заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
22 траўня 2024г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра пазбаўленне волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў, у тым ліку аб асуджэнні:
Юрыя Ваўчкевіча па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзяніcа Нікіты па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Сяргея Шэха па арт. 368 і 367 КК за абразу А.Лукашэнкі і паклёп на яго да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Сяргея Мельнікава па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года і 1 месяца пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Юрыя Томашава арт. 370 КК за здзек з дзяржаўных сімвалаў да трох месяцаў арышту;
Паўла Макаранкі па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Канстанціна Біча па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года абмежавання волі у папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Сяргея Кунашэнкі па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў абмежавання волі у папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Дзмітрыя Першына, які па арт. 368 і 367 КК за абоазу А. Лукашэнкі і паклёп на яго накіраваны на прымусовае лекаванне,
так сама пра пра змяшчэнне пад варту Ліліі Касценіч і Аляксандра Камлёнка па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
неадкладна вызваліць палітвязняў Юрыя Ваўчкевіча, Дзяніcа Нікіту, Сяргея Шэха, Сяргея Мельнікава, Юрыя Томашава, Паўла Макаранкі, Канстанціна Біча, Сяргея Кунашэнкі, Дзмітрыя Першына, Ліліі Касценіч, Аляксандра Камлёнка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
Human Constanta;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.