«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні

07 ліпеня 2025, 14:17
«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні

24 траўня 2025 году ў Вільні прайшла канферэнцыя "Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі", піша "Вясна". На ёй праваабарончая ўстанова "Лекары за праўду і справядлівасць" прадставіла вынікі экспертных даследванняў. Яны засведчылі сістэмную дыскрымінацыю жанчын у зняволенні, у тым ліку праблемы з доступам да медыцынскай дапамогі і парушэнні з боку дзяржавы.

З 2020 па 2025 год у Беларусі не менш 650 жанчын былі прызнаныя палітзняволенымі. Цяпер у краіне не менш 166 палітзняволеных жанчын — гэта 14% ад усёй колькасці палітвязняў, і гэтая лічба расце. У асабліва ўразлівым стане знаходзяцца цяжарныя і сталыя жанчыны, жанчыны з інваліднасцю, тыя, хто перанёс траўмы ці пакутуе на хранічныя захворванні.

Парушэнні правоў жанчын у месцах несвабоды

Юрыст і праваабаронца “Вясны” Павел Сапелка распавёў пра становішча жанчын у беларускай турме і сістэмныя праблемы з правамі чалавека. Ён адзначыў, што беларускія пенітэнцыярныя ўстановы не адпавядаюць міжнародным стандартам і што жаночая турма — гэта не толькі пра абмежаванне волі, але і пра пазбаўленне чалавечай годнасці.

“Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы, — падкрэсліў праваабаронца. — Беларускія законы фармальна ўлічваюць асаблівасці жанчын у зняволенні, але на самой справе — не. Часта нормы для жанчын проста дублююць нормы для мужчын”.

Таму на практыцы жанчыны сутыкаюцца з разлукай з сям’ёй, прымусовай працай, фармальнай медычнай дапамогай, дрэнным харчаваннем, антысанітарыяй.

“Гігіена ў зняволенні — раскоша, — адзначыў праваабаронца. — Жанчыны сутыкаюцца з тым, што іх зневажаюць. Гінеколаг бывае “раз на год” ці ўвогуле не прыходзіць. Каб атрымаць таблетку, трэба чакаць 12 гадзін. Часта жанчыны працуюць больш за 10 гадзін, праца — цяжкая і знясільная. Для ціску адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае ШІЗА”.

Павел Сапелка пералічыў міжнародныя нормы, якія кажуць менавіта пра правы жанчын у зняволенні. Перш за ўсё гэта Бангкокскія правілы ААН, дзе адзначаецца, што жанчынам патрэбны асобны падыход, асабліва калі яны цяжарныя або маюць дзяцей. Згодна з імі, таксама нельга дапускаць адзіночнае зняволенне, здзекі ці гвалт. Асабліва важны пункт у кантэксце сітуацыі ў Беларусі — гэта тое, што Правілы раюць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя меры пакарання замест турмаў, асабліва калі жанчына не здзяйсняла гвалтоўныя злачынствы. Таксама Павел Сапелка ўзгадаў Правілы Нэльсана Мандэлы, Асноўныя пранцыпы абыходжання са зняволенымі, Такійскія правілы.

“Пералічаныя міжнародныя дакументы кажуць простую рэч, — рэзюмаваў Павел. — Жанчыны ў турмах не мусяць пакутваць больш, проста таму што яны жанчыны. Калі жанчына цяжарная, хворая, пакутуе праз наступствы гвалту ці разлукі з дзецьмі — яна мае права на асаблівую абарону. Гэта не прывілей, а права, якое прызнанае ва ўсім свеце”. 

Як аказваецца меддапамога жанчынам у зняволенні?

Беларускія праваабаронцы таксама адзначаюць: у калоніях медычныя агляды — рэдкасць, а кансультацыі лекара трэба дамагацца. Вузкія спецыялісты недасяжныя, а лекі не прымаюць ад родных, нават калі яны неабходныя.

Найчасцей жанчыны скардзяцца на захворванні сэрца, страўніка, лёгкіх, шчытападобнай залозы, анкалогію, цукрыцу, гінекалагічныя праблемы. 

“Часта жанчыны жывуць з болем, баяцца прасіць дапамогі, таму што фельчары хамяць ці адмаўляюць, — гаворыцца ў адным з даследаванняў. — Трапіць да лекара можна толькі праз заяву і шмат месяцаў чакання, лякуюць толькі ў экстрэнных сітуацыях, аднак і тады часта адмаўляюць. Бальнічны ліст атрымаць цяжка, працаваць даводзіцца заўсёды — чысціць снег, цягаць мяшкі, дзяжурць”.

Вядома, што ў гомельскую ПК-4 у ШІЗА кідаюць нават жанчын з эпілепсіяй і анкалогіяй. Медыкі ігнаруюць цяжкія станы, не лечаць нават язвы страўніка. Жанчыны губляюць зрок, слых, валасы, але ім ніхто не дапамагае.

Былая выкладчыца італьянскай мовы ў МДЛУ, дацэнтка Наталля Дуліна на канферэнцыі падкрэсліла, што фізічнае здароўе і псіхіка жанчыны ў няволі падвяргаецца вялікаму выпрабаванню, якое не ўлічваецца грамадствам і законамі краіны. Яна адзначыла, што часта гэта адбываецца з-за палітыкі турэмнай адміністрацыі. Напрыклад, ёй дазволілі перадаць ад сваякоў патрэбныя лекі, якія фельчар выдаваў ёй раз на дзень. Аднак патрэбныя асаблівасці прыёмаў гэтых лекаў не ўлічваліся: трэба было выпіваць іх усе адначасова за раз.

Рэпрадуктыўнае здароўе жанчын

Гінеколаг-анколаг Станіслаў Салавей падняў рэпрадуктыўнага здароўя ў беларускіх турмах. Ён акрэсліў шэраг праблем, з якімі сутыкаюцца жанчыны. Гэта адсутнасць менструацый, балючыя менструацыі без доступа да абязбольваючых, моцныя крывацёкі, якія могуць прывесці да анеміі, запаленчыя захворванні, якія звязаныя з дрэннымі санітарнымі ўмовамі ці немагчымасцю рэгулярна мяняць пракладкі. 

Ён падкрэсліў, што ў зняволенні часам адбываецца “нармалізацыя захворванняў”: тое, што з’яўляецца хваробай, у турме перастае ёй быць. Адпаведна, захворванне ігнаруецца і атрымаць дапамогу практычна немагчыма. Усё гэта ўскладняецца тым, што ў зняволенні няма спецыялістаў і базавай дыягностыкі, рэгулярных аглядаў і адэкватнага лячэння, скаргі ігнаруюцца, і жанчыны застаюцца без дапамогі.

Шмат у якіх установах жанчынам не выдаюць пракладкі, у іх няма доступа да чыстай вады і мыла, няма магчымасці адасобіцца нават падчас менструацыі. У камерах халодна і сыра, бывае цвіль і насякомыя — гэта вельмі ўплывае на здароўе жанчын. Цяжарныя жанчыны не атрымліваюць патрэбнага медычнага назірання, а калі наступаюць роды, то яны адбываюцца ў грамадзянскіх бальніцах пад аховай у зняважлівых умовах.

“На практыцы ў зняволенні жанчыны не могуць рэалізаваць сваё права на дзетанараджэнне, — падкрэсліў Станіслаў Салавей. — Яна не можа самастойна прымаць рашэнні, звязаныя з цяжарнасцю, родамі, мацярынствам, а таксама з адмовай ад нараджэння дзіцяці. Міжнародныя дакументы падкрэсліваюць, што нават ва ўмовах зняволення жанчына не мусіць губляць гэтае права. Жанчына ў зняволенні цалкам залежная ад рашэнняў адміністрацыі ва ўсіх гэтых пытаннях”.

Былая палітзняволеная Вольга Скрашчук распавяла, як стала сведкай аднаго з “аглядаў” жанчыны. У адной з палітзняволеных, з якой Вольга знаходзілася разам у зняволенні ў турме № 8 у Жодзіна, вельмі хутка раслі дабраякасныя пухліны ў грудзях. Гэта было заўважна нават непрафесійным вокам, аднак медычная супрацоўніца прыйшла толькі праз чатыры месяцы пасля скаргаў.

“Калі прыйшла лекар, яна проста прасунула рукі ў “кармушку” і кажа: “Здымайце станік”, — узгадала Вольга. — Дзяўчынка прасунула грудзі ў гэтую дзірачку ў жалезных дзвярах, лекарка памацала і кажа: “Ну так, у вас пухліна, кудысьці трэба везці”.

Аднак вырашэннем праблемы заняліся няхутка. Дзякуючы намаганням сястры жанчыны, яе прывезлі на аперацыю ў бальніцу — канвой складаўся з пяці мужчын, якія вялі дзяўчыну ў кайданках.

“Ручкі ў дзяўчыны былі настолькі тонкія, што ў яе зляталі кайданкі, — распавяла Вольга. — Яны чакалі прыёму ў паліклініцы пяць гадзін. Пасля жанчына распавядала, што ёй было сорамна падчас усяго візіта, бо людзі натуральна звярталі на яе ўвагу і перашэптваліся”.

Псіхалагічныя наступствы турэмнага зняволення

Псіхалагіня Вольга Вялічка акрэсліла псіхалагічныя наступствы зняволення для жанчын, прадставіўшы аналітычны агляд і вынікі анкетавання. Яна падкрэсліла, што жанчыны маюць наступствы як падчас самога зняволення, так і пасля яго — ужо ў эміграцыі.  

Яна апытала 67 жанчын, якія раней прайшлі праз зняволенне. Даследаванне паказала: сярод тых, хто застаўся ў Беларусі, 75 % маюць крытычны ўзровень посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР), у 18 % — умераныя сімптомы, і толькі 7 % — нізкі або адсутны ўзровень ПТСР. Жанчыны адчуваюць страх паўторнага затрымання, пакутуюць ад парушэнняў сну, начных флэшбэкаў, павышанай трывожнасці і раздражняльнасці, сацыяльнай ізаляцыі і суіцыдальных думак. Яны адчуваюць, што “турма не скончылася” — небяспека працягваецца.

Сярод тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь, сітуацыя выглядае інакш: 43 % маюць крытычны ўзровень ПТСР, 36 % — умераны, 21 % — нізкі або нулявы. Іх сімптомы — флэшбэкі, трывожныя сны пра турму і допыты, пачуццё віны за ўцёкі, трывогу пры сустрэчы з паліцыяй ці пры гучных гуках. У некаторых жанчын стан палепшыўся дзякуючы стабільнаму асяроддзю і доступу да псіхалагічнай дапамогі.

Апроч таго, сярод тых, хто застаўся ў Беларусі, 61% маюць высокі ўзровень дэпрэсіі, у 25% — умераныя сімптомы, і толькі 14 % — нізкі або адсутны ўзровень дэпрэсіі. Яны стомленыя, адчуваюць страту будучыні, у іх бываюць суіцыдальныя думкі, адчужанасць. Сярод тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь, сітуацыя выглядае інакш: 31% маюць крытычны ўзровень дэпрэсіі, 36% — умераны, 33% — нізкі або нулявы. Іх сімптомы — трывожнасць, ізаляцыя, цяжкасці адаптацыі, віна за тое, што ўдалося ўцячы.

“Жанчыны, што засталіся ў Беларусі, пакутуюць ад мацнейшай дэпрэсіі і пастаяннага стрэсу — ім бракуе бяспекі і падтрымкі, — рэзюмавала Вольга Вялічка. — Тыя, хто з’ехаў, часткова палепшылі свой стан, але шмат хто ўсё яшчэ змагаюцца з ПТСР, пачуццём віны і ізаляцыяй. Эміграцыя не вырашае ўсіх праблем, таму сталая псіхалагічная падтрымка неабходная ўсім”.

Псіхіятр Уладзімір Пікірэня у сваім даследаванні адзначыў: “Гісторыя з псіхалагічным здароўем жанчын у беларускіх турмах — гэта не пра асобныя выпадкі, гэта сістэмная праблема, дзе фармальныя гарантыі не супадаюць з рэчаіснасцю. Асабліва цяжка тым, хто ўжо прыйшоў у турму з душэўнымі траўмамі, перажыўшы гвалт, разлуку з дзецьмі, дэпрэсію, залежнасць. Змена сітуацыі — гэта не пра праяву “літасці” ці “паслабленне рэжыму”. Гэта пра справядлівасць і чалавечае стаўленне. Ніхто не мусіць пакутваць праз тое, што сістэма не ўмее працаваць з псіхічным здароўем”.

Апроч таго, былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла пра досвед знаходжання ў Навінках, куды яе прывязлі на псіхіятрычную экспертызу. Яна ўзгадала, што харчаванне там было крыху лепшым — часам нават давалі яблыкі, можна было чытаць кніжкі. Праўда, усе яны былі разарваныя і без вокладак — часам людзі выкарыстоўваюць іх для сваіх патрэбаў. У камеры-палаце на акне былі краты, але ў даляглядзе можна бачыць Мінск. У астатнім умовы неспрыяльныя.  Паліна адмаўлялася ад экспертызы, яе не даследавалі, але ўсё адно прызналі здаровай і здольнай несці крымінальную адказнасць. 

Арганізатары зазначаюць, што канферэнцыя стала прасторай падтрымкі і салідарнасці, дзе жаночы голас — асабісты і экспертны — быў пачуты. Дыскусіі і пытанні ўдзельнікаў паказалі: тэма жанчын у турмах — гэта не маргінальная праблема, а люстэрка сістэмы, у якой правы чалавека парушаюцца штодня. 


Падрабязна пра даследаванні можна прачытаць у зборніку экспертных артыкулаў, якія апублікавала праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
07 ліпеня 2025, 14:21
Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
Разам з дакументатарамі "Вясны" і эксперткай REDRESS Кацяй Равінскай тлумачым, што гэта такое і чаму было важна стварыць такі дакумент цяпер.
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
07 ліпеня 2025, 13:33
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
Беларусский Хельсинкский Комитет подготовил обзор тенденций государственной политики в области прав человека за период январь – апрель 2025 года.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
07 ліпеня 2025, 12:42
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
На 15 чэрвеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 159.
У беларускіх палітвязняў з’явіліся новыя «хросныя» з Нідэрландаў, Латвіі ды Германіі
26 чэрвеня 2025, 13:49
У беларускіх палітвязняў з’явіліся новыя «хросныя» з Нідэрландаў, Латвіі ды Германіі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Іса Кахраман, Юргіс Клоціньш і Канстанцін фон Нотц узялі на сябе сімвалічнае "шэфства" над беларускімі палітвязнямі Дзмітрыем Слуком, Генрыхам (Генадзем) Акалатовічам і Людмілай Чэкінай.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці