У лютым і сакавіку 2025 года у Вільні і Варшаве прайшлі дзьве сустрэчы, прысвечаныя Прынцыпам дзейнасці беларускіх праваабаронцаў. Сустрэчы ініцыяваў і арганізаваў Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Прынцыпы былі прынятыя на IV Праваабарончым форуме ў кастрычніку 2017 года. Перад тым іх распрацоўвала група экспертаў-праваабаронцаў, а ў абмеркаванні ўзялі ўдзел каля 70 праваабаронцаў з усёй Беларусі. Прынцыпы – гэта звод этычных і прафесійных прынцыпаў, якія вызначаюць патрабаванні да праваабаронцы і яго дзейнасці. Прынцыпы ствараліся не як юрыдычны дакумент, а як этычны арыентыр, які мусіць дапамачы супольнасці заставацца ўнутрана згуртаванай, дзейнічаць прафесійна, без палітызацыі, захоўваючы адданасць каштоўнасцям правоў чалавека.
Падрабязней пра Прынцыпы, іх гісторыю, як далучыцца і спіс арганізацыяў, якія падтрымалі Прынцыпы, чытайце на сайце БДПЧ.
У 2020 годзе абставіны дзейнасці беларускіх праваабаронцаў радыкальна змяніліся. Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, якія раней былі спарадычнымі і кропкавымі, ад жніўня 2020 года набылі масавы характар і ўзмацніліся. Пераслед актывістаў і праваабаронцаў прывёў да таго, што праваабарончая супольнасць вымушана пакінула Беларусь і працягнула дзейнасць за мяжой, у розных краінах. Да таго ж, да супольнасці далучылася шмат новых пэрсонаў і арганізацыяў, паўсталых пасля 2020 года; яны не ўдзельнічалі ў абмеркаванні і зацвярджэнні Прынцыпаў у 2017 годзе і раней.
За гады, якія мінулі ад жніўня-2020, паўстала шмат пытанняў датычна Прынцыпаў: напрыклад, ці аднолькава іх разумеюць праваабаронцы? Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава выступіў ініцыятарам вялікай дыскусіі ў праваабарончай супольнасці.
Да ўдзелу ў сустрэчах былі запрошаныя ўсе: і тыя, чыя дзейнасць прыпала на перыяд паўстання беларускай праваабарончай супольнасці ў час пратэстаў канца 90-х, і тыя, хто пачаў дзейнічаць зусім нядаўна.
Пра гэта расказала каардынатарка стратэгічнага накірунка БДПЧ: “Узмацненне патэнцыяла” М.С.
Абмеркаванне пачалося з вызначэння таго, што праваабаронцы разумеюць пад “узаемадзеяннем з дзяржавай”, ці ўсе аднолькава ўяўляюць сабе, з чаго складаецца гэты працэс. Абмяркоўвалі, што “ўзаемадзеянне” – гэта не спрыянне дзяржаве, не супраца з ёй і не падтрымка. Частка праваабаронцаў трымаецца меркавання, што “узаемадзеянне” азначае не болей, чым звароты да дзяржавы, хадайніцтвы і скаргі; частка праваабаронцаў уважае недапушчальным нават такое ўзаемадзеянне.
Сярод Прынцыпаў пад пунктам 4 пазначаныя празрыстасць і адкрытасць. Але як гэта спалучаецца з бяспекай праваабаронцаў і тых, каму яны дапамагаюць? На сустрэчах абмяркоўвалі, як праваабаронцам дзейнічаць, захоўваючы патрабаванні бяспекі; таксама абмяркоўвалі і празрыстасць дзейнасці ў самім сектары, каб патрабаванні бяспекі не былі прыкрыццём для злоўжыванняў.
На абедзьвюх сустрэчах, і ў Вільні, і ў Варшаве, удзельнікі ўздымалі тэму “падтрымкі “сваіх”. Гэта было сфармулявана наступным чынам: праваабаронцы ладзяць гучныя кампаніі, у тым ліку – міжнародныя, ў падтрымку палітвязняў-праваабаронцаў, журналісты – журналістаў-палітвязняў; але ці этычна гэта ў дачыненні да сотняў іншых палітвязняў? Ці адпавядае гэта Прынцыпам – калі палітвязні, якія не належаць да арганізаванай супольнасці, не атрымліваюць аналагічнай падтрымкі?
На сустрэчах праваабаронцы ўздымалі пытанне: калі арганізацыя, якая падпісала Прынцыпы, не выконвае іх – ці пацягне гэта нейкія санкцыі? Які механізм можа забяспечыць выкананне Прынцыпаў? Або праваабарончая супольнасць павінна самарэгулявацца, бо нікога не магчыма прымусіць да выканання Прынцыпаў. Таксама абмяркоўвалі і саму працэдуру падпісання – ці павінная яна застацца дэкларатыўнай, як цяпер, або патрабуе ўдасканальвання.
Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава прыводзіць у гэтым артыкуле толькі асноўныя пытанні, якія абмяркоўвалі праваабаронцы. На сустрэчах гучала шмат іншых тэмаў. Напрыклад, калі супольнасці становяцца вядомымі выпадкі харасмэнту і злоўжыванняў паўнамоцтвамі, ці мусіць супольнасць адрэагаваць нейкім чынам? Што рабіць, калі паміж праваабаронцамі ўзнікаюць канфлікты праз розныя погляды? Ці магчыма стварыць платформу для дыялога супольнасці? Гаворка ішла і пра незалежнасць праваабарончай дзейнасці ад палітычных структураў і дзяржавы, пра выклікі і магчымасці існавання супольнасці ў эміграцыі.
Шмат пытанняў засталіся толькі агучанымі, але не абмеркаванымі, праз брак часу.
Аднак ўжо на гэтым этапе можна адзначыць, паводле словаў каардынатаркі стратэгічнага накірунку “Падвышэнне патэнцыялу” М.С., што ў супольнасці ёсць згода: спіс прынцыпаў з’яўляецца вычарпальным, але існуюць розныя погляды на іх сутнасць. Часам розніца абумоўленая недастатковай абазнанасцю, а часам — адрозненнямі ў падыходах і прынцыповым разуменні. Прынцыпы трэба не мяняць – іх трэба абмяркоўваць, удакладняць значэнне, высвятляць нюансы. Таксама добра было б, для аднолькавага разумення Прынцыпаў усёй супольнасцю, тлумачыць Прынцыпы на прыкладах канкрэтных кейсаў, апісваць прымяненне Прынцыпаў у дзеянні.
“Важна, каб супольнасць сама была зацікаўленая ў падтрымцы Прынцыпаў як арыентыру ў дзейнасці праваабаронцаў. Таму важна падтрымліваць іх актуальнасць у супольнасці” - адзначыла М.С.
БДПЧ плануе падтрымліваць тэму Прынцыпаў у актуальным стане: будуць зладжаныя наступныя сустрэчы; магчыма, прысвечаныя асобным прынцыпам ці тэмам. Таксама БДПЧ працягне публікацыі аб тым, як у праваабарончай супольнасці прасоўваецца дыскусія аб Прынцыпах.
Калі вы жадаеце далучыцца да дыскусіі як праваабаронца – пішыце на адрасе capacity@belhumanrights.house, вы будзеце далучаныя да рассылкі з анонсамі наступных сустрэчаў. Калі вы, як арганізацыя, жадаеце далучыцца да Прынцыпаў, працэдура далучэнння апісаная на старонцы Прынцыпаў.
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава