праз маніторынг людзі робяць свой унёсак у забеспячэнне правоў іншых, а з другога — рэалізуюць сваё ўласнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.
Гэта просты, універсальны і зразумелы інструмент, у якога ёсць некалькі функцый. Па-першае, гэта дазваляе людзям уключацца ў грамадскую актыўнасць, быць часткай грамадзянскай супольнасці.
— Дэмакратычны лад магчымы толькі пры актыўным удзеле людзей, якія жывуць у краіне, — адзначае Наталля Сацункевіч. — У чалавека і дзяржавы ёсць не толькі правы, але і абавязкі, таму гэта складаныя звязаныя працэсы, калі яны злажана функцыянуюць — карысць атрымліваюць усе ягоныя удзельнікі.
"Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі"
Па-другое, грамадскі кантроль выконвае важную функцыю структурнага збору інфармацыі аб тым, як працуе дзяржава.
— Калі адзін чалавек зайшоў у суд ці паглядзеў, што адбываецца на выбарах, на падставе гэтага немагчыма зрабіць грунтоўныя сістэматычныя высновы, — кажа Наталля. — Калі з’яўляецца больш манітораў ці назіральнікаў, якія дзейнічаюць паводле метадалогіі назірання, можна сабраць структураваныя даныя, і на іх падставе рабіць слушныя высновы. Таму важна, калі назіранні за судамі ці выбарамі ажыццяўляюць арганізацыі ці ініцыятывы на сталай аснове. Звычайна гэтым займаюцца праваабарончыя арганізацыі. У Беларусі ёсць некалькі прыкладаў: кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая шмат дзесяцігоддзяў маніторыць выбары, кампанія ControlBу — сумесная ініцыятыва Валанцёрскай службы “Вясны” і БХК па маніторынгу мірных сходаў.
На базе атрыманай інфармацыі можна зрабіць высновы пра становішча ў краіне з рознымі правамі. Напрыклад, як забяспечваецца шматкампанентнае права на справядлівае судовае разбіральніцтва, якое ўключае ў сябе і прэзумпцыю невінаватасці, і працэсуальныя правы, і доступ да прававой дапамогі і іншае. Больш за тое, наведванне суда — толькі частка маніторынгу, пасля гэтага адбываецца глыбокая аналітычная праца праваабаронцаў, якая становіцца асновай нацыянальных ці міжнародных дакладаў.
Трэцяя функцыя грамадскага кантролю — уласна сам кантроль. Прысутнасць назіральнікаў на судах, выбарах ці мірных сходах паляпшае якасць выканання ўсіх законных працэдураў.
— Мы добра бачым, як змяняюцца паводзіны прадстаўнікоў дзяржавы, — заўважае Наталля. — Часам людзі прапускаюць пэўныя часткі інструкцыі нават не таму, што хочуць штосьці парушыць, а проста таму што лічаць гэта няважным. Напрыклад, калі міліцыянт затрымлівае чалавека і складае адміністратыўны пратакол, для супрацоўніка гэта ўжо 120 чалавек за тыдзень, ён гатовы як мага больш скараціць свае высілкі і час, таму штосьці прапускае, не тлумачыць чалавеку важныя рэчы. Але так чалавек не можа ў поўнай меры рэалізаваць свае правы, бо проста не ведае ведае, як сябе паводзіць, ён можа не разумець, што адбываецца. Калі ты прыходзіш у суд ці іншую дзяржаўную ўстанову і кажаш, што хочаш проста паглядзець, як людзі выконваюць сваю працу, яны пачынаюць адразу больш уважліва прытрымлівацца працэдуры.
Грамадскі кантроль існуе як норма ў шмат якіх краінах. У БДІПЧ АБСЕ існуе вялікі маніторынгавы дэпартамент, які займаецца назіраннямі за мірнымі сходам і выбарамі. У сваіх назіраннях “Вясна” прытрымліваецца міжнародных стандартаў па маніторынгу, справаздачы праваабарончага цэнтру па выбарах карыстаюцца даверам.
Наталля Сацункевіч: Часам назіраць за мірнымі сходамі ў Беларусі было небяспечна
У дэмакратычных краінах ці краінах, якія імкнуцца да дэмакратыі, ёсць імпэт да выканання правоў. Грамадскія назіранні лічацца легітымным спосабам удзелу ў грамадскім жыцці, яны вітаюцца, бо яны дазваляюць зрабіць сістэму больш зразумелай і сяброўскай для людзей. Чыноўнікі мусяць зразумець, што яны пад пільным грамадскім кантролем, у тым ліку таму што яны фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту — падаткаў людзей. Але калі мы кажам пра недэмакратычную краіну, дзе няма жадання выконваць правы чалавека, дзяржава хутчэй будзе думаць, як зрабіць так, каб назіральнікаў не было. Спачатку іх спрабуюць забараніць, потым — арыштаваць.
Незалежныя назіральнікі на тэрыторыі РУУСа Першамайскага раёна Мінска 25 сакавіка 2017
— Мы можам паглядзець, як нервова рэагуе беларуская сістэма на назіранне за выбарамі, — канстатуе праваабаронца Наталля Сацункевіч. — Гэта стала больш распаўсюджана ў 2020 годзе, калі камісіі пабачылі, што існуе па дзесяць назіральнікаў на кожную камісію і фальсіфікацыя выбараў становіцца публічнай. Гэта вельмі розныя рэчы — калі ты робіш нешта схавана ці публічна. Публічнасць накладае на чалавека дадатковую адказнасць.
Але калі беларуская прапаганда спрабуе паказаць, што хадзіць, збіраць і перадаваць даныя камусьці — гэта злачынства, то гэта супярэчыць і звычайнай логіцы, і праву. Напрыклад, нават паводле беларускіх законаў, разгляды спраў у судах ажыццяўляюцца адкрыта, апроч пэўных выпадкаў. Людзі павінны вельмі добра разумець, як працуе судовая сістэма, яна мусіць быць для іх зразумелай і празрыстай. Яе сутнасць у тым ліку зрабіць так, каб грамадства было больш здаровае, а чым лепш чалавек разумее, што і як працуе ў гэтай сістэме — тым прасцей яму выконваць гэтыя правілы. Любая сістэма імкнецца да спрашчэння, але наша задача як грамадскіх назіральнікаў — прымусіць яе выконваць правілы.
Цяпер беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб схаваць масштаб рэпрэсій і выключыць любую актыўнасць людзей. Напрыклад, у пачатку года людзей фактычна пакаралі за салідарнасць. Гэта вялікі выклік для праваабаронцаў.
Назіральнікі на акцыі 10 кастрычніка 2015 года ў Менску
— Але схаваць усё немагчыма, — упэўненая Наталля Сацункевіч. — Таму мы спрабуем розныя спосабы пошуку інфармацыі, у тым ліку тыя, якія не звязаныя з рызыкай для людзей. Зараз заклікаць людзей схадзіць у суд немагчыма, бо ўсе разумеюць кошт гэтай публічнай актыўнасці. Мы можам працягваць настойваць на тым, што гэта вельмі важна, што ажыццяўляць грамадскі кантроль — ваша права. Але на жаль, мы можам і канстатаваць: ненармальна тое, як дзяржава абыходзіцца з тым, што людзі рэалізуюць свае правы. Такой шматгадовай і стабільнай сістэме рэпрэсій складана штосьці супрацьставіць.
Аднак нават цяпер можна назапашваць веды і кампетэнцыі. Напрыклад, БДІПЧ АБСЕ запусціў анлайн-курс па маніторынгу за мірнымі сходамі, маніторынгу выбараў, грамадскім кантролі. Яго можна прайсці ў любы зручны час, каб мець агульнае разуменне пра гэтыя працэсы. Беларусы ў эміграцыі таксама могуць пазнаёміцца з мясцовымі праваабарончымі арганізацыямі і ініцыятывамі, бо звычайна яны таксама шукаюць валанцёраў.
— Нам трэба быць падрыхтаванымі да дэмакратычных зменаў, — кажа Наталля. — Калі яны пачнуцца, дзяржаўнай сістэме патрэбна будзе шмат дапамогі, каб яна хутка і якасна змянілася. І дакладна ведаю, што ў гэтым будзе вялікі ўплыў грамадскага назірання, і чым больш людзей будуць адукаваныя хаця б тэарэтычна — тым лепш.
Калі вам вядомыя звесткі пра палітычныя рэпрэсіі, калі ласка, паведамляйце пра гэта бяспечнымі спосабамі. Калі вы не хочаце, каб інфармацыя была апублікаваная, мы абяцаем выкарыстоўваць яе выключна для архіваў ці статысткі ў абагульненым выглядзе.