Заява Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Дзень палітвязняў

19 чэрвеня 2024, 10:01
Заява Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Дзень палітвязняў

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Дзень палітвязняў

21 траўня ў трэцюю гадавіну гібелі палітвязня Вітольда Ашурка Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае пра ахвяраў таталітарнага рэжыму — загінулых у няволі палітвязняў Мікалая Клімовіча, Ігара ЛеднікаАляксандра Кулініча, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько, іншых загінулых у час задушэння мірных пратэстаў і заяўляе:

  • глыбокі смутак па загінулых за свае перакананні беларусах прымушае нас зноў і зноў звяртаць увагу сусветнай супольнасці на трагедыю беларускага народу, што апынуўся ў закладніках ва ўладных амбіцыяў дыктатур Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна;

  • бесчалавечная палітыка адвольнага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу іншадумцаў і апанентаў рэжыму злачынная сама па сабе і павінна быць неадкладна спыненая, а вінаватыя ў яе развязванні і ажыццяўленні мусяць паўстаць перад судом;

  • вынікам гэтай злачыннай палітыкі з 2020 года стала пазбаўленне волі па палітычных матывах у бесчалавечных умовах не менш за 3 200 чалавек (у тым ліку 572 жанчын), прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязнямі, 1 374 (у тым ліку 168 жанчын) з якіх сёння знаходзяцца ў месцах зняволення, дзе пераважнай большасці з іх створаны глыбока дыскрымінацыйныя, асабліва жорсткія ўмовы ўтрымання;

  • вызваленне ўсіх палітвязняў, перагляд іх прысудаў і рэабілітацыя застаецца надзённым першачарговым пытаннем, праз прызму якога павінны праглядацца ўсе захады ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на любым узроўні;

  • улады па-ранейшаму пераследуюць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, планамерна ўжываюць супраць беларусаў рэпрэсіі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў на розных адрэзках часу, а таксама ўсё больш распаўсюджваюць крымінальныя рэпрэсіі на новыя грамадскія групы па ўсё больш бессэнсоўных падставах;

  • палітычна матываваныя прысуды па крымінальных справах вынесеныя ў дачыненні да больш чым 5 000 чалавек; тыя з іх, хто быў пакараны без пазбаўлення волі, знаходзяцца пад штодзённым ціскам і пагрозай узмацнення жорсткасці пакарання;

  • шэраг палітвязняў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка больш за год утрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада, што з'яўляецца катаваннем, стварае шырокія магчымасці для бесчалавечнага абыходжання і ўяўляе пагрозу іх жыццям;

  • у калоніі строгага рэжыму па палітычна матываваным абвінавачванні ўтрымліваецца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама ў калоніях працягваюць утрымліваць шэраг праваабаронцаў, лідараў прафсаюзаў, адвакатаў, журналістаў і святароў, што несумяшчальна з абавязальніцтвамі дзяржавы па забеспячэнні правоў і свабод;

  • некалькі сотняў палітвязняў з розных падставаў з'яўляюцца асабліва ўразлівымі і адчуваюць асаблівыя пакуты ва ўмовах калоніяў ды турмаў у сувязі з сталым узростам, наяўнасцю інваліднасці, адмысловымі сямейнымі абставінамі; іх вызваленне мусіць быць першараднай задачай, што не церпіць дыскусій і адгаворак.

Катаванні, у тым ліку пад выглядам дысцыплінарных пакаранняў і мер па падтрыманні парадку, у ізалятарах, калоніях і турмах павінны быць неадкладна і безумоўна спыненыя. У сувязі з гэтым мы заклікаем міжнародную супольнасць да прыняцця неадкладных адэкватных эфектыўных захадаў, што пакладуць канец гэтай ганебнай з'яве.

Мы паўтараем тэзіс беларускай праваабарончай супольнасці аб тым, што спыненне катаванняў, запалохвання, рэпрэсій і вызваленне палітвязняў з'яўляюцца безумоўнымі і неад'емнымі ўмовамі для пачатку любога сапраўднага палітычнага дыялогу, аднаўлення нацыянальнай згоды перад абліччам пагрозы страты беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту ў святле геапалітычных працэсаў апошніх гадоў.

Кожны дзень прамаруджання будзе не толькі прыносіць усё новыя ахвяры, але таксама далучаць новых і новых людзей, да гэтага часу не датычных да злачынстваў у дачыненні да беларускага народу, у іх здзяйсненне, аддаляючы перспектыву аднаўлення грамадзянскага міру, становячыся сапраўднай пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Мы, праваабаронцы "Вясны", па-ранейшаму, нягледзячы на адвольны пераслед, які пашыраецца — нашай арганізацыі і яе чальцоў, валанцёраў ды іншых беларускіх праваабаронцаў, будзем шукаць і знаходзіць усе магчымыя сродкі для падтрымкі ахвяр палітычна матываваных рэпрэсій. Наш голас у іх падтрымку і абарону, шматкроць узмоцнены падтрымкай калегаў-праваабаронцаў, будзе па-ранейшаму гучаць на ўсіх інфармацыйных і палітычных узроўнях. Мы будзем паслядоўна ісці да дасягнення адной са сваіх найважнейшых мэтаў — прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынстве супраць чалавечнасці, таму што менавіта беспакаранасць умацоўвае дыктатуры і падсілкоўвае іх падтрымку.

Мы заклікаем, нягледзячы на пагрозы рэжыму, не аслабляць салідарнасці з палітвязнямі і людзьмі, што адчуваюць на сабе ўсе віды палітычнага пераследу. Мы ўпэўненыя, што нягледзячы на рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца, патэнцыял нябачнай для ўладаў узаемадапамогі і ўзаемнай падтрымкі яшчэ не вычарпаны.

Свабоду палітвязням!

Глядзiце таксама

Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
07 красавіка 2025, 15:51
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
На рахунках арганізацыі, якія былі замарожаныя на патрабаванне пракуратуры Грузіі, знаходзіліся ахвяраванні, сабраныя для пакрыцця штрафаў.
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
07 красавіка 2025, 12:27
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
У апошнія гады рэжым Лукашэнкі маштабна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу іншадумцаў.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Организация расследования и процессуальный контроль
31 сакавіка 2025, 14:02
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Организация расследования и процессуальный контроль
И законодательное регулирование, и модели поведения должностных лиц, осуществляющих расследование и осуществляющих процессуальный контроль над ним, не только остались на уровне советских времен, но и развились в более репрессивный инструмент государства.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Доказательства в уголовном процессе
31 сакавіка 2025, 13:33
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Доказательства в уголовном процессе
Одной из проблем при рассмотрении дела в суде является нарушение права на справедливое судебное разбирательство во время изучения и предоставления доказательств.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці