12 ліпеня 2021 года
Раніцай 8 ліпеня 2021 супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі з ператрусамі ў рэдакцыю, да журналістаў і рэдактараў выдання “Наша Ніва”. Амаль адначасова Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры “ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”, абмяжавала доступ да сайта рэдакцыі “Наша Ніва” nn.by. Прычым сайт не адчыніяеца ні з тэрыторыі Беларусі, ні з-за мяжы.
Пасля ператрусаў шэраг журналістаў і супрацоўнікаў “Нашай Нівы” былі падвергнутыя допыту, пасля чаго ў іх была адабраная падпіска аб неразгалошванні. Ператрусы і допыты праводзіляся паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Ператрусы праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у Следчым камітэце.
Пазней стала вядома, што па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх) былі затрыманыя наступныя супрацоўнікі "Нашай Нівы":
Ягор Марціновіч - галоўны рэдактар;
Андрэй Скурко - кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу;
Вольга Раковіч - галоўны бухгалтар;
Андрэй Дынько - галоўны рэдактар навукова-папулярнага часопіса "Наша гісторыя" і дзіцячых часопісаў "Дуду", "Асцярожна: дзеці!" (гэтыя часопісы выдае "Наша Ніва")
Мы, ніжей падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў выданняў "Наша Ніва" з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко, Вольгі Раковіч, Андрэя Дынько з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе рэдакцыі “Нашай Нівы” у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко, Вольгі Раковіч і Андрэя Дынько палітычнымі зняволенымі і патрабуем:
неадкладнага вызвалення Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко, Вольгі Раковіч, Андрэя Дынько з-пад варты;
адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання;
неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
ГА “Беларуская ассацыяцыя журналістаў”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Ініцыятыва FORB";
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.