Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў

06 лютага 2024, 18:57
Выбары*2024. Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2024 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ

- вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў прайшлі практычна пры поўнай адсутнасці палітычнай кампаніі як такой: не было інфармацыйнай кампаніі ад палітычных партый, у публічнай прасторы выбаршчыкаў не заклікалі падпісвацца за кандыдатаў;

- масавая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і захаванне ў прававым полі пасля перарэгістрацыі толькі 4 праўладных партый, г. зн. поўная зачыстка публічнай прасторы, не ўспрымаецца ўладамі як дастатковая гарантыя ад выказвання розных палітычных меркаванняў: у цяперашняй выбарчай кампаніі скарацілася колькасць месцаў для збору подпісаў, каб нават у зачышчаным палітычным клімаце не было магчымасці збіраць подпісы ў людных і зручных месцах; пры гэтым некаторыя асабліва прывілеяваныя кандыдаты, нягледзячы на забароны, іх беспакарана парушалі;

- вылучэнне кандыдатаў з дапамогай збору подпісаў у адрозненне ад іншых спосабаў, не прадугледжвае фармальнай прывязкі да дзяржаўных ці палітычных структураў, але нават яно ўспрымаецца як небяспечнае, бо любая альтэрнатыўная пазіцыя практычна напэўна прывядзе да палітычных пераследаў, якія ўлады працягваюць актыўна ўжываць у дачыненні да нязгодных. У выніку створанай уладамі атмасферы страху, незалежныя кандыдаты не балатаваліся нават з дапамогай збору подпісаў; вядома пра адну няўдалую спробу зарэгістравацца, распачатую лідарам ліквідаванай партыі "Зялёныя"; актыўнасць па вылучэнні шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у параўнанні з мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў знізілася амаль у тры разы; а ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — у паўтары разы;

- амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя: на ўзроўні выбараў* у Палату прадстаўнікоў толькі па 2 заявах прынята рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі (адна з іх — адзінаму, мяркуючы па даступнай інфармацыі, незалежнаму кандыдату, лідару ліквідаванай партыі "Зялёныя"); на ўзроўні выбараў* у мясцовыя Саветы 8 заяў было адклікана, 19-ці адмоўлена ў рэгістрацыі, у дачыненні да 1 заявы прынята рашэнне аб адмене рэгістрацыі;

- пікеты па зборы подпісаў праходзілі не вельмі актыўна, хутчэй для справаздачнасці, а ў некаторых гарадах наогул не былі прыкметныя; шэраг сведчанняў і абставінаў збору подпісаў кажа аб высокай ступені адміністрацыйнага кантролю, актыўным выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, якое хутчэй накіравана не на масавае прыцягненне выбаршчыкаў, а на імітаванне палітычнай актыўнасці і на спрашчэнне працы ініцыятыўных груп;

- у адсутнасць незалежных назіральнікаў у выбарчых камісіях, ацаніць працэс збору подпісаў цяжка; інфармацыйнае яго асвятленне адбывалася на мінімальным узроўні; у цэлым, праверка большасцю выбарчых камісіяў подпісаў выбаршчыкаў і дадзеных пра кандыдатаў, якія ўтрымліваюцца ў анкетах і дэкларацыях аб даходах і маёмасці, праходзіла непразрыста і негалосна;

- вылучана 18 999 прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, што значна менш у параўнанні з мінулай кампаніяй, пры гэтым у параўнанні з выбарамі 2018 г. зменшылася на 15,7% колькасць кандыдатаў, вылучаных грамадзянамі шляхам збору подпісаў, і павялічылася на 19,48% колькасць кандыдатаў, вылучаных палітычнымі партыямі;

- значна знізілася актыўнасць па вылучэнні кандыдатаў у цэлым; у адрозненне ад 2019 г., калі з улікам апазіцыйных партый, было вылучана 424 кандыдаты, у гэтай кампаніі прыкметная адсутнасць незалежных кандыдатаў, бо ўсе апазіцыйныя партыі ліквідаваныя, а колькасць зарэгістраваных незалежных кандыдатаў ад партый або грамадскіх арганізацый, адпаведна, роўная нулю;

- зарэгістравана 265 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пры самым нізкім працэнце адмоваў (8,4%), што паказвае на перадвызначанасць працэсаў вылучэння. Фактычна, прасочваецца логіка: "Як мінімум два чалавекі ў бюлетэні на акругу" для таго каб забяспечыць фармальную канкурэнтнасць;

- зарэгістравана 18 802 кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў пры захаванні тэндэнцыі мінулых цыклаў з нізкім адсоткам адмоваў (0,65%). Сярэдняя колькасць зарэгістраваных кандыдатаў на пасялковым узроўні – роўна адзін кандыдат на месца і 1,2 кандыдата на акругу на сельскім узроўні, г. зн. практычна безальтэрнатыўныя выбары*, што паказвае на адсутнасць палітычнай ініцыятывы, з'яўляецца следствам атмасферы страху, і сведчыць пра вельмі высокую ступень адміністрацыйнага кантролю (загадзя ўзгодненыя спісы кандыдатаў, што вылучаюцца);

- аналіз спісаў зарэгістраваных кандыдатаў дазваляе канстатаваць яго цалкам "наменклатурны" характар: большасць кандыдатаў займаюць кіруючыя пасады, амаль адсутнічаюць кандыдаты працоўных прафесіяў. У адрозненне ад мінулых выбарчых цыклаў усіх кандыдатаў можна назваць праўладнымі, палітычная барацьба паміж імі адсутнічае;

- доля зарэгістраваных жанчын — кандыдатак у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, узнялася да 34,7%, што больш чым у 2019 г. (27 %); доля жанчын — кандыдатак у дэпутаты мясцовых Саветаў узнялася да 53,75%, што таксама больш, чым у 2018 г. (49,13%)

- адзначаецца рэзкі рост партыйнага прадстаўніцтва за кошт створанай у 2023 г. Беларускай партыі "Белая Русь": яе чальцамі з'яўляюцца 42,3% кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і 27,6% кандыдатаў у мясцовыя Саветы, пры гэтым імітацыйны характар такой партыйнасці відавочны з наяўнасці значнай колькасці акругаў, дзе супрацьстаяць адзін аднаму чальцы гэтай партыі;

- доля дзеючых дэпутатаў мясцовых Саветаў, што пераабіраюцца, знізілася да 38,99% (у 2018 г. — 46,73%); у Палату прадстаўнікоў зарэгістравана 20 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 31 дзеючы дэпутат мясцовых Саветаў, што значна менш мінулага цыклу (2019 г. — 32 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў; 66 дэпутатаў мясцовых Саветаў). Такім чынам, можна канстатаваць ужо цяпер значнае абнаўленне дэпутацкага корпуса.


*Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" ў дачыненні да выбарчай кампаніі-2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

ЦАЛКАМ СПРАВАЗДАЧА Ў ПДФ НА САЙЦЕ

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці