Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за перадвыбарнай агітацыяй

25 лютага 2024, 17:56
Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за перадвыбарнай агітацыяй

Публікуецца паводле сайту кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Экспертная місія па назіранні за выбарамі* 2024 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ

- этап агітацыі, як і агулам выбарчая кампанія, праходзіў ва ўмовах зачышчэння публічнай палітычнай прасторы: пасля перарэгістрацыі засталіся 4 палітычныя партыі з 16, ліквідаваныя сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, пераследуюцца актывісты і журналісты, абмяжоўваецца доступ да інфармацыі ўнутры краіны. У гэтых умовах не адбываецца рэальнае абмеркаванне палітычных і грамадска-значных пытанняў. Асноўнай, а для асобных груп насельніцтва — адзінай, крыніцай інфармацыі аб палітычным працэсе застаюцца дзяржаўныя СМІ;

- цалкам кантраляваны ўладамі выбарчы працэс, што пачаўся з утварэння выбарчых камісій  і фармавання спісаў кандыдатаў  (гл.папярэднія справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"), працягнуўся жорстка кантраляванай імітацыяй палітычнай барацьбы паміж спрэс праўладнымі кандыдатамі. Улады вырашалі складаную задачу стварэння карціны грамадскай цікавасці да выбараў* ва ўмовах забароны праявы любой грамадскай ініцыятывы;

- Выбарчы кодэкс (ВК) прадугледжвае магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў з удзелам кандыдатаў,  але ўлады, якія разглядаюць любую вулічную актыўнасць як пагрозу, распачалі ўсе меры, каб такія мерапрыемствы былі нябачныя. У параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі скарацілася колькасць месцаў, дзе такія мерапрыемствы можна праводзіць. Тыя рэдкія перадвыбарчыя пікеты, што праводзіліся па краіне, былі малалікімі і аформленымі дзяржаўнай атрыбутыкай, таму было складана вызначыць, у падтрымку якога кандыдата яны праводзіліся;

- агітацыйная кампанія большасці кандыдатаў вялася пераважна ў форме сустрэч з выбаршчыкамі ў актавых залах устаноў і прадпрыемстваў, часцяком у працоўны або абедзенны час. Удзел выбаршчыкаў у такіх сустрэчах забяспечваўся адміністрацыйна. Інфармацыйнае асвятленне такіх сустрэч стварала бачнасць вялікай цікавасці да кандыдатаў, іх праграмах і адказах на пытанні, якія цікавяць выбаршчыкаў. Адміністрацыйная кіравальнасць працэсаў агітацыі прыкметная ў своеасаблівай практыцы “эканоміі” арганізацыйных намаганняў: распаўсюджанымі былі сумесныя выступы некалькіх кандыдатаў, зарэгістраваных па адной выбарчай акрузе, з практычна ідэнтычнымі праграмамі, што з'яўляецца нонсэнсам у канкурэнтнай выбарчай кампаніі;• на некаторых з сустрэч з выбаршчыкамі прысутнічалі прадстаўнікі МУС, якія ведалі асобы прысутных, што стварала адчуванне небяспекі і прыводзіла да дадатковага самацэнзуравання па непажаданых пытаннях аб сітуацыі ў краіне;

- паводле прадстаўленых ЦВК дадзеных, па стане на 4 лютага 2024 г. (на 24 лютага на сайце ЦВК адсутнічаюць пазнейшыя дадзеныя) правам падаць сваю праграму для апублікавання ў друкаваных СМІ скарысталіся 82% кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Знайсці тэксты праграм кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў у Інтэрнэце цяжка: іх не публікуюць ні сайты дзяржаўных СМІ, ні самі кандыдаты, ні партыі, якія вылучылі іх. Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў агулам адлюстроўваюць выпусташаны палітычны ландшафт краіны (некаторыя з іх фактычна слова ў слова паўтараюць адзін аднаго) і ўяўляюць сабой — незалежна ад партыйнасці — набор каштоўнасцяў, супадальных з тымі, якія дэкларуюць дзейныя ўлады;

- кандыдатам быў прадастаўлены эфірны час на дзяржаўным тэлебачанні, фармальна праводзіліся тэледэбаты. Аднак існуючыя заканадаўчыя абмежаванні за вылікам уступнага і заключнага слова пакідаюць кожнаму кандыдату каля 3 хвілін на камунікацыю з апанентам, што абмяжоўвае магчымасць паўнавартаснага абмену думкамі. Некаторыя выступы ўтрымлівалі прыкметы распальвання варожасці, забароненай арт. 47 ВК, і маніпулявання інфармацыяй;

- найбольш яскрава штучны характар перыяду агітацыі бачны праз асвятленне гэтага этапу ў дзяржаўных СМІ. Пры агульнай шчыльнасці інфармавання, яно адлюстроўвае не канкурэнтную палітычную барацьбу альтэрнатыўных бачанняў будучыні краіны, а агульныя словы пра важнасць выбараў і пра абавязак выбаршчыкаў узяць удзел у выбарах (з акцэнтам на датэрміновым галасаванні, які захоўваецца);

- ЦВК, выканкамы, установы сацыяльнай сферы былі актыўна ўцягнутыя ў адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы пра выбары, падмяняючы такой актыўнасцю жывы палітычны працэс перадвыбарнай барацьбы. Асаблівая ўвага ў агітацыйны перыяд пры правядзенні розных “дыялогавых пляцовак” і “адкрытых дыялогаў” ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і пры іх асвятленні ў сацыяльных сетках і СМІ надавалася “патрыятычнаму выхаванню моладзі”. Пры гэтым удзельнікі такіх інфармацыйных мерапрыемстваў часта знаходзіліся ў залежным ад выступоўцаў становішчы і яўка на такія мерапрыемствы для іх магла быць фактычна абавязковай;• многія зарэгістраваныя кандыдаты не карысталіся сваім правам адкрываць спецыяльныя выбарчыя рахункі: на ўзроўні выбараў* у Палату прадстаўнікоў толькі 160 кандыдатаў з 265 скарысталіся гэтай магчымасцю. Гэта азначае, што па ўсёй краіне 105 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў “праводзяць” кампанію, не маючы на яе сродкаў. Гэта даказвае імітацыйны характар канкурэнтнасці на выбарах*.

ЧЫТАЦЬ СПРАВАЗДАЧУ ЦАЛКАМ

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці