Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні дзесяці новых палітычных зняволеных (Аляксандра Каско і іншыя)

03 красавіка 2023, 08:40
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні дзесяці новых палітычных зняволеных (Аляксандра Каско і іншыя)

На фота: Аляксандра Каско

заява праваабарончай супольнасці Беларусі

30 сакавіка 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць; таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

Арцём Бабкоў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні за перадачу ў Telegram-канал звестак пра перасоўванне па тэрыторыі Беларусі транспарту расійскіх вайсковых падраздзяленняў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксандра Каско ўзятая пад варту за інтэрв'ю, якія былі даны інфармацыйнаму рэсурсу, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, па арт. 361-4 КК;

Валерый Цімашэнка асуджаны за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці — перадачу даных у Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, і арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 361-4 КК і ч. 1 арт. 342 КК да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Яраслаў Казакевіч узяты пад варту за перадачу здымкаў расійскай вайсковай тэхнікі, якая перасоўвалася па тэрыторыі Беларусі, Telegram-каналу, які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем;

Дзмітрый Качаноўскі, Ксенія Алькенава і Юрый Адамаў узятыя пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-2 КК;

Мікалай Васілевіч і Дзмітрый Слук, узятыя пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці па арт. 290-1 КК;

Віктар Залатарэўскі ўзятыя пад варту па абвінавачанні ва ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і арт. 361-1 і арт. 361-4 КК за рэгістрацыю ў Telegram-канале.

Ацэньваючы прыведзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх зрабілася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў гэтых выпадках грамадзянаў пераследуюць праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі.

Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітзняволеных Арцёма Бабкова, Аляксандру Каско, Валерыя Цімашэнку, Яраслава Казакевіча, Дзмітрыя Качаноўскага, Ксенію Алькенаву, Юрыя Адамава, Мікалая Васілевіча, Віктара Залатарэўскага, Дзмітрыя Слука;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі ПЭН;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
07 жніўня 2025, 11:37
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
06 жніўня 2025, 11:27
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Вадзіма Здаравеннава, Ігара Бурдэля, Станіслава Сіліча, Марыну Мазоўку, Вольгу Калпакову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
01 жніўня 2025, 11:24
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Марыну Петражыцкую, Наталлю Навіцкую, Ірыну Шумейка, Арцёма Шынкевіча, Аксану Шаляпіну, Дзмітрыя Царука, Дзяніса Цыбульскага.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці