Заява «Вясны» ў сувязі з пачаткам «спецыяльнай вытворчасці» і ўзмацненнем абвінавачванняў зняволеных праваабаронцаў

03 кастрычніка 2022, 12:04
Заява «Вясны» ў сувязі з пачаткам «спецыяльнай вытворчасці» і ўзмацненнем абвінавачванняў зняволеных праваабаронцаў

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

30 верасня 2022 г.

У верасні Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь зрабіў істотна больш жорсткім абвінавачванне траім змешчаным пад варту з 14 ліпеня 2021 года праваабаронцам: кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму, сябру Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу, юрысту і каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу. У дачыненні да сябра "Вясны" Змітра Салаўёва, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі пад міжнароднай абаронай, распачалі так званую "спецыяльную вытворчасць", якая прадугледжвае правядзенне папярэдняга расследавання і суда ў адсутнасць абвінавачанага.

Абвінавачванні нашым калегам звязаныя з ажыццяўленнем праваабарончай дзейнасці, аказаннем Праваабарончым цэнтрам "Вясна" дапамогі ахвярам палітычна матываванага пераследу, і сталі вынікам пазбаўлення рэгістрацыі "Вясны" і адмовы ў яе паўторнай рэгістрацыі, якія двойчы расцэнены Камітэтам па правах чалавека ААН як парушэнне права на свабоду аб'яднанняў.

Мы з абурэннем адзначаем, што А. Бяляцкі, В. Стэфановіч, У. Лабковіч больш за год правялі ў зняволенні, без сустрэч і тэлефонных размоваў са сваімі сем'ямі паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, ад якога Следчы камітэт цяпер цалкам адмовіўся.

Таксама мы падкрэсліваем, што Зм. Салаўёў стаў ахвярай адвольнага затрымання і наступных катаванняў, а пасля — адвольнага зняволення, жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі ў сувязі з атрыманымі траўмамі ў лютым 2021 года, пасля чаго ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, асцерагаючыся далейшага адвольнага пераследу і адмовы ў правасуддзі.

Чарговы напад на ПЦ "Вясна" з боку таталітарнага рэжыму адбываецца на фоне вынясення прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфе Рабковай і валанцёру "Вясны" Андрэю Чапюку, якія асуджаны да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, а таксама зняволення ў папраўчай калоніі юрыста гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі. Пад адміністратыўным арыштам утрымоўваецца праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун, а таксама праваабаронца Наста Лойка, затрыманая пасля абвяшчэння прысуду па справе М. Рабковай і А. Чапюка.

У сувязі з гэтымі падзеямі Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чарговы раз заяўляе:

ПЦ "Вясна", ажыццяўляючы мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, гэтак і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, выступае катэгарычна супраць любога ціску і пераследу сябраў нашай арганізацыі і іншых праваабаронцаў за ажыццяўленне гэтай дзейнасці, расцэньваючы гэта як палітычна матываваны пераслед.

Мы заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу нашых калег-праваабаронцаў з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі барацьба за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, супраць катаванняў і забароненага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.

Завочная вытворчасць па крымінальных справах канчаткова пазбаўляе абвінавачаных асноватворных правоў, якія адпавядаюць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, у тым ліку права на абарону, закладаючы падставы для вынясення несправядлівага прысуду.

Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка, Уладзіміра Целяпуна і Насту Лойку, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Арыгінал заявы на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
07 ліпеня 2025, 14:21
Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
Разам з дакументатарамі "Вясны" і эксперткай REDRESS Кацяй Равінскай тлумачым, што гэта такое і чаму было важна стварыць такі дакумент цяпер.
«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні
07 ліпеня 2025, 14:17
«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні
24 траўня 2025 году ў Вільні прайшла канферэнцыя «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі».
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
07 ліпеня 2025, 13:33
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
Беларусский Хельсинкский Комитет подготовил обзор тенденций государственной политики в области прав человека за период январь – апрель 2025 года.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
07 ліпеня 2025, 12:42
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
На 15 чэрвеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 159.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці