Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Мінск, 18 траўня 2021
У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту, прад’яўленні абвінавачванняў і вынясенні прысудаў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Андрэю Драбатовічу, Вадзіму Якубоўскаму, Сяргею Сакуну, Дзмітрыю Абрамуку, Уладзіміру Талатынніку, Аляксею Бараноўскаму, Вадзіму Свінцецкаму, Сяргею Гадыеву, Аляксандру Сузько, Уладзіміру Панфіленку, Даніілу Скіпальскаму, Паўлу Двораку, Віталю Кузьменку, Юрыю Бандарэнку, Валерыю Вішчэню, Аляксандру Міронаву, а таксама па ч.2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Антону Сотнікаву, Артуру Аміраву, Яўгену Прывалаву, Сяргею Волкаву, Раману Паўленку, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед Андрэя Драбатовіча, Вадзіма Якубоўскага, Сяргея Сакуна, Дзмітрыя Абрамука, Уладзіміра Талатынніка, Аляксея Бараноўскага, Вадзіма Свінцецкага, Сяргея Гадыева, Аляксандра Сузько, Уладзіміра Панфіленкі, Данііла Скіпальскага, Паўла Дворака, Віталя Кузьменкі, Юрыя Бандарэнкі, Валерыя Вішчэни, Аляксандра Міронава, Антона Сотнікава, Артура Амірава, Яўгена Прывалава, Сяргея Волкава, Рамана Паўленкі, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па ч. 1 арт. 342 КК ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Андрэя Драбатовіча, Вадзіма Якубоўскага, Сяргея Сакуна, Дзмітрыя Абрамука, Уладзіміра Талатынніка, Аляксея Бараноўскага, Вадзіма Свінцецкага, Сяргея Гадыева, Аляксандра Сузько, Уладзіміра Панфіленку, Данііла Скіпальскага, Паўла Дворака, Віталя Кузьменку, Юрыя Бандарэнку, Валерыя Вішчэню, Аляксандра Міронава, Антона Сотнікава, Артура Амірава, Яўгена Прывалава, Сяргея Волкава, Рамана Паўленку і спыніць іх крымінальны пераслед.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
"Ініцыятыва FORB".