заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
7 жніўня 2025 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі ды крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваюцца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве ды палітыцы, што ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ды пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйных захадаў абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Анастасія Гарчакова асуджаная паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці — на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі;
Анастасія Сікірская асуджаная паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці — на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі;
Павел Аляксееў асуджаны паводле арт. 361-1 і 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці, а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці — да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі;
Аляксандр Здаравеннаў узяты пад варту паводле абвінавачвання ў здзяйсненні злачынства эстрэмісцкай накіраванасці;
Рычард Логвінаў, Валянцін Нікішын, Кацярына Дзяруга, Ян Пацюпа ўзятыя пад варту паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
Respect-Protect-Fulfill;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.