Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
17 верасня 2025 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя формы пратэснай актыўнасці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент падаўлення грамадзянскага і палітычнага супраціву, іншадумства і антываенных выказванняў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і праводжанай ёй палітыцы. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і респондэнтаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фармаваннямі” Аліны Шаўцовай, Іллі Ходаса, Віталя Цынкеля, Віктара Турчэніка, Людзмілы Шрубок, Алены Жукавай, Вольгі Пракопчык, Наталлі Краўчук, Ліліі Юруць, Ірыны Дабрыновіч, Леаніда Шпеца, Івана Замяціна, Аляксандра Вараб’я, Кірыла Пазняка, Рамана Сарокі, Аляксея Друпава, Надзеі Ляшук.
Мы прызнаём названых асоб палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" і патрабуем ад уладаў Беларусі:
неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Аліну Шаўцову, Іллю Ходаса, Віталя Цынкеля, Віктара Турчэніка, Людзмілу Шрубок, Алену Жукаву, Вольгу Пракопчык, Наталлю Краўчук, Лілію Юруць, Ірыну Дабрыновіч, Леаніда Шпеца, Івана Замяціна, Аляксандра Вараб’я, Кірыла Пазняка, Рамана Сароку, Аляксея Друпава, Надзею Ляшук;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Respect-Protect-Fulfill;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Lawtrend.