Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі

24 сакавіка 2025, 11:20
Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі

24 сакавіка 2025 г.

У сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, заяўляем наступнае.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся 26 студзеня 2025 года, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Яны праходзілі ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасферы татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, апазіцыі ды ўсіх іншадумцаў.

Непразрыстае фармаванне выбарчых камісій выключна з прадстаўнікоў кантраляваных уладамі структур, прымусовая ліквідацыя ўсіх апазіцыйных палітычных партый, рэгістрацыя толькі тых кандыдатаў, што падтрымліваюць дзейны рэжым і не крытыкуюць ягоны палітычны курс, нядопуск да выбараў прадстаўнікоў апазіцыі шляхам іх крымінальнага пераследу, пазбаўлення права голасу, забароны іх аб'яднанняў, абвяшчэння іх экстрэмісцкімі ды прымусу да эміграцыі, пазбаўленне магчымасці прагаласаваць грамадзянам, што жывуць за межамі Беларусі, прымусовы збор подпісаў і мабілізацыя выбаршчыкаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу сведчаць аб тым, што выбарчы працэс быў арганізаваны выключна для імітацыі шырокай народнай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі і пацвярджэння легітымнасці яго рэжыму. Уціск свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, а таксама адсутнасць незалежнага назірання пазбавілі грамадзян Беларусі магчымасці свабодна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Усё гэта сведчыць, што дзяржаўная ўлада ўтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам неканстытуцыйным шляхам.

У той жа час, нягледзячы на адсутнасць дэмакратычнай легітымнасці, рэжым А. Лукашэнкі працягвае ажыццяўляць эфектыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, уключна з дзяржаўнымі інстытутамі, і, такім чынам, з'яўляецца дэ-факта ўладай на гэтай тэрыторыі. У сваю чаргу, гэта накладвае на прадстаўнікоў улады ўсю поўнасць абавязальніцтваў па выкананні правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнародным правам.

Фактычнае кіраўніцтва Беларусі нясе поўную адказнасць за грубыя і масавыя парушэнні правоў чалавека, шэраг з якіх кваліфікаваныя Групай незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі як злачынствы супраць чалавечнасці, уключна з крымінальным пераследам грамадзян паводле палітычных матываў, ужываннем катаванняў ды іншага забароненага абыходжання, уціску свабоды слова, сходаў і асацыяцый. Гэтыя злачынствы не могуць заставацца беспакаранымі і мусяць стаць прадметам судовага разбору як у межах міжнародных механізмаў, так і на ўнутрыдзяржаўным узроўні.

У сувязі з гэтым, мы ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зняволеных, правесці іх поўную рэабілітацыю з кампенсацыяй шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама спыніць рэпрэсіі.

Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам засноўваць сваю палітыку ў дачыненні да беларускіх уладаў на падставе пералічаных фактаў, не дапускаючы захадаў па падтрымцы і ўзмацненні рэжыму А. Лукашэнкі, падтрымліваючы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, беларускую грамадзянскую супольнасць, і выкарыстоўваць усе дасяжныя дыпламатычныя сродкі для аказання ўплыву на ўлады Беларусі з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Respect-Protect-Fulfill;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
16 верасня 2025, 21:00
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
12 верасня 2025, 14:05
Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Дзергачова, Маргарыту Шчырэц, Васіля Садоўскага, Вячаслава Бераставога, Дзмітрыя Патырына, Кірыла Нгуена, Уладзіслава Анічкіна, Ігара Клачко, Алясандра Шкрадава і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
11 верасня 2025, 13:45
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
Неадкладна вызваліць палітвязняў Віталя Хальчыцкага, Васіля Бачко, Паўла Шумскага, Андрэя Мартышова, Дзяніса Чумакова, Арцёма Сямёнава, Дзяніса Краўчука, Валянціну Навумаву і спыніць крымінальны пераслед
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці