Патрабуем неадкладнага вызвалення сямі палітычных зняволеных (Аляксей Кудасаў і іншыя)

29 July 2021, 8:56 PM
Патрабуем неадкладнага вызвалення сямі палітычных зняволеных (Аляксей Кудасаў і іншыя)

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

29 ліпеня 2021 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Аляксею Кудасаву, Паўлу Яіцкаму, Уладзіміру Ганчарову, Алене Лысковіч, Вікторыі Лысковіч, Радзівону Кандрацюку, а таксама і па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Віктару Казлоўскаму, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксея Кудасава, Паўла Яіцкага, Уладзіміра Ганчарова, Алену Лысковіч, Вікторыю Лысковіч, Радзівона Кандрацюка, Віктара Казлоўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.

  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Ідэнтычнасць і права;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".

See more news

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
06 February 2024, 6:57 PM
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Артура Голубева, Арцёма Антонава, Алега Зыкуна, Максіма Каранькова, Андрэя Ломшу, Вячаслава Панасюка, Аляксандра Скварцова, Міхаіла Чумакова, Руслан Шукалу, Філіпа Залескага, Вераніку Казак, Генадзя Жукеля і спыніцьіх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні 15 чалавек палітычнымі зняволенымі (Раман Шчарбакоў і іншыя)
30 January 2024, 4:56 PM
Заява аб прызнанні 15 чалавек палітычнымі зняволенымі (Раман Шчарбакоў і іншыя)
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Рамана Шчарбакова, Дзмітрыя Жунусава, Сяргея Зайцава, Дзмітрыя Гуліна, Міхаіла Бабошкі, Паўла Кучынскага, Уладзіміра Мазурава, Ігара Казубава, Надзеі Лапцёнак, Алега Кацапава, Яўгена Емяльянава, Дзмітрыя Сінюты, Аляксандра Яшкіна, Паўла Яраша, Генрыха (Генадзя) Акалатовіча – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ганна Крук і іншыя)
24 January 2024, 7:58 PM
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ганна Крук і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ганну Крук, Пятра Патаповіча, Алену Патаповіч, Уладзіслава Федаровіча, Вадзіма Чараўко і спыніць іх крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў (Павел Голаў і іншыя)
24 January 2024, 5:57 PM
Патрабуем рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў (Павел Голаў і іншыя)
Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей: Павел Голаў, Захар Яноўскі, Мацвей Бяляй, Дзмітрый Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандр Федарук, Улад Манюк.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці