Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў (Цімур Газізаў і іншыя)

19 ліпеня 2021, 17:56
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці новых палітвязняў (Цімур Газізаў і іншыя)

На фота: Цімур Газізаў

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 19 ліпеня 2021 г.

У сувязі з інфармацыяй аб затрыманні, прад'яўленні абвінавачванняў і заключэнні пад варту па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Юліі Гарачка, Яўгена Бабака, Цімура Газізава, а таксама аб вынясенні прысудаў па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі"), ч. 1 арт. 342 КК Аляксандру Юрчыку, Івану Пацейчуку (непаўнагадовы), Максіму Імхавіку (непаўнагадовы), Андрэю Тарасаўцу, Уладзіміру Мацюху, Вячаславу Яльніцкаму, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Юлію Гарачка, Яўгена Бабака, Цімура Газізава, Аляксандра Юрчыка, Івана Пацейчука, Максіма Імхавіка, Андрэя Тарасаўца, Уладзіміра Мацюха, Вячаслава Яльніцкага і спыніць іх крымінальны пераслед.

  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Глядзiце таксама

Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным
27 сакавіка 2024, 08:25
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным
Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Ігара Карнея з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова.
Патрабуем рэабілітацыі 20 былых палітычных зняволеных (Аляксандр Якута і іншыя)
23 сакавіка 2024, 12:49
Патрабуем рэабілітацыі 20 былых палітычных зняволеных (Аляксандр Якута і іншыя)
У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Яраслаў Вердыш і іншыя)
21 сакавіка 2024, 12:07
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Яраслаў Вердыш і іншыя)
Мы заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Аляксандра Піскунова, Яраслава Вердыша, Аляксандра Яўціхава, Дзмітрыя Гута, Яўгена Тоўсціка, Аляксандра Паліўкі, Паўла Кунцэвіча, Івана Асіповіча з'яўляецца палітычна матываваным.
Заява праваабаронцаў з нагоды аблавы на адвакатаў
21 сакавіка 2024, 09:51
Заява праваабаронцаў з нагоды аблавы на адвакатаў
28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні адвакатаў. Дакладная колькасць затрыманых і нагода застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называюць лічбу ў 12 адвакатаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці