Сабіна Брыло: «Я баюся, што тыранія магчымая ў любой краіне Эўропы»

07 жніўня 2026, 11:02
Сабіна Брыло: «Я баюся, што тыранія магчымая ў любой краіне Эўропы»

29 чэрвеня 2026 году літоўскі навінавы партал 15min апублікаваў інтэрвію журналісткі Сары Пуасан зь беларускай паэткай і журналісткай Сабінай Брыло, выпускніцай праекта BISH. Размова была прымеркаваная да выхаду кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах».

Публікуем пераклад інтэрвію зь літоўскай мовы.

Нядаўна ў Варшаве выйшла кніга «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах» («Сьведкі», 2026).

Яе аўтарка, беларуская журналістка і паэтка Сабіна Брыло, цяпер жыве ў Вільні. У кнізе бесстароньне, на падставе фактаў, пазыцыяў абвінавачаньня і абароны, а таксама прававых дакумэнтаў распавядаецца пра адну з самых вядомых палітычных справаў у сучаснай Беларусі. Паводле адвакаткі Віктара Бабарыкі Натальлі Мацкевіч, гэта энцыкляпэдыя правоў чалавека.

Віктар Бабарыка, былы шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку», мэцэнат і філянтроп, стаў галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 году. Незадоўга да выбараў яго арыштавалі і асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, у сьнежні 2025 году, Віктара Бабарыку нечакана вызвалілі ў выніку пагадненьня, дасягнутага адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ягоным адмысловым пасланьнікам Джонам Коўлам.

Сын Віктара Бабарыкі Эдуард, які кіраваў выбарчай кампаніяй бацькі, дагэтуль застаецца ў зьняволеньні.

27 чэрвеня Віктар Бабарыка прыехаў у Вільню і ўзяў удзел у прэзэнтацыі кнігі ў Доме нацыянальных супольнасьцяў. Паводле яго, кнігу Сабіны Брыло можна чытаць як раман Джорджа Оруэла «1984». Адначасова яна сьведчыць пра тое, што адбываецца ў Эўропе XXI стагодзьдзя, хоць многім эўрапейцам у гэта цяжка паверыць. Гэта не фантазія і не антыўтопія, а рэальнасьць.

Пра прававы нігілізм, асабісты гераізм і ілюзіі, пра бясьсільле міжнароднага права і пагрозу тыраніі, магчымай у любой краіне Эўропы, мы размаўляем з аўтаркай кнігі Сабінай Брыло.

- У тваёй кнізе няма нічога, што належала б пяру ці ўяўленьню публіцыста: ніякіх эмацыйных заклікаў, падбухторваньня, мовы варожасьці, натхняльных творчых інтэрпрэтацыяў ці проста аўтарскіх камэнтароў. А ты ж паэтка, майстрыха іроніі і дасьціпнасьці... Аднак ты не скарысталася гэтымі талентамі, кніга падаецца як драма, напісаная самой Гісторыяй. Чым абумоўлены такі выбар?

Аўтарка гэтай кнігі не паэтка, а журналістка, якая прафэсійна цікавіцца прававой тэматыкай. Увесь мой прафэсійны досьвед так ці інакш зьвязаны з пытаньнямі права.

Калі мне было дваццаць гадоў, я прыйшла працаваць у штотыднёвік «Фэміда», названы ў гонар багіні правасудзьдзя. Я была сьведкай першых гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, пісала пра першыя пратэсты і несправядлівыя суды.

На адным з судоў я пазнаёмілася з хлопцам, якога затрымалі на вуліцы і абвінавацілі ў тым, што ён «выкрыкваў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі». Але раптам высьветлілася, што хлопец быў глуханямы і папросту ня мог нічога выкрыкваць.

З прычыны такой відавочнай недарэчнасьці яго не пакаралі, а іншых каралі. Ужо тады міліцыянты давалі хлусьлівыя паказаньні супраць затрыманых, а суды прызначалі людзям штрафы і арышты за тое, чаго яны не рабілі.

Пазьней я працавала рэдактаркай выданьня «Криминальное обозрение», пісала пра розныя судовыя справы і пра правы чалавека. Потым чатыры гады была рэдактаркай тэлевізійнай праграмы прававой тэматыкі.

Дзесяць гадоў таму я паступіла на доўгатэрміновую адукацыйную праграму Беларускага дому правоў чалавека ў Вільні і атрымала каштоўныя тэарэтычныя веды ў гэтай галіне.

Таму за падзеямі 2020 году ў Беларусі я назірала ня толькі праз эмацыйную ці грамадзянскую прызму, але і з прававога гледзішча. Напэўна, менавіта гэта хвалявала мяне найбольш.

На судзе над Віктарам Бабарыкам не выконваўся прынцып роўнасьці бакоў, відавочна дамінавала абвінавачаньне. Больш за тое, пазьней рэпрэсіі закранулі і мэдыя, якія спрабавалі распавядаць пра гэтую справу, і адвакатаў, якія абаранялі суперніка Лукашэнкі.

Я ўзяла на сябе задачу распавесьці гэтую гісторыю як мага больш бесстароньне. У кнізе дасьледуюцца пазыцыі абвінавачаньня і абароны, а таксама кантэкст справы.

Я ўяўляю аўдыторыю кнігі вельмі шырокай, ад спажыўцоў масавай мэдыйнай прадукцыі да палітычных аналітыкаў. Я хацела б, каб кнігу пераклалі на замежныя мовы, бо гісторыя палітычнага перасьледу з выкарыстаньнем крымінальнага заканадаўства зьяўляецца не нацыянальнай, а ўнівэрсальнай зьявай.

Хацелася б, каб людзі ў розных краінах разумелі, як ствараецца і працуе гэты мэханізм. XXI стагодзьдзе, цалкам забясьпечаны, адукаваны эўрапейскі народ, і раптам такая буйна разрослая тыранія.

Мне здаецца, пытаньне «Як гэта магчыма?» павінна непакоіць кожнага інтэлектуала.

- Падчас усіх выбарчых кампаніяў, па выніках якіх прэзыдэнтам Беларусі рабіўся Аляксандар Лукашэнка, былі затрыманыя адзінаццаць прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Пасьля апошніх выбараў 2025 году ён адбывае ўжо сёмы прэзыдэнцкі тэрмін. Аднак Віктар Бабарыка, які 12 траўня 2020 году заявіў пра намер балятавацца на прэзыдэнта, казаў, што верыць у Беларусь як прававую дзяржаву. Чаго ў гэтым кроку, на тваю думку, было больш: наіўнай і неабгрунтаванай веры ці схільнасьці да рызыкі, азарту гульца? Пасьля ўсяго перажытага, як казаў сам Віктар Бабарыка на прэзэнтацыі кнігі, ён ужо не ўяўляе, як можна жыць у краіне, дзе наогул няма права...

Я думаю, Віктару Бабарыку было ўласьцівае нармальнае прававое мысьленьне. У ягоную лёгіку ўкладалася такая канструкцыя: калі я дзейнічаю ў адпаведнасьці з законам, а закон не забараняе балятавацца на прэзыдэнта, калі я не парушаю ні прававых, ні этычных канвэнцыяў, дык мая рызыка мізэрная.

Акрамя таго, ён кіраваўся лёгікай мэнэджара найвышэйшага ўзроўню: калі я дваццаць гадоў пасьпяхова кірую банкам, чаму б не паспрабаваць свае сілы ў кіраваньні краінай?

Думаю, Віктар Бабарыка ведаў пра прававыя праблемы ў Беларусі. Ён таксама ведаў, што судовая сыстэма падпарадкаваная выканаўчай уладзе. Але ён недаацаніў глыбіню аўтарытарызму і прававога нігілізму беларускай улады.

Да 2020 году ў Беларусі было няшмат мэдыя, якія пра гэта пісалі. Шчыра кажучы, большасьць людзей увогуле хацела заплюшчваць вочы на прававую самаволю, пакуль яна не закранала іх саміх ці іхных блізкіх.

Акрамя таго, я адважуся выказаць здагадку, што ў Бабарыкі быў і глыбока асабісты матыў, хоць пра гэта, вядома, варта было б спытаць у яго самога. За некалькі гадоў да выбараў 2020 году трагічна загінула ягоная жонка Марына. Магчыма, узьнікла патрэба запоўніць пустэчу, якая засталася пасьля страты каханага чалавека, і ён адважыўся пайсьці ў палітыку...

Але, шчыра кажучы, я не выключаю, што Віктар Бабарыка проста вельмі сьмелы чалавек.

- У адным зь першых інтэрвію пасьля таго, як Віктар Бабарыка стаў прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта, ён заявіў, што немагчыма доўга ўтрымліваць народ у пакоры, нават крывавымі мэтадамі. Казаў, што народ ужо сасьпеў. Ён нават сьцьвярджаў, што рэпрэсіяў у краіне няма, і рытарычна пытаўся: «Чаму мы жывём у страхах і ствараем міты?» Але ўжо тады журналісты пыталіся, як ён будзе абараняць сваіх прыхільнікаў у выпадку масавых рэпрэсіяў. Як выглядала сытуацыя для цябе і тваіх сяброў?

Гэта якраз тое, пра што я казала вышэй: недастатковая інфармаванасьць пра прававую сытуацыю.

Бабарыка мог экспэртна ацэньваць становішча ў эканоміцы, асабліва ў банкаўскай сфэры. Магчыма, ён даволі добра разумеў асаблівасьці палітычнай сыстэмы і ведаў людзей, якія мелі пэўны ўплыў ва ўрадзе.

Але каб убачыць глыбіню дна, якога да 2020 году дасягнула сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва з грамадзянскімі правамі, трэба было ўвесь час назіраць за гэтым становішчам, чытаць справаздачы праваабарончых арганізацыяў, сачыць за рыторыкай улады. Мае калегі-журналісты менавіта гэта і рабілі.

Асабіста ў мяне сытуацыя выклікала вялікую трывогу ўжо ў траўні 2020 году. На жаль, я не перажыла таго эмацыйнага ўздыму, які адчувалі іншыя, скандуючы, што нас шмат і мы пераможам.

Пратэсты ў Беларусі былі мірнымі, наш народ не рыхтаваўся да паўстаньня. А вось улада была гатовая караць людзей проста за нязгоду. Я бачыла, што дзеля захаваньня ўлады яна не спыніцца ні перад якімі сродкамі. Шчыра кажучы, я сама рыхтавалася да найгоршага.

Я проста ведала занадта шмат. І гэта не была нейкая сакрэтная інфармацыя, вядомая толькі вузкаму колу людзей, пра тое, што ўлада рыхтуецца да здушэньня любых масавых пратэстаў. Я проста ўсё чытала, глядзела і аналізавала.

Паколькі я ведала архітэктуру міжнароднага права ў галіне абароны асобы і разумела, як яна дзейнічае ўнутры сувэрэннай дзяржавы, я ўсьведамляла, што ў выпадку выбуху масавых рэпрэсіяў нам няма адкуль чакаць рэальнай і хуткай дапамогі.

- Ад першых дзён выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі Аляксандар Лукашэнка і ягоная прапагандысцкая машына рабілі ўсё, каб паказаць суперніка, былога банкіра, як карысьлівага чалавека, галоўная мэта якога заключаецца ў асабістым узбагачэньні, напрыклад, праз заплянаваную прыватызацыю, прадугледжаную ягонай выбарчай праграмай. Пазьней зьявілася гісторыя пра нібыта незаконную дзейнасьць, заснаваную на хабарах, праз прыватную кампанію, створаную побач зь «Белгазпрамбанкам». Акрамя таго, распаўсюджвалася інфармацыя, што выбарчую кампанію Віктара Бабарыкі фінансуе Расея і што гэта нібыта пагражае незалежнасьці Беларусі. Усе магчымыя сродкі прапаганды і эмацыйныя выступы Лукашэнкі выкарыстоўваліся, каб паказаць, што гэта небясьпечны кандыдат і дрэнная карта. Але менавіта гэта і дзейнічае на народ: падобныя грубыя правыя экстрэмісты, якія гуляюць на эмоцыях масаў, знаходзяць падтрымку нават у дэмакратычных краінах Эўрапейскага Зьвязу. Палітычныя экспэрты таксама гавораць пра ўсё больш маштабную аўтакратызацыю сьвету, якая пераўзыходзіць нават працэсы, што назіраліся перад Другой сусьветнай вайной. Ці ня думаеш ты, што інтэлігентная тактыка Бабарыкі ад пачатку была сумнеўным палітычным рашэньнем, амаль самагубным экспэрымэнтам?

У гэтым кантэксьце я згадваю цытату расейскага дысыдэнта і пісьменьніка Варлама Шаламава з «Калымскіх апавяданьняў». Хачу працытаваць яе цалкам...

«Якая карысьць з таго, што я разумею, адчуваю, спасцігаю і прадбачу ўчынкі іншага чалавека? Я ж не магу зьмяніць уласных паводзінаў у дачыненьні да яго. Я не данясу на такога ж вязьня, як я сам, чым бы ён ні займаўся. Я не стану дамагацца пасады брыгадзіра, якая дае магчымасьць выжыць».

Я хачу сказаць, што «інтэлігентная тактыка» Бабарыкі, як мне здаецца, гэта проста ўласьцівая гэтаму чалавеку манера паводзінаў. Такая структура ягонай асобы. Гэтаксама як для структуры асобы Аляксандра Лукашэнкі ўласьцівыя выкручваньне, хітрасьць і жорсткасьць.

- Шакуе ўжо тое, у якіх умовах утрымлівалі Віктара Бабарыку пасьля затрыманьня: некалькі сутак без ложка, ён спаў на падлозе, яму не перадавалі перадачаў. На працягу васьмі месяцаў да суду яго трымалі ў поўнай ізаляцыі ад зьнешняй інфармацыі, не дапускалі адвакатаў, пазбаўлялі іх ліцэнзіяў, патрабавалі ад Бабарыкі вярнуць «прысвоеныя грошы». Мы бачым сталінскія мэтады псыхалягічнага ціску. І такое поўнае бяспраўе адбываецца зусім побач зь мяжой Эўрапейскага Зьвязу. ЭЗ адрэагаваў на затрыманьне Віктара Бабарыкі і патрабаваў яго вызваліць, але рэжыму Лукашэнкі гэта як з гусі вада... Ці азначае гэта, што не існуе мэханізму, які мог бы абараніць краіну ад аўтакратычнай самаволі і тэрору?

Працуючы журналісткай з крымінальнымі справамі, я часта жахалася менавіта таго, што бачыла. Бываюць сытуацыі, калі невінаваты чалавек ня можа абараніцца і ніхто ня здольны яго абараніць. Улада пакарала, і няма каму паскардзіцца.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў Беларусі, калі ў турму пасадзілі амаль усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, я пачала шукаць адказ на пытаньне: ці існуе на міжнародным узроўні рэальны прававы мэханізм, які можа абараніць чалавека ад тырана, што прысвоіў неабмежаваную ўладу і беспакарана дзейнічае ўнутры ўласнай дзяржавы?

Такі тыран, абаронены сувэрэнітэтам дзяржавы і ўлады, робіць усё, што хоча, і зьдзяйсьняе відавочныя злачынствы супраць людзей.

Высьветлілася, што ўся архітэктура міжнароднай палітыкі і міжнароднага права не прадугледжвае такога наднацыянальнага ахоўніка правоў чалавека. Няма мэханізму, які мог бы своечасова, у прававой прасторы і звонку спыніць злачынныя дзеяньні сувэрэннай улады і аднавіць справядлівасьць у дачыненьні да яе ахвяраў.

Так, існуюць Эўрапейскі суд у правах чалавека і Камітэт ААН у правах чалавека. Яны прадугледжваюць працэдуры прававой ацэнкі дзеяньняў дзяржаваў у дачыненьні да канкрэтных людзей. Існуе Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, які можа вынесьці прысуд тыранам, што знаходзяцца пры ўладзе.

Але на практыцы ўсё гэта працуе вельмі дзіўна. Урэшце мы бачым, што гэтыя мэханізмы не спыняюць ні рэпрэсіяў у Беларусі і Расеі, ні вайны ў эўрапейскім рэгіёне.

Я думаю і баюся, што тыранія магчымая ў любой краіне Эўропы. Асабліва цяпер, калі людзі злыя і падзеленыя, устрывожаныя і напалоханыя вайной. І калі, што вельмі важна, меркаваньне людзей амаль ня мае значэньня для рэальнай палітыкі.

Тыя, хто хоча захаваць уладу, выдатна разумеюць, што за меркаваньне трэба караць і што гэты мэтад цудоўна працуе.

- Падчас судовага працэсу ўсе, апрача Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну. Што гэта магло азначаць? Ці варта называць гэта здрадай, ці гэта было проста вынікам псыхалягічнага зьнішчэньня? Ці прызналі паплечнікі Віктара Бабарыкі віну з прычыны нечалавечага ціску, ці прадэманстравалі, што для чалавека няма нічога важнейшага за выжываньне? На прэзэнтацыі кнігі Віктар Бабарыка казаў, што цікавіўся гісторыяй Нэльсана Мандэлы, які правёў 27 гадоў у турме ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы за барацьбу супраць рэжыму апартэіду. Умовы ўтрыманьня Мандэлы ў параўнаньні са сваімі ён назваў адпачынкам і сказаў, што сам хацеў бы сядзець у такіх умовах...

Апошнімі гадамі людзі ў Беларусі дэманстравалі вельмі розныя паводзіны, ад маладушнасьці да сапраўднага гераізму, калі дзеля ідэі ня толькі ішлі ў турму, але і паміралі.

Калі казаць пра калегаў Бабарыкі, якія пагадзіліся на зьдзелку са сьледзтвам, абгаварылі і яго, і саміх сябе, дык, напэўна, былі як агульныя для ўсіх, так і асабістыя прычыны.

Гэта былі вельмі заможныя людзі, якіх арыштавалі раптоўна і нечакана, нібы гром сярод яснага неба. Ніхто зь іх тады не лічыў сябе вінаватым.

Іх зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ. Аднаго затрымалі пасярод курсу лячэньня ад раку. Разам з другім арыштавалі ягоную дачку. Трэцяга прыніжалі падчас допытаў...

Ім прапанавалі зьдзелку: вы даяце паказаньні супраць Бабарыкі, а за гэта атрымліваеце мінімальнае пакараньне. І так, яны пагадзіліся. Іхныя адвакаты таксама прынялі такую пазыцыю.

Адвакаты Віктара Бабарыкі, у сваю чаргу, даказвалі ў судзе, што ніхто з гэтых людзей не вінаваты, а ўсе абвінавачаньні выдуманыя. За гэта адвакатаў Бабарыкі выключылі з адвакатуры, фактычна адабраўшы ў іх прафэсію.

Калі казаць пра народ у цэлым, я думаю, што нас напаткала велізарная трагедыя. Дзясяткі ці нават сотні тысячаў беларусаў сутыкнуліся з палітычным перасьледам і незаконнымі пакараньнямі.

Аднак тое, як некаторыя людзі паводзілі сябе і працягваюць паводзіць сябе ў надзвычай цяжкіх абставінах, паказвае, што паняцьці гонару, сумленьня і маральнасьці не зьяўляюцца пустымі словамі.

Вядома, многія імкнуцца жыць так, нібыта нічога страшнага не адбываецца. Імкнуцца нічога ня бачыць, ня чуць і ня ведаць. Многім гэта ўдаецца. Яны жывуць заможна, але нібыта за заслонай. Калі адсунуць гэтую заслону, за ёю будзе кашмар.

Для калегаў Бабарыкі гэтая заслона раптам адсунулася. Яны ня вытрымалі і здаліся.

Галоўны пункт беларускага «сацыяльнага кантракту», ці «правілаў тэхнікі бясьпекі», гучыць так: не зазірай за заслону!

- Некаторыя людзі, калі толькі мірацца з дзеяньнямі ўлады, нібыта жывуць зусім няблага?

Я ўжо казала пра жыцьцё за заслонай. Той, каго няшчасьце і несправядлівасьць не закранаюць асабіста ці яшчэ не закранулі, стараецца ня бачыць таго, што адбываецца навокал. Думаю, гэтак адбываецца паўсюль.

Але ў аўтарытарнай дзяржаве, дзе ў шырокім маштабе адбываюцца рэпрэсіі супраць людзей, якія проста чытаюць нешта «ня тое», дзе за падпіску на пэўны інфармацыйны канал можна атрымаць рэальныя тры ці пяць гадоў калёніі, сытуацыя, вядома, больш складаная.

Няма каму паскардзіцца, няма дзе шукаць справядлівасьці. Для многіх застаецца адзіны выбар: замерці і чакаць.

Адзін філёзаф зь Менску сказаў, што беларусы схіліліся, як трава. Ён меў на ўвазе, што, калі вецер сьціхне, яны зноў выпрастаюцца.

Што да людзей, якіх не цікавіць палітыка, дык іх, як і паўсюль, шмат. Магчыма, такім грамадзянам лягчэй прыстасавацца да жыцьця ў аўтарытарнай краіне.

Акрамя таго, паўсюль ёсьць людзі, гатовыя служыць уладзе і выконваць яе незаконныя і нават нечалавечыя загады, якой бы гэтая ўлада ні была. Мне здаецца, гэта нейкая асаблівая парода людзей. Я яе не разумею.

- На пытаньне, чаму беларусы дзеля будучыні сваёй краіны не клаліся пад танкі, ты адказваеш, што сёньня ў Беларусі легчы пад танк азначае абараняць палітычнага вязьня...

Нярэдка людзі з краінаў з разьвітымі дэмакратыямі, якія не разумеюць, што такое бяспраўе і прававая бездапаможнасьць, напышліва заяўляюць, што беларусы «не перамаглі дыктатуру, бо недастаткова актыўна клаліся пад танкі».

Перадусім я лічу, што ў XXI стагодзьдзі разважаць такімі катэгорыямі папросту дзіка. Для цывілізаванага сьвету «класьціся пад танкі» не павінна быць нормай. Палітыка і права ў цывілізаваным сьвеце мусяць быць уладкаваныя так, каб чалавеку не даводзілася паводзіць сябе настолькі гераічна.

Але калі вайна і бясконцая барацьба ў сучасным грамадзтве, на жаль, нармалізаваныя, дык я сьцьвярджаю, што мае суайчыньнікі рабілі і працягваюць рабіць гераічныя ўчынкі.

Сотні тысячаў людзей выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе, разумеючы, якімі могуць быць наступствы: арышт, фізычныя траўмы і нават сьмерць.

Адвакаты, якія абаранялі так званых палітычных, самі зазналі рэпрэсіі. Іх пазбаўлялі адвакатскіх ліцэнзіяў і прымушалі зьяжджаць з краіны. Каля 140 адвакатаў страцілі права займацца прафэсіяй.

Але і цяпер у краіне яшчэ застаюцца адвакаты, якія пагаджаюцца абараняць палітычнага вязьня. У такіх умовах гэтыя людзі «кладуцца пад танк».

- Ты казала, што, працуючы над рукапісам, пасьлядоўна выдаляла словы, якія хоць крыху выяўлялі твае эмоцыі ці прадузятасьць. Але, вывучаючы матэрыялы справы, ты часта плакала... А герою кнігі яна падаецца аптымістычнай і толькі пацьвярджае, што ён і ягоныя паплечнікі ўсё рабілі правільна. Як ты думаеш, гэта аптымістычная кніга ці наадварот?

Вядома, «Справа Віктара Бабарыкі» зьяўляецца кнігай пра абуральную несправядлівасьць. Пра тое, як тыран, усьведамляючы сваю сілу і беспакаранасьць, выкарыстоўвае супраць людзей самыя агідныя мэтады: дыскрэдытацыю, запалохваньне, падпарадкаваньне, прыніжэньне. І не пакідае ім магчымасьці абараніцца.

Аднак, як бы гэта ні зьдзіўляла, пасьля прачытаньня сапраўды застаецца і іншае пачуцьцё: зьдзіўленьне ад таго, што некаторыя людзі, апынуўшыся ў гэтым прававым вакуўме, у сапраўдным оруэлаўскім сьвеце, не губляюць годнасьці і не ламаюцца.

Напэўна, менавіта гэта і дае надзею.

- Ты і твой муж зьяўляецеся палітычнымі ўцекачамі. На радзіме, падпарадкаванай Лукашэнкам, засталіся дарагія вам людзі, якіх вы ня можаце наведаць. Вы жывяце ў Вільні, але ня адчуваеце, што вас чакаюць у Літве ці ў нейкай іншай краіне. Не даюць спакою і агмені вайны, якія то тлеюць, то разгараюцца недалёка ад Літвы. Паветраную трывогу давялося перажыць і ў Вільні. Я ведаю, што ты ўвесь час вяртаесься да развагаў пра чалавецтва. Што выглядае безнадзейным, а што дае надзею? Што цяпер зьяўляецца галоўнай рухальнай сілай твайго жыцьця?

Мы ня маем у Літве статусу ўцекачоў. Мы жывём у Вільні з часовым дазволам на жыхарства, працуем тут і плацім падаткі літоўскай дзяржаве.

Мой муж Андрэй Бастунец зьяўляецца юрыстам і праваабаронцам. Ён узначальвае Беларускую асацыяцыю журналістаў, якая была ліквідаваная і прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй», але працягвае сваю дзейнасьць.

Гэтая арганізацыя з 1995 году абараняе свабоду слова ў Беларусі і атрымала мноства міжнародных узнагародаў, у тым ліку Сусьветную прэмію ЮНЭСКА імя Гільерма Кана за свабоду друку.

Я працую як незалежная спэцыялістка: пішу і рэдагую тэксты, удзельнічаю ў маніторынгах, зьяўляюся экспэрткай у стандартах асьвятленьня выбарчых кампаніяў у мэдыя і спэцыялісткай у маніторынгу прапаганды.

Мы ня бачылі сваіх родных пяць гадоў. Бацька Андрэя памёр мінулым летам, і мы не змаглі паехаць на пахаваньне...

Я перажываю сваё становішча як трагедыю і зьмірылася зь ім, бо ня ведаю, як яго зьмяніць. Будучыня няпэўная. Я ня здольная ўплываць на працэсы, якія адбываюцца навокал, ці на паводзіны людзей, у тым ліку ў дачыненьні да мяне.

Ад мяне залежаць толькі мае ўласныя паводзіны.

У апошнія гады я зразумела: ты не заўсёды можаш кіраваць сваімі пачуцьцямі, і твае эмоцыі могуць быць мацнейшыя за цябе. Але паводзіны цалкам залежаць ад цябе. Іх ты можаш кантраляваць.

Я выхоўваю сябе. Патрабую ад сябе таго, што Альбэрт Швайцэр называў належнымі чалавечымі паводзінамі: я не хачу злавацца на людзей, не хачу выкарыстоўваць людзей як сродак для ўласнай карысьці, хачу сама быць карыснай настолькі, наколькі мне стае сілаў.

Блізкі мне чалавек не абавязкова мусіць быць членам маёй сям’і ці суайчыньнікам. Шчыра кажучы, да эміграцыі я ня ведала, што людзі сапраўды падзяляюць іншых на сваіх і чужых паводле мовы і пашпарта...

Маё ўласнае адчуваньне блізкасьці зь іншым чалавекам заўсёды грунтавалася на роднасьці духу.

А цяпер сьвет перажывае час, калі дух, як сказаў той беларускі філёзаф, схіліўся, нібы трава...

Але я ўсё ж спадзяюся, што дух не зьнікне зь людзей цалкам.

І яшчэ я імкнуся быць сьмелай. Не як змагарка, бо на барацьбу ў мяне няма сілаў. А ў тым сэнсе, што, калі б мяне прызналі вінаватай у тым, чаго я не рабіла, я вытрымала б усё гэта годна.

Так, каб ніхто не пацярпеў.

Арыгінал: 15min, 29 чэрвеня 2026 году. Аўтарка інтэрвію: Сара Пуасан.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах «скасаванага права»? Дыскусія аб кнізе «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах»
15 ліпеня 2026, 09:45
Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах «скасаванага права»? Дыскусія аб кнізе «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах»
27 чэрвеня ў Вільні адбылася прэзэнтацыя кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах» і дыскусія пра палітычны й прававы кантэкст гэтай справы.
Вільня: Прэзэнтацыя кнігі «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах» і дыскусія
22 чэрвеня 2026, 08:04
Вільня: Прэзэнтацыя кнігі «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах» і дыскусія
Сустрэча адбудзецца 27 чэрвеня, у суботу, а 18:00. Дом нацыянальных супольнасьцяў / Tautinių bendrijų namai. Raugyklos g. 25, Vilnius
Беларускі дом правоў чалавека і ILIA-By праводзяць апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё
29 мая 2026, 09:06
Беларускі дом правоў чалавека і ILIA-By праводзяць апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава разам з адукацыйнай праграмай ILIA-By запрашаюць супрацоўнікаў і валанцёраў беларускіх грамадскіх арганізацый, актывістаў, студэнтаў і ўсіх зацікаўленых прайсці апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё.
Беларусский кейс в Международном уголовном суде. Какие преступления будет расследовать прокурор?
20 красавіка 2026, 10:09
Беларусский кейс в Международном уголовном суде. Какие преступления будет расследовать прокурор?
12 марта 2026 года Офис Прокурора Международного уголовного суда официально завершил предварительное изучение ситуации Беларусь-Литва и объявил об открытии расследования.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці