Сёлета тэмай Дня палітвязняў праваабаронцы "Вясны" абралі салідарнасць, якую рэжым Лукашэнкі спрабуе знішчыць і адабраць у беларускага грамадства. Пры гэтым, амерыканскі рэжысёр, італьянскі мастак, сакратарка суддзі ў Мінску, сукамерніцы ў ІЧУ — розныя людзі з розных куткоў свету і жыцця аб’ядноўваюцца праз суперажыванне і салідарнасць з палітвязнямі Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" дзеляцца гісторыямі, якія сведчаць: нават калі салідарнасць перайшла на "бязгучны рэжым", яна працягвае існаваць — і натхняе.
Праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка
Праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка распавядае, што яе вельмі ўражвае зацікаўленасць сітуацыяй у Беларусі і падтрымка палітвязняў:
"Яскравым прыкладам для мяне з'яўляецца амерыканскі рэжысёр Эрні Барбараш, аккаунт якога ў тады яшчэ Твітары я знайшла выпадкова. Эрні кожны дзень больш за два з паловай гады посціць гісторыю аднага зняволенага чалавека ў Беларусі. Днямі ў яго выйшала 1000-ая публікацыя ў падтрымку палітвязняў. Гэта значыць ужо 1000 дзён мінула з таго часу, як Эрні Барбараш пачаў сваю сімвалічную акцыю!
Да першага Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі, які ініцыяваў Праваабарончы цэнтр "Вясна", кінарэжысёр зрабіў мазаіку з карціны "Узяцце Бастыліі", выкарыстаўшы фотаздымкі вязняў. Мяне гэта вельмі ўразіла. Памятаю, я доўга разглядала гэту карціну і вышуквала знаёмыя твары...
Падаецца, што зрабіць пост — простае дзеянне, але, наколькі я ведаю, толькі ён так робіць кожны дзень. І гэта азначае, што чалавек у Амерыцы сочыць за падзеямі ў Беларусі, думае пра палітзняволеных, распавядае пра іх іншым і такім чынам выказавае сваю салідарнасць.
Ці вось іншы прыклад — мастак з Італіі Джанлука Канстанціні, які адлюстроўваў у сваіх выявах сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, у тым ліку і праваабаронцамі "Вясны". Ён малюе ў стылі коміксаў, але ягоныя выявы трапляюць у самую душу. Для мяне гэта пра тое, што чалавек бачыць, што адбываецца, але не праходзіць міма, не заплюшчвае вочы, а прапускае трагедыю беларускага народа праз сябе і паказвае яе праз сваю творчасць усяму свету".
Праваабаронца "Вясны" Яна Галаган паразважала, што пра тое, як змянялася салідарнасць з 2020 года:
"Я доўга прыгадвала розныя прыклады салідарнасці, якія на свае вочы бачыла падчас валанцёрства і працы ў "Вясне", падчас назірання за судовымі працэсамі ў 2020 годзе, спрабавала вызначыць самыя яскравыя моманты. А потым зразумела, што салідарнасць была і ёсць у звычайных дробязях.
Калі я па сем гадзінаў сядзела ў будунку суда, каб адманіторыць судовыя працэсы над затрыманымі па палітычных матывах, людзі, якія чакалі суды над сваімі роднымі, дзяліліся са мной ежай, цікавіліся, ці трэба мне штосьці купіць ці прынесці. Аднойчы нават сакратарка аднаго палітычнага суддзі прапанавала мне паабедаць у яе кабінеце, каб не прыйшлося гэта рабіць на калідоры, бо пашкадавала мяне.
Вельмі кранальныя моманты адбываліся напрост падчас адміністрацыйных судоў. Беларуская салідарнасць настолькі моцная і пераканаўчая, што часам людзі падчас судоў, ведаючы, што там толькі я і ніякіх родныхі блізкіх, усё роўна падчас сваіх паказанняў вельмі акуратна перадавалі інфармацыю пра тое, што дома засталіся жывёлы і прыглядаць за ім няма каму, таму прасілі каб я звязалася неяк з пэўнымі людзьмі, якія ведаюць, што рабіць. Я нават ведаю гісторыі, калі чалавеку проста ламалі дзверы падчас яго "сутак", каб накарміць жывёлак. І ва ўсіх быў абсалютны давер, ніхто не хваляваўся за рэчы.
Шмат разоў я чула падзякі за тое, што проста была на судзе над палітвязнямі, была побач са сваякамі, падтрымлівала іх. Гэта простыя рэчы, якія вельмі моцна натхняюць працягваць рабіць сваю працу, дапамагаць людзям.
Шмат гісторыі, канешне, адбываюцца ў засценках ІЧУ па ўсёй Беларусі. Пасля вызвалення маёй знаёмай з ІЧУ Акрэсціна, мы даведаліся пра жанчыну, якой праз палітычны артыкул не давалі батарэйкі ў слыхавы апарат. Яе сукамерніцы вельмі хваляваліся за яе, не ведалі як ёй дапамагчы. У выніку "Вясна" апублічыла гэту гісторыю, а мінская міліцыя нават зрабіла публічную заяву на гэты конт праз рэзананс, абвергнуўшы гэты факт. Але я ведаю, што дзякуючы салідарнасці сукамерніц, ёй усё ж выдалі тыя батарэйкі.
Я памятаю дзень, калі Сцяпан Латыпаў спрабаваў здзейсніць самагубства наўпрост падчас суда. Тады на працэс прыйшло шмат людзей: сваякі, суседзі і проста неабыякавыя беларусы. Пасля здарэння ў будынку пачаўся хаос, неразбярыха, але памятаю, як людзі пачалі дапамагаць адзін аднаму, шукаць супакойваючыя таблеткі, ваду, як суправаджалі Сцяпана да машыны хуткай дапамогі…
Цяпер я назіраю, як людзей звязвае аднолькавая бяда. Як тыя, хто сам вымушаны шукаць грошы на перадачы, пасылкі, грашовыя пераводы, імкнецца дапамагчы тым, у каго не хапае сродкаў. Як былыя палітвязні звязваюцца пасля вызвалення са сваякамі тых, хто яшчэ ў зняволенні, і супакойваюць іх, распавядаюць апошнія навіны іх блізкага.
Да 2024 года ў людзей была магчымасць публічна заахвочваць людзей выказваць салідарнасць з палітзняволенымі. Цяпер салідарнасць перайшла на бязгучны рэжым, але не перастала існаваць".
Наталля Сацункевіч. Фота: spring96.org
Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч ўзгадала выпадак да падзей 2020-га года, але які яе натхніў на многія гады:
"Аднойчы Валанцёрская служба "Вясны" ладзіла вечар салідарнасці, куды запрашалі былых палітвязняў, каб яны распавялі як і навошта пісаць лісты. І там быў Мікола Дзядок. Гэта было на офісе "Вясны", у вельмі простай камернай абстаноўцы — мы літаральна сядзелі на канапе. Ён дзяліўся досведам падчас свайго крымінальнага тэрміну. Ён сказаў, што калонія вельмі шэрая і не хапае фарбаў. І распавядаў, як ён разглядаў каляровыя часопісы накшалт National Geographic. Мяне гэта ўразіла і натхніла на гады наперад пісаць лісты і апісваць там прыроду, колеры і ўражанні".